Таццяна Рамза

Мы ўжо не аднойчы звярталі ўвагу шаноўных чытачоў на цікавыя публікацыі дацэнта БДУ Таццяны Расціславаўны Рамзы. Гл., напрыклад, “Словазлучэнне ў сінтаксісе беларускай мовы” і “Калі беларуская мова будзе вывучацца ў Кембрыджы?”.

Рады прапанаваць новы артыкул Т. Р. Рамзы «Гутарковая беларуская літаратурная мова», сёлета надрукаваны ў “Весніку Беларускага дзяржаўнага ўніверітэта”.



Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Серыя 4. Філалогія, Журналістыка, Педагогіка. 2011. № 1. С. 37–40.



ГУТАРКОВАЯ БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ МОВА

(аб суадносінах паняццяў «унармаванне мовы» і «моўная кадыфікацыя»)

Разговорная белорусская речь носителей литературного языка рассматривается как речевой стандарт, имеющий свой узус, что и является нормой, хотя и некодифицированной, литературного белорусского языка в его устной разновидности.
Conversational speech Belarusian literary language media rightly regarded as the standard speech, which is the uncodified norm literary Belarusian language in its spoken varieties.


Факт, што «літаратурная беларуская вусная мова ў сваёй гутарковай форме значнага месца ў моўных зносінах людзей не займае» (Падлужны [1989] 1997, 19), не сведчыць, аднак, пра нязначнасць гэтай формы для функцыянавання самой беларускай мовы, як і не ёсць падставай адмовіцца ад яе вывучэння, наадварот, такі моўны феномен заслугоўвае скрупулёзнага даследавання і апісання. На гэта ўказваў яшчэ А.Я. Супрун пры ўкладанні частотнага слоўніка гутарковай мовы: «Беларускае вуснае маўленне вывучана яшчэ ў зусім недастатковым аб’ёме» і «гэта – спецыяльная задача, вырашэнне якой, безумоўна, асабліва патрэбна ў святле ажыўлення грамадскай цікавасці да пашырэння функцый беларускай мовы» (Супрун 1989, 3). І нават пры пэўным згортванні такой цікавасці акрэсленая задача застаецца актуальнай.

  • 1. Гутарковае маўленне як лінгвістычны тэрмін. У беларускамоўным лінгвістычным дыскурсе бракуе агульнапрынятага тэрміна для намінацыі феномена паўсядзённага маўлення носьбітаў літаратурнай мовы. Спалучэнне гутарковае маўленне ўжываецца больш ці менш рэгулярна, але, як правіла, атаясамліваецца (несвядома ці свядома) з паняццем вусная форма беларускай мовы, напрыклад: «Гутарковая мова беларускага народа даследавана ў асноўным як беларуская дыялектная мова і мова вуснапаэтычнай творчасці» (Абабурка 1987, 48), «Беларускае гутарковае маўленне можа быць <…> падзелена на дзве разнавіднасці: вусны варыянт літаратурнай мовы і трасянка» (Плотнікаў 2003, 16). Іншыя навукоўцы, канкрэтызуючы аб’ект апісання, выкарыстоўваюць разгорнутыя намінацыі, якія наўрад ці можна назваць тэрмінамі ва ўласным сэнсе гэтага слова, параўн.: «повседневно-разговорная устная речь, которой пользуются говорящие на белорусском литературном языке в беседах неофициального характера, в бытовом общении и домашней обстановке» (Журавский 1973, 28), «літаратурна-гутарковы вусны варыянт беларускай мовы» (Падлужны 1991, 4), «штодзённа-гутарковае маўленне адукаванай часткі гарадскога насельніцтва» (Сямешка 1998, 39) і інш.
  • Не засяроджваючы ўвагі на недахопах ці перавагах такіх спалучэнняў, у якасці альтэрнатывы прапануем тэрмін гутарковае маўленне, аналагамі якому ёсць прынятыя ў рускай і ўкраінскай тэрмінасістэмах разговорная речь і розмовне мовлення. Магчыма, у выніку даследавання феномена беларускага гутарковага маўлення з’явіцца новая тэрміналогія, аднак у гэты момант мэтазгодна прыняць пад увагу досвед, назапашаны ў іншых мовазнаўчых дыскурсах. Зазначым, што гэтае спалучэнне не фіксуе ніводны беларускі слоўнік лінгвістычных тэрмінаў, акрамя перакладнога (гл. Русско-белорусский словарь… 1988, 93), як няма яго і ў Слоўніку славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі, дзе пададзены тэрмін размоўная форма літаратурнай мовы. У энцыклапедыі «Беларуская мова» тэрмін гутарковае маўленне выкарыстоўваецца, аднак змест, які яму надаецца, супярэчлівы, параўн.: «Маўленне падзяляецца на літаратурнае і гутарковае (размоўнае). <…> Літаратурнае маўленне – гэта кадыфікаваная разнавіднасць беларускай мовы <…>. Гутарковае маўленне <…> Маўленне некадыфікаванае, аднак яго трэба лічыць унармаванай разнавіднасцю літаратурнай мовы» (Тамашэвіч 1994, 340). Відавочна, што такое пярэчанне (спачатку гутарковае маўленне проціпастаўляецца літаратурнаму, а потым азначаецца як яго від) абумоўлена тэрміналагічнай неўпарадкаванасцю (гл. Рамза 2009).

