На мінулым тыдні (22–24 сакавіка) Еўрапейскі ўніверсітэт ў Санкт-Пецярбургу праводзіў трохдзённую канферэнцыю маладых навукоўцаў «Антрапалогія. Фалькларыстыка. Сацыялінгвістыка». Мы папрасілі Аляксандру Чудар, аспірантку Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, расказаць і паказаць, што там было.
– Надзвычайны клопат арганізатараў канферэнцыі аб яе ўдзельніках адчуваўся ва ўсім – ад падрабязных інструкцый аб тым, дзе знайсці ўніверсітэт і як дабрацца да хостэла, да ўліку пажаданняў наконт харчавання, дапамогі з падрыхтоўкай матэрыялаў, неабходных для выступлення, і нават прысмакаў ля аўдыторыі, каб кожны мог падсілкавацца перад пагружэннем у навуку.
Хостэл, які быў забраніраваны для ўдзельнікаў загадзя, быў… тыповым піцерскім хостэлам у так званым абшарпана-моладзевым стылі. Маленькія пакоі, што, як вагон метро ў гадзіну пік, заўсёды даюць магчымасць адчуць, што ты не адзін у гэтым свеце, хочацца табе гэтага ці не. Безлімітная гарбата – сапраўдная мара, але безлімітныя патокі людзей на кухні вымушаюць падумаць, ці не марыў ты аб чым-небудзь яшчэ.
Канферэнцыя пачалася з прывітальнага слова рэктара ўніверсітэта Іллі Уладзіміравіча Уцехіна. Асноўная частка дакладаў у першы дзень была прысвечана рэлігіязнаўству: удзельнікі расказвалі аб жыцці індыйскіх джынаў, распавядалі пра тое, як стаць вядзьмаркай у Расіі, а таксама дзяліліся вопытам выканання практыкаванняў УсеяСветнай Граматы (гл. праграму канферэнцыі). Як адзначае даследчыца, адэпты вераць, што прыняцце паставы, падобнай літары УсеяСветнай Граматы, дазволіць вашаму бiятэрмаядзернаму рэактару (г. зн. целу) звязацца з космасам. Паспрабуйце! Сфатаграфавала сабе малітву «пасля вучобы» з УсеяСветнай Граматы – можа, дысертацыя будзе лягчэй пісацца.
Трэба таксама адзначыць, што пры правядзенні даследаванняў большасць дакладчыкаў выкарыстоўвалі метад уключанага назірання (напрыклад, ездзілі летам на з’езд пад назвай «ВсеЯсветная Грамота Шагает по Планете») – усё дзеля навукі!
Сацыялінгвістычныя і этнаграфічныя даследаванні былі прадстаўлены напрыканцы першага дня, а таксама занялі ўвесь другі дзень канферэнцыі. У аснове большасці дакладаў гэтых тэматычных блокаў – дадзеныя, атрыманыя падчас экспедыцый у розныя куткі Расіі (і не толькі).
Некаторыя даследаванні былі выкананыя на падставе карпусоў тэкстаў – напрыклад, «смачны» даклад пра якуцкі эпас аланхо. Гэта, аднак, далёка не ўсё, чым запомніўся апошні дзень канферэнцыі. У якія выдуманыя краіны гуляюць дзеці? Як ажыццяўляецца рэгуляванне адносін паміж жыхарамі вёскі Пянькова-2? Хто такі псіханаўт? Пешае падарожжа і аўтастоп у ЗША – ці магчыма? Што прадстаўляе сабой нефармальная дзейнасць работнікаў бібліятэкі? Спіс неверагодна захапляльных пытанняў можна працягваць бясконца, таму спыняюся. З тэзісамі дакладаў можна азнаёміцца тут.
Пасля канферэнцыі ўсіх чакаў фуршэт – «віно і садавіна», як кажуць дасведчаныя ўдзельнікі, – дзе таксама абмяркоўваліся розныя пытанні. Галоўным пытаннем, канешне, стала неабходнасць выбраць месца для працягнення навуковых размоў і абмеркавання вынікаў канферэнцыі.
Мой піцерскі знаёмы распавядаў, што Піцер – гэта горад кантрастаў, таму пасля (не вельмі) афіцыйнага фуршэту маладыя навукоўцы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з горадам «знутры» – падсілкаваць не толькі розум, але і цела ў знакамітых піцерскіх ядальнях, дзе партрэт Леніна суседнічае з партрэтам Пуціна (і кандыцыянерам), а мясцовыя хіпстары – з тыповымі наведвальнікамі румачных; дзе падаюць куру з грэчай і ажыццяўляецца прыём па асабістых пытаннях. І вядома, галоўны савецкі звычай – стаянне ў чарзе – тут працуе безадмоўна.
Маладыя навукоўцы вырашылі, што павінны паспрабаваць усё, таму не спыніліся на савецкай атмасферы i працягнулі вечар ў Джамала, які гатуе шаверму (ці шаурму – яшчэ адна лінгвістычная загадка кшталту віцябчан / віцяблян).
Зразумела, культурная праграма гэтым не абмежавалася – Дварцовая плошча, Казанскі сабор, Спас на Крыві і іншыя славутасці таксама ўвайшлі ў наш маршрут. Кантрастнасць, аднак, працягнулася i тут – сур’ёзны этнаграфічны музей (РЭМ) з аднаго боку і зусім ужо несур’ёзны музей па матывах Кнігі рэкордаў Гінэса «Ціцікака» з іншага.
Некалькі фотачак з этнаграфічнага музея:
І некалькі пра культуру маўлення:
І, вядома, не магу не працягнуць трэнд цяперашняга сезону і не паказаць усім піцерскіх коцікаў – на любы густ. Куды ж без іх!
Без усякіх сумненняў прызнаю: канферэнцыя была выдатная. Шмат удзельнікаў паведамілі мне, што яны вяртаюцца сюды (амаль) кожны год. і, відавочна, ёсць на тое прычыны: нягледзячы на холад за вакном, «надвор’е» на канферэнцыі было вельмі цёплым і душэўным, а Еўрапейскі універсітэт у Піцеры стаў месцам, якое хочацца наведаць зноў.