Калі хто думае, што навука жыве толькі ў строгіх будынках (былых палацах альбо партыйных дамах – каму як пашанцавала), а навукоўцы размаўляюць адзін з адным з трыбуны і толькі на сур’ёзныя тэмы, – не, не толькі. Адно з вартых увагі выключэнняў – летняя акадэмія ў літоўскім мястэчку Салас, пра якую я і распавяду.
Летняя акадэмія (лінгвістычная школа-канферэнцыя) праходзіць на стыку ліпеня і жніўня. У гэтым годзе яна адбылася 16-ы раз.
Жывуць і працуюць навукоўцы ў маёнтку, які калісьці належаў Радзівілам. Лічыцца, праўда, што яны там ніколі не жылі, а толькі прыязджалі паляваць.
Салас (Salos) з літоўскай мовы перакладаецца “астравы”. Літоўскія памежнікі не ведаюць, што на поўначы Літвы ёсць такі Салас (прынамсці, яшчэ ніводнага, хто б ведаў, я не сустрэла), а дарэмна. Ён цікавы яшчэ і тым, што па сваёй форме з вышыні птушынага палёту нагадвае абрысы Літвы.
Навуковы дзень у акадэміі дзеліцца на дзве часткі: да абеду лекцыі, пасля абеду канферэнцыя.
Усе лекцыі і даклады на ангельскай мове. Ну, а па-за межамі можна пачуць рускую, беларускую (так-так), польскую, літоўскую, латышскую. Для тых, хто любіць паразмаўляць на розных мовах, выдатная магчымасць!
У гэтым годзе лекцыі чыталі Фолькер Гаст (Енскі ўніверсітэт імя Фрыдрыха Шылера) і Эйтан Гросман (Яўрэйскі ўніверсітэт у Іерусаліме). Тэмы лекцый былі, адпаведна: “Падыходы да лінгвістычнай анатацыі сярод моў і мадальнасцяў” і “Уводзіны да фаналагічнай тыпалогіі”.
Тэматыка канферэнцыі традыцыйна не мае абмежаванняў, і гэта цудоўна. Канешне, з улікам вузкай спецыялізацыі сучасных лінгвістаў пры такім падыходзе тэарытычна можна прыехаць з тэмай, якая не знойдзе ніякага водгуку. Але на маёй практыцы такога яшчэ не было. Абмеркаванне – сур’ёзнае, зацікаўленнае і нязменна прыхільнае – было абсалютна пасля кожнага дакладу.
Я расказвала пра неадназначнасць і пра нашую кніжку, якая не так даўно выйшла ў Санкт-Пецярбургу (дарэчы, вось-вось выйдзе другое выданне).
Іншая адметнасць канферэнцыі – даклады працягласцю з лекцыю. Кожны мае дастаткова часу для таго, каб распавесці пра сваё даследаванне,.
І яшчэ адна выдатная рыса – дэмакратычнасць. Каб патрапіць у Салас, неабавязкова быць нават лінгвістам, дастаткова быць проста цікаўным чалавекам.
Удзельнічаць можна і без дакладу. Калі вы зусім стаміліся за акадэмічны год і хочаце проста адпачыць ад універсітэцкай ці іншай мітусні, паблукаць па ваколіцы, пасядзець ля вогнішча, пагутарыць са старымі і новымі сябрамі – можна прыехаць проста так. У Саласе вельмі прыгожа.
Пасля навуковай часткі традыцыйна адбываюцца канцэрты і спектаклі як класічных, так і сучасных напрамкаў.
Канешне ж, на гэтым праграма не заканчваецца.
Акадэмія доўжыцца поўных пяць дзён і дае шмат магчымасцяў, каб з усімі нармальна пагутарыць, падзяліцца поспехамі ці клопатамі, атрымаць падтрымку ці параду. У сэнсе наладжвання сувязяў і абмену вопытам летняя акадэмія пераўзыходзіць любую стандартную канферэнцыю.
Цікавыя – і сур’ёзныя, і вясёлыя – размовы працягваюцца падчас перапынкаў на ежу ці гарбату-каву. Падчас сумесных шпацыроў вакол возера ці нават далей.
Салас – не адзіны былы маёнтак у гэтым рэгіёне. У ваколіцах іх яшчэ 11. Не ва ўсе можна патрапіць, не ўсе ў добрым стане, але кожны па-свойму цікавы.
Лінгвісты не толькі займаюцца навукай, але і ахвотна падарожнічаюць. У заканчэнне колькі здымкаў з паездкі па Літве на адваротным шляху.