    Вызначэнне гутарковага маўлення, прапанаванае ў рускай лінгвістыцы А.А. Земскай і прынятае таксама ўкраінскімі навукоўцамі, выбудавана на пазамоўных характарыстыках гэтага феномена: «Різновид літературноï мови, який викаристовуεться в умовах невимушено усного спілкувоння. Це мовлення не підготовлене, спонтанне, що народжуεться в процесі говоріння; воно породжене потребами безпосереднього спілкування двох чи більше осіб і засобом такого спілкування» (Ганич, Олійник 1985, 243).

  • 2. Гутарковае маўленне і кніжныя (кадыфікаваныя) нормы. Калі ідзе гаворка пра гутарковае маўленне як лінгвістычнае паняцце, кніжныя і гутарковыя нормы проціпастаўляюцца па крытэрыі «кадыфікаванае/некадыфікаванае», а не па «літаратурнае/нелітаратурнае». Між тым гістарычны факт, што «літаратурная беларуская мова ў сённяшнім яе выглядзе <…> сфарміравалася ў першую чаргу і галоўным чынам у пісьмовай форме» (Падлужны [1989] 1997, 19), нярэдка дае падставы для механічнага пераносу нормаў кадыфікаванай пісьмовай мовы на яе літаратурны гутарковы варыянт. Паказальны ў гэтым плане факт, што аўтары дапаможнікаў па культуры маўлення тэарэтычна ўказваюць на адрозненне гэтых формаў мовы «на ўсіх узроўнях – фанетычным, марфалагічным, сінтаксічным, фразеалагічным і стылістычным» (Абабурка 1994, 4), аднак фактычна іх атаясамліваюць: «сустракаюцца і разнастайныя парушэнні ўзаконеных (вылучана мною. – Т.Р.) і абавязковых для ўсіх, хто карыстаецца беларускай літаратурнай мовай як афіцыйнай і штодзённа-бытавой, норм» (Тамсама, 70).
  • Так склалася, што жывое гутарковае літаратурнае маўленне (не стылізаванае ў мастацкіх тэкстах і не ўзорнае!) з розных прычын не было прадметам спецыяльных даследаванняў, таму ў беларускамоўнай навуковай літаратуры само гэтае паняцце не «матэрыялізаванае» праз адпаведную тэрміналогію і ў пэўным сэнсе як бы «выпадае» з моўнага дыскурсу, параўн.: «Для літаратурнай мовы характэрны пісьмова замацаваныя нормы» (Бандарэнка 1994, 313), або: «Для таго каб выконваць свае функцыі, літаратурная мова падпарадкоўваецца строгім нормам, якія распрацоўваюцца і абгрунтоўваюцца вучонымі-лінгвістамі. <…> Вусная літаратурная мова рэгламентуецца правіламі арфаэпіі. Яе граматычныя формы, словаўжыванні, сінтаксіс падпарадкоўваюцца тым жа правілам, якім падпарадкоўваецца і пісьмовая мова» (Падлужны 1989[а], 7). У прыведзеных цытатах, відавочна, размова ідзе пра кадыфікаваную літаратурную мову, але атрымліваецца, што сказанае тычыцца і спантаннага гутарковага маўлення.

