Яшчэ ў XII стагоддзі існавала вёска, на месцы якой у 1201 годзе біскуп Альберт заснаваў горад-крэпасць Рыгу (Rīga). Порт і горад будаваліся ля ракі Рыга, колішнім правым прытоку Даўгавы (пазней рака называлася Рыдзэнэ, Рыдзыня; па-латышску Rīga, Rīdzene, Rīdziņa). З часам рэчка стала часткай гарадской каналізацыі і апынулася пад гарадскім брукам (пад сучаснымі вуліцамі Vaļņu, R. Vagnera, 13. janvāra).

Назва Рыгі ўпершыню згадваецца ў «Хроніцы Генрыха Латвійскага», напісанай у XIII стагоддзі. Аўтар хронікі быў першы, хто выказаў меркаванні наконт паходжання назвы. Нягледзячы на тое, што да станаўлення параўнаўча-гістарычнага метаду і этымалогіі як навукі было яшчэ вельмі далёка, Генрых Латвійскі выказаў даволі разумную думку пра тое, што назва Рыгі можа быць звязана з назвай Рыжскага возера (верагодна, ён меў на ўвазе гавань, якая ўтварылася недалёка ад зліцця рэчкі Рыга з Даўгавай).

Генрых Латвійскі прапанаваў і іншыя версіі паходжання – звязаныя з лацінскім ir-riguus ‘арошаны; балоцісты’ (як вільготнае, шматводнае месца) альбо з ir-rigatus ‘арошаны’ (як арашэнне навакольных плямёнаў святой крыніцай новай веры). Нягледзячы на тое, што супастаўленне балтыйскіх і лацінскіх слоў можа мець сэнс, у дадзеным выпадку можна казаць толькі пра выпадковае гукавое супадзенне.

Пазней з’яўляюцца новыя версіі адносна паходжання назвы Рыгі. Усе яны так ці йначай пастулююць запазычанні з іншых моў – у тым ліку, з фіна-угорскіх (на карысць чаго служыць той факт, што на гэтай тэрыторыі жылі лівы*) і з нямецкай (бо Рыга як горад была заснаваная немцамі).

Найбольш вядомая з гэтых версій – ад назвы для гумна, па-латышску rija, якое было запазычана з фінскай (riihi ‘гумно’), – нібыта назву Рызе дало гумно, што стаяла на беразе Даўгавы. Прыхільнікі гэтай версіі спасылаліся на важную ролю Рыгі ў гандлі паміж Усходам і Захадам, а g замест j тлумачылі нямецкім пасрэдніцтвам. Пры гэтым згадвалася, што ангельскі географ Рышард Гакліт (Richard Hakluyt) называў Рыгу Rie і што нямецкі гісторык Дыяніс Фабрыцый (Dionysius Fabricius) пацвярджаў гэтую версію паходжання.

Можна сустрэць і спробы выводзіць назву Рыгі непасрэдна з земгальскага** ryggoz ‘месца для захавання зерня’, а таксама з рускага рига.

Што да паходжання латышскага rija, земгальскага ryggoz ці рускага рига – факт іх запазычання з фінскай мовы несумненны. Што да самой этымалогіі, то сучасныя лінгвісты схільныя бачыць тут толькі выпадковае гукавое падабенства.

Іншыя версіі запазычання наступныя:

– ад нямецкага die Rige ‘яр, канал, рэчка’ (паводле іншых крыніц, Rige – гэта проста германізаваная назва ракі Рыга);

ад ліўскага ringa ‘пятля’ (па форме гавані/сажалкі/возера, што ўтварала рэчка Рыга);

– ад назвы вострава Руген і ругаў***, якія нібыта мігравалі ў раён сучаснай Рыгі (тут выклікаюць сумненні і факталагічны бок, і фанетычны);

– ад кельцкага Riga, эпітэта бажаства (на падставе кельцкіх тапонімаў Rigomagos, Rigodunon і пад.).

Кельцкая версія паходжання была высунута А. Шахматавым. На яе даволі эмацыйна адказаў латышскі лінгвіст Яніс Эндзэлін у артыкуле 1911 года «Vai Baltijā ir dzīvojuši ķelti?» («Хіба на Балтыцы жылі кельты?»).

