Гэтым летам корпусныя (і не толькі) лінгвісты з усёй планеты сабраліся ў Кардыфе (Уэльс, Вялікабрытанія), каб распавесці пра свае дасягненні і абмеркаваць далейшы лёс корпуснай навукі на чарговай канферэнцыі CL 2019. Нейкім цудам (і дзякуючы падтрымцы фонду MOST) трапіла на гэтае мерапрыемства і я. І, ведаеце, гэта была лепшая канферэнцыя ў маім (хай яшчэ і не вельмі доўгім) навуковым жыцці.
Пачну з таго, што CL 2019 – самае маштабнае і самае міжнароднае навуковае мерапрыемства, у якім я прымала ўдзел: больш за 400 навукоўцаў з Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Канады, Ірландыі, ЗША, Чэхіі, Германіі, Італіі, Пакістана, Саудаўскай Аравіі і іншых краін стваралі надзвычайна спякотную канферэнцыйную атмасферу (ва ўсіх значэннях гэтага слова). Арганізатары ўсімі сіламі спрабавалі стрымаць навуковы запал! Але нішто не магло спыніць прагных да ведаў даследчыкаў.
У першы, перадканферэнцыйны дзень усе жадаючыя маглі палепшыць свае навыкі корпусных даследаванняў – прыняць удзел у разнастайных варкшопах, прысвечаных пытанням стварэння корпусаў тэкстаў, а таксама аналізу і візуалізацыі корпусных дадзеных. Такога навізуалізавалі!
Пасля ўрачыстага адкрыцця канферэнцыі і вітальнага слова яе галоўнага арганізатара – Дон Найт – на другі дзень пачалася сапраўдная праца. Вынікі сваіх даследаванняў прадставілі як вядомыя спецыялісты ў галіне корпуснай лінгвістыкі, у тым ліку Пол Бэйкер і Тоні Макэнэрі (Ланкастэрскі ўніверсітэт, Вялікабрытанія), Марк Дэвіс (універсітэт Брыгама Янга, ЗША), Дуглас Байбер (універсітэт Паўночнай Арызоны, ЗША), так і пачынаючыя даследчыкі. У сваіх прэзентацыях лінгвісты закраналі самыя надзённыя пытанні:
- Як (на падставе корпусных дадзеных) адрозніць святога ад шызафрэніка?
- Што пішуць пра ЛГБТ-суполку ў нямецкай прэсе?
- Навошта худнець мужчынам і жанчынам у Вялікабрытаніі?
- Як там было з whore у XVII стагоддзі?
Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні мы атрымалі падчас пленарных і секцыйных пасяджэнняў.
(З поўнай праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца вось тут. Пачытаць тэзісы ўдзельнікаў можна ў мабільным дадатку, распрацаваным спецыяльна для канферэнцыі).
А вы ведалі, што самая мужчынская ежа – гэта піва? Магчыма, здагадваліся.
І некалькі слайдаў для аматараў больш сур’ёзнай навукі – тут вам і кантрастыўныя даследаванні чэшскіх лінгвістаў, і анатацыя вуснага падкорпусу BNC 2014 амерыканскімі даследчыкамі, і новы корпус сучаснай валійскай (уэльскай, кімрскай) мовы CorCenCC.
Падчас абмеркавання майго даклада, прысвечанага праблемам і перспектывам корпуснага аналізу фармальных, семантычных і прагматычных характарыстык дымінутываў у нацыянальных разнавіднасцях англійскай мовы, я атрымала каштоўныя рэкамендацыі пра далейшыя напрамкі майго даследавання. Акрамя гэтага, канадска-фінскі калега Антты Арппэ прапанаваў падзяліцца са мной сваімі напрацоўкамі па тэме. Імкненне да адкрытай навукі – цудоўны трэнд.
Прэзентацыі – гэта добра, але неафіцыйная частка канферэнцыі яшчэ лепей. Кожны дзень у шатрах, якія раскінуліся перад уваходам ва ўніверсітэт, адбывалася нешта цікавае. Так, фуршэт (шмат віна і шмат ежы!) пад песні гурта Gentlemen Prefer Blondes змяніўся народнай музыкай у выкананні мясцовага хора Côrdydd, а пасля – гарачымі рытмамі ад The S.O.S. Band, якія прымусілі танчыць нават самых сур’ёзных даследчыкаў.
Аднак навуку нельга забываць ніколі – пад рытмы мясцовай музыкі мы пашыралі і паглыблялі свае веды, гартаючы навінкі навуковай літаратуры.
Нягледзячы на такую насычаную праграму самой канферэнцыі, у мяне ўсё ж такі атрымалася трошкі пазнаёміцца і з горадам – як у рамках арганізаванай супрацоўнікамі ўніверсітэта аўтобуснай экскурсіі, так і падчас не вельмі арганізаваных шпацыраў з іншымі ўдзельнікамі канферэнцыі. Нацыянальны музей і гарадская ратуша, Міленіум-цэнтр, стадыён Principality, кардыфскі замак і парк Б’ют, мясцовы ўрок бачаты і, канешне, фіш энд чыпс – вось што мы змаглі пабачыць у рэжыме вельмі абмежаванага часу.
Ледзь не забылася: чырвоны цмок – сімвал Кардыфа, яго можна знайсці амаль што паўсюль – літаральна на кожным сметніку (і гэта не жарт!). Вось доказы:
Увогуле Кардыф – вельмі душэўны, добры горад. А яшчэ гэта горад птушак – чаек. Дарэчы, чайкі – гэта першае, што ты чуеш ранкам і апошняе ўвечары. Такая вось кардыфская мелодыя.
А канферэнцыя была надзвычайная. Яна ўразіла сваёй нефармальнай, сяброўскай атмасферай, адкрытасцю і імкненнем даследчыкаў дзяліцца сваім досведам (а падчас і сваімі распрацоўкамі) з калегамі. Яна прынесла шэраг новых знаёмстваў і новых думак. Такія мерапрыемствы і людзі, якія туды прыязджаюць, насамрэч натхняюць на далейшую навуковую дзейнасць, хоць бы дзеля таго, каб патрапіць на такую канферэнцыю зноў.
Ready for CL 2021 in Limerick!