    Мовазнаўцамі ўжо падкрэслівалася патрэба ў змене навуковага стаўлення да нармалізацыі: «На сучасным этапе развіцця літаратурнай мовы <…> было б мэтазгодна пры вызначэнні і апісанні нормаў зыходзіць не толькі з фактаў, апрабаваных граматыкамі і слоўнікамі, але і са з’яў жывога маўлення <…> вуснага (штодзённае маўленне беларускамоўнай інтэлігенцыі)» (Сямешка 1998, 54). Да механічнага пераносу нормаў у свой час вельмі катэгарычна ставіліся прадстаўнікі Пражскай лінгвістычнай школы: «Невозможно и неправильно принимать какой-либо функциональный язык или функциональный стиль за критерий для оценки других языков и стилей» (Гавранек [1932] 1967, 361).

  • 3. Літаратурная ці стандартная беларуская мова? У беларускім мовазнаўстве тэрмін літаратурная мова замацаваўся, вядома, пад уплывам рускай традыцыі. Аднак змест тэрміна беларуская літаратурная мова зусім не тоесны таму аб’ёму, які «ўмяшчае» ў сябе рускі тэрмін литературный язык. Для пацвярджэння такой думкі дастаткова згадаць неперарыўнасць традыцыі развіцця рускай літаратурнай мовы, розныя перыяды актыўнага і свядомага ўздзеяння на станаўленне яе нормаў, ролю ў гэтым працэсе канкрэтных асоб. Кадыфікаваны ж «узрост» новай беларускай літаратурнай мовы не налічвае яшчэ і поўнага стагоддзя. Гэты аргумент прыводзіцца мною толькі як сведчанне, што тэрміну стандартная мова ў прынцыпе значна прасцей «адаптавацца» на беларускай глебе, бо ён, як лічаць некаторыя навукоўцы, больш «празрысты» і адназначны: не мае таго шлейфу дадатковых сэнсаў як литературный язык адносна рускай мовы (гл. Чердаков 2001, 9).
  • Між тым агульнапрызнаным для беларускай акадэмічнай навукі з’яўляецца тэрмін літаратурная беларуская мова. Пра абсалютную перавагу ў яго ўжыванні сведчыць ужо той факт, што спалучэнне стандартная мова не выкарыстоўваецца ў акадэмічных граматыках і энцыклапедыі «Беларуская мова», як няма яго і ў беларускіх лінгвістычных слоўніках. Не зафіксаваны ён і ў Слоўніку славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі ў дачыненні да ўсходнеславянскіх моў, хаця ў рускую лінгвістыку тэрмін уведзены яшчэ ў 1930-х гг. (гл. Поливанов 1931) і пазней адзначаны ў слоўніку В.С. Ахманавай у якасці сіноніма да литературный язык. І ўсё ж спалучэнне стандартная мова паступова асвойваецца і ў беларускай тэрмінасістэме.