Абвяргаючы версію Шахматава, Эндзэлін спасылаецца як на гукавыя законы, так і на гістарычныя факты. Так, кельцкае Rig- – гэта нашчадак праіндаеўрапейскага кораня, які захаваўся ў лацінскім rex, rēgis ‘кароль’ (дарэчы, у “Этымалагічным слоўніку рускай мовы” М. Фасмера ёсць асобны артыкул рига ‘кароль’). Аднак нічога каралеўскага ў Рызе на момант яе заснавання не было – а былі толькі рэчка і пясчаныя ўзгоркі. Да таго ж Рыга была заснаваная немцамі, а не кельтамі.

Эндзэлін прапанаваў балтыйскую версію паходжання Рыгі, і гэтая версія дагэтуль лічыцца найбольш слушнай. Яна ў пэўным сэнсе працягвае версію Генрыха Латвійскага, а менавіта сцвярджае гідранімічнае паходжанне назвы горада ад назвы аднайменнай ракі.

Эндзэлін абапіраецца на гукавыя законы латышскай мовы, паводле якіх Рыга магла ўзнікнуць з ранейшага *Ringa. Ён згадвае, што ў некаторых літоўскіх гаворках Рыгу называюць Рынгай і што ў літоўскай мове ёсць словы з гэтым коранем, у прыватнасці, ringuoti ‘выгінацца, пятляць’. Тады слова Рыга магло б азначаць ‘крывая, выгнутая’.

Сучасныя лінгвісты дадаюць сюды літоўскае ringis ‘звіліна, выгіб’, а таксама літоўскія назвы рэк Ringa, Ringė, Ringys, Ringovė. Такім чынам, назву можна лічыць балтыйскай і, верагодна, куршскай****, паколькі каля царквы Святога Пятра і Домскага сабору былі знойдзены куршскія могілкі XIII стагоддзя.

Гэтая этымалогія мае наступныя перавагі:

– яна абапіраецца на гукавыя законы балтыйскіх моў,

– пацвярджаецца археалагічнымі знаходкамі (куршскія могілкі),

– мае аднакаранёвыя прыклады ў балтыйскай гідраніміцы,

– пацвярджаецца тым фактам, што тапонімы нярэдка ўтвараюцца ад гідронімаў (дарэчы, у Літве ёсць і пасяленні Ringė, Ringovė, Ringiai),

– тлумачыць паходжанне слова, не выходзячы за межы балтыйскіх моў (прыярытэт, згодна з навуковым прынцыпам Брытвы Окама, павінна мець такая этымалогія, якая не звяртаецца да іншых моў, але тлумачыць паходжанне слова ўнутранымі фанетычнымі ці словаўтваральнымі законамі).

На прыкладзе этымалогіі Рыгі можна пазнаёміцца з антыпрынцыпамі этымалогіі:

– этымалогія на падставе выпадковага гукавога падабенства,

– этымалогія на падставе запазычання, якое немагчыма пацвярдзіць гістарычнымі фактамі ці з дапамогай параўнаўча-гістарычнага метаду,

– этымалогія на падставе фактаў, якія нельга праверыць ці пацвердзіць («гумно на беразе Даўгавы», дзейнасць ругаў ці кельтаў).

Ці можна ставіць кропку ў пытанні пра этымалогію слова Рыга? Магчыма, і не. Аднак гідранімічная версія паходжання на сённяшні дзень падаецца самай абгрунтаванай і навуковай.

—————————————————————————————————————

*лівы – малы фіна-ўгорскі народ; ліўская мова – фіна-ўгорская мова (апошні носьбіт памёр у 2013 годзе)

**земгальская мова – адна з мёртвых балтыйскіх моў

***ругі – усходнегерманскае племя эпохі Вялікага перасялення народаў

****куршы – усходнебалтыйскае племя, куршская мова – адна з мёртвых балтыйскіх моў

Кандыдат філалагічных навук, займаецца даследаваннямі і працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, а таксама ў адукацыйным цэнтры «Фрактон». Навуковыя інтарэсы: балтыйскія мовы, індаеўрапейскае мовазнаўства, эксперыментальная лінгвістыка, псіхалінгвістыка.

Дадаць каментар