    Для пэўнай часткі беларускіх мовазнаўцаў (гл. Булахаў 1957; Бірыла 1958; Жураўскі 1973; Шакун [1980] (2001); Падлужны [1993] 1997 і інш.), якія канцэнтравалі сваю ўвагу менавіта на вывучэнні ўласна беларускай мовы, выкарыстанне тэрміна літаратурная мова, як можна дапусціць, было прынцыповым і адзіна магчымым. Для другой жа часткі беларускіх лінгвістаў (гл. Супрун 1999; Плотнікаў 2003; Мечковская 2003; Цыхун 2006; Лукашанец 2009 і інш.), даследаванні якіх звязаны і з іншымі славянскімі мовамі, абодва тэрміны – літаратурная мова, стандартная мова – раўнаважныя. Прычым, у адрозненне ад шматлікіх дыскусій аб перавазе выкарыстання аднаго тэрміна перад другім у рускай лінгвістыцы, у навуковых працах беларускіх мовазнаўцаў тэрмін стандартная мова ўжываецца як агульнапрыняты, гэта значыць, як правіла, без ніякіх азначэнняў і каментарыяў. Між тым такія ўдакладненні ў пэўных выпадках былі б дарэчы, бо ў славянскім арэале змест слова стандартны ў дачыненні да мовы набывае свае сэнсы. Возьмем толькі адзін прыклад: «Стандарт (сістэму нормаў) набывае літаратурная мова ў выніку кадыфікацыі» (Клімаў 1999, 135). Адсюль вынікае, што літаратурная мова будзе стандартнай, калі яна кадыфікаваная; тым самым з паняцця літаратурная беларуская мова аўтаматычна выключаецца гутарковае маўленне.

    Атрымліваецца, гутарковае маўленне ў беларускай лінгвістыцы, згодна з традыцыйным падыходам, не выпадае тэрміналагізаваць як літаратурнае, а згодна з інавацыйным – як стандартнае, бо абодва тэрміны прыраўноўваюцца да паняцця «кадыфікаванае». З іншага боку, для вытлумачэння самога феномена беларускага гутарковага маўлення такая замена аднаго тэрміна іншым нічога не дае, калі не змяняецца змест ці яго аб’ём, дакладней, разуменне зместу тэрміна ці яго аб’ёму ў беларускамоўным навуковым дыскурсе.

  • 4. Што ёсць беларускі гутарковы стандарт? Відаць, у беларускім мовазнаўстве мэтазгодна актуалізаваць паняцце «стандарт» у яго прамым сэнсе (англ. Standard = норма, узор, мерка) і разумець беларускі гутарковы стандарт, ці беларускае гутарковае маўленне, як маўленне пэўнай групы адукаваных людзей, што валодаюць нормамі беларускай літаратурнай мовы і выкарыстоўваюць яе ў сваёй штодзённай спантаннай і нязмушанай камунікацыі, параўн.: «Літаратурная мова – гэта свайго роду культурны стандарт, які валодае дастатковым прэстыжам» (Выгонная, Ліхадзіеўская 2001, 11). Цікавы ў гэтым плане падыход славацкага лінгвіста Я. Гарэцкага, які нароўні з кніжнай (кадыфікаванай) формай мовы вылучае стандартную форму, што рэалізуецца пераважна ў гутарковым маўленні: «V standardnej forme národného jazyka sa najčastejšie realizuje hovorené slovo, a to aj preto, že práve hovorený jazyk najmenej podleha inštitučnej starostlivosti, neposkytuje toľko možnosti pre zásahy jazykových redaktorov» (Horecký 1979, 225–226) – «У стандартнай форме нацыянальнай мовы найчасцей рэалізуецца гутарковае маўленне, і гэта таму, што менавіта гутарковая мова менш за ўсё падлягае апекаванню адпаведных устаноў, не дае столькі магчымасцей для ўмяшання моўных рэдактараў».
  • У выніку эксперыментальных даследаванняў узорнага вымаўлення беларускія лінгвісты прыйшлі да падобнай высновы, што змест «паняцця “літаратурная мова” <…> уключае ў сябе ўсе праявы шматлікіх стылістычных адметных рыс і адценняў і ахоплівае ўвесь круг моўных з’яў, якія ўваходзяць у такія паняцці, як “гутарковая мова”, “нейтральнае маўленне”, “поўны стыль”, “узнёслае маўленне” і г. д.» (Садоўскі 1983, с. 100; гл. таксама: Выгонная 1998, 129). Адзначаецца, што ў беларускай літаратурнай мове «гутарковыя формы <…> не з’яўляюцца стылёва зніжанымі» (Выгонная 1991, 13). Да гэтага тэзіса цалкам правамерна аднесці спрашчэнне спалучэнняў зычных з канцавымі санорнымі тыпу: зу[бар], ме[тар], Аляксан[дар], такое «вымаўленне з вакальнымі ўстаўкамі трэба лічыць нарматыўным, бо яно адлюстроўвае жывую тэндэнцыю ў вусным маўленні» (Выгонная 1991, 213; гл. таксама: Садоўскі 1983, 132). Падзяляецца і меркаванне А.І. Падлужнага, што [г] выбухны «варта разглядаць як рэлікт, што паступова знікае, і як гук, што мае часцей за ўсё стылявое значэнне» (Выгонная 1991, 205), бо і ў вядомых выключэннях ён часта вымаўляецца як фрыкатыўны: [γ]узік, [γ]уз, а[γ]рэст, [γ]анак.

    Са сказанага вышэй вынікае, што валодаць літаратурнай мовай – гэта ўмець карыстацца не толькі кадыфікаванымі пісьмовымі нормамі, але і рознымі спосабамі вербалізацыі, аптымальнымі і для яе вуснай гутарковай формы, што пры моўнай сітуацыі ў Беларусі досыць праблематычна. Бар’ер у гаварэнні на роднай мове ўзнікае не толькі праз нежаданне быць адметным, але і праз нежаданне быць смешным: для няўпэўненага ў сваіх ведах носьбіта дамоклавым мячом з’яўляецца ацэнка яго маўлення як «трасянкі», таму ён увогуле не рызыкуе гаварыць па-беларуску. Між тым нормы любой гутарковай мовы «мякчэйшыя» за кадыфікаваныя (гэта прызнаны факт), іншая справа, што сам гутарковы узус у Беларусі не дастаткова пашыраны. «Проблема белорусского и украинского литературных языков не в том, что их стандарты “недемократичны” или “далеки от народа”, а в том, что в условиях многовековой русификации в языках не выработана форма национальной повседневной разговорной речи, т. е. речи некодифицированной, но в то же время отвечающей нормам своего литературного языка» (Мечковская [2005] 2008, 164). Відавочна, што пры адсутнасці масавага ўжывання беларускай літаратурнай мовы немагчыма гаварыць пра яе цалкам усталяваную гутарковую форму і стабільнасць узусу. З іншага боку, нельга адмаўляць і таго, што маўленне нават адносна невялікай групы людзей здольна паўплываць на выпрацоўку і станаўленне такіх нормаў. Наяўнасць кола заангажаваных носьбітаў роднай мовы з’яўляецца «важнейшым элементам умацавання пазіцый беларускай мовы» і менавіта гэта група «вызначае характар самой мовы ў яе вуснай і пісьмовай форме» (Падлужны [1993] 1997, 46). А тое, што гэту групу складае нацыянальна арыентаваная і высокаадукаваная інтэлігенцыя, якраз і дазваляе апрыёры прымаць маўленне такіх людзей за беларускі гутарковы стандарт, што падлягае (па магчымасці) поўнаму і скрупулёзнаму апісанню.

  • 5. Высновы. Адметнасцю мовазнаўчага дыскурсу беларускай акадэмічнай навукі з’яўляецца факт, што шэрагам навукоўцаў літаратурная беларуская мова працягвае ўспрымацца выключна ў якасці мовы кадыфікаванай. У выніку такога падыходу гутарковае маўленне (як вуснае непадрыхтаванае маўленне носьбітаў літаратурнай мовы) застаецца па-за межамі самой літаратурнай мовы. Замена тэрміна літаратурнае маўленне на стандартнае не змяняе сітуацыі, бо і гэты тэрмін атаясамліваецца з паняццем «кадыфікаванае». Надзённай задачай сучаснага беларускага мовазнаўства з’яўляецца прыняцце адэкватнай лінгвістычнай тэрміналогіі, з аднаго боку, і прызнанне нормаў гутарковага маўлення, гэта значыць неатаясамлівання кадыфікаваных нормаў літаратурнай мовы і узусу яе гутарковай формы, – з другога. Першым крокам у гэтым кірунку было эксперыментальнае даследаванне вуснага ўзорнага маўлення ХХ ст., а атрыманыя вынікі (гл. Падлужны 1973, 1989[б]; Садоўскі 1983; Выгонная 1991, 1998) з’яўляюцца надзейным грунтам для вывучэння спантаннага маўлення пачатку ХХІ ст. Сутнасць аналізу гутарковага маўлення, а тым самым і выяўлення гутарковых нормаў не ў перайманні рэкамендацыйна-нарматыўных правілаў апісання кшталту «як трэба» (кніжная норма), а ў канстатацыі таго «як ёсць» (гутарковы узус). «Здаровы сэнс падказвае, што даваць парады, як трэба гаварыць, можна толькі тады, калі дакладна вядома, як гавораць тыя, каго мы ўмоўна прылічваем да носьбітаў літаратурнай мовы, у розных абставінах моўных зносін» (Садоўскі 1983, 99).
  • Літаратура

    Абабурка М.В. Развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры. Мн., 1987.

    Абабурка М.В. Культура беларускай мовы. Мн., 1994.

    Бандарэнка Т.П. Літаратурная мова // Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994. С. 312–314.

    Бірыла М.В. Да пытання аб фарміраванні і важнейшых нормах беларускага літаратурнага вымаўлення // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1958. № 3. С. 165–174.

    Булахаў М.Г. Паняцце літаратурнай мовы // Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Марфалогія. Мн., 1957. С. 5–6.

    Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.

    Выгонная Л.Ц. Беларускае літаратурнае вымаўленне // Najnowsze dzieje językόw słowiańskich: Беларуская мова. Opole, 1998. С. 105–147.

    Выгонная Л.Ц., Ліхадзіеўская Л.А. Статус гутарковай лексікі ў вусным маўленні беларускага радыё і тэлебачання // Беларуская лінгвістыка, 2002. Вып. 52. С. 11–15.

    Гавранек Б. Задачи литературного языка и его культура [1932] // Пражский лингвистический кружок: Сб. ст. М., 1967. С. 338–377.

    Ганич Д.І., Олійник І.С. Словник лінгвістичних термінів. Киïв, 1985.

    Журавский А.И. О некоторых различиях между письменной и разговорной формами белорусского литературного языка // Вопросы языкознания, 1973. № 3. С. 26–36.

    Клімаў І.П. Двухстандартнасць беларускай літаратурнай мовы // Мова – Літаратура – Культура (да 55-годдзя адкрыцця кафедры бел. мовы і літ. БДУ): Матэрыялы Міжнар. навук. канф. (Мінск, 22–23 верасня 1998 г.): У 2 ч. Мн., 1999. Ч. 1. С. 134–137.

    Лукашанец А.А. Беларуская нацыянальная мова на сучасным этапе: сістэма, статус, функцыянаванне // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2009. № 1. С. 107–117.

    Мечковская Н.Б. Типы языковых ситуаций и нормативно-стилистических систем в социальной характерологии славянских языков // Мовазнаўства. Літаратура. Культуралогія. Фалькларыстыка: ХІІІ Міжнар. з’езд славістаў (Любляна, 2003): Дакл. бел. дэлегацыі. Мн., 2003. С. 105–128.

    Мечковская Н.Б. Развитие языковой ситуации в Беларуси ХХ века: дивергенция литературных языков и конвергенция диалектов и просторечия [2005] // Мячкоўская Н.Б. Мовы і культура Беларусі: Нарысы. Мн., 2008. С. 152–167.

    Падлужны А.І. Нормы беларускага літаратурнага вымаўлення // Сучасная беларуская мова (Пытанні культуры мовы). Мн., 1973. С. 5–32.

    Падлужны А.І. Ведаць прычыны заняпаду [1989] // Падлужны А.І. Мова і грамадства: Зб. арт. Мн., 1997. С. 17–22.

    Падлужны А.І. Уводзіны // Фанетыка беларускай літаратурнай мовы/ Мн., 1989Аляксей Яскевіч. С. 3–14.

    Падлужны А.І. Арфаэпія // Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989[б]. С. 314–332.

    Падлужны А.І. Работа над памылкамі 1933-га // Беларуская мова і літаратура ў школе, 1991. № 3. С. 3–6.

    Падлужны А.І. Моўная палітыка пасля прыняцця Закона аб мовах [1993] // Падлужны А.І. Мова і грамадства: Зб. арт. Мн., 1997. С. 34–47.

    Плотнікаў Б.А. Беларуская мова сярод іншых славянскіх моў // Плотнікаў Б.А., Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. Мн., 2003. С. 8–50.

    Поливанов Е.Д. Русский язык как предмет грамматического описания // Поливанов Е.Д. За марксистское языкознание. М., 1931 [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.ruthenia.ru/apr/textes/polivan/poliv2.htm. Дата доступу: 28.09.2010.

    Рамза Т.[P.] Беларускае літаратурнае гутарковае маўленне (да пастаноўкі праблемы) // Acta Albarutheca 9. Literatura, jezyk, kultura: tradycje i nowatorstwo. Warszawa, 2009. С. 263–270.

    Русско-белорусский словарь лингвистических терминов / Ред. Н.В. Бирило, П.В. Стецко. Мн., 1988.

    Садоўскі П.В. Варыятыўнасць зычных у беларускай літаратурнай мове // Фанетыка слова ў беларускай мове. Мн., 1983. С. 99–140.

    Супрун А.Я. Прадмова // Мажэйка Н.С., Супрун А.Я. Частотны слоўнік беларускай мовы: Гутарковая мова. Мн., 1989. С. 3–14.

    Супрун А.Я. Беларуская літаратурная мова: паміж Slavia Ortodoxa i Slavia Latina // Мова – Літаратура – Культура: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. (Мінск, 22–23 верас. 1998 г.): У 2 ч. Мн., 1999. Ч. 1. С. 21–24.

    Сямешка Л.І. Сацыялінгвістычныя аспекты функцыянавання беларускай літаратурнай мовы ў другой палове ХХ ст. // Najnowsze dzieje językόw słowiańskich: Беларуская мова. Opole, 1998. С. 25–54.

    Тамашэвіч Т.І. Мова і маўленне // Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994. С. 339–340.

    Цыхун Г.[А.] Языковая ситуация и смешанные формы речи в Беларуси // Съпоставително езикознание/Сопоставительное языкознание/Contrastive Linguistics. XXXI. 2006. № 1. C. 55–61.

    Чердаков Д.Н. Русский вариант теории литературного языка и его источники // Русский язык конца XVII – начала XIX века (Вопросы изучения и описания): Сб. 2. СПб., 2001. С. 7–37.

    Шакун Л.М. Да тыпалогіі ўсходнеславянскіх моў [1980] // Шакун Л.М. Карані роднай мовы: Выбр. працы па гісторыі бел. мовы. Мн., 2001. С. 111–116.

    Horecký J. Vymedzenie štandardnej formy slovenčiny // Slovenská reč, 1979. Č. 4. S. 221–227.

    Ramza T.R. Belarusian standard spoken language (on the relationship between the concepts of «language norming» and «language codification»)


    Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Серыя 4. Філалогія, Журналістыка, Педагогіка. 2011. № 1. С. 37–40.

    Друкуецца з ласкавай згоды аўтара.

    Лінгвіст, сербіст, працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (кафедра агульнага мовазнаўства). Навуковыя інтарэсы: сербістыка, граматыка, лексікаграфія, камп'ютарная лінгвістыка, методыка выкладання замежнай мовы.

    Дадаць каментар