У Міжнародны дзень роднай мовы прафесар Генадзь Цыхун распавядае пра шляхі фарміравання рускай і беларускай літаратурных моў, пра словы-новаўтварэнні і слоўнік Александровіча.
— Літаратурныя мовы ўсіх народаў узнікаюць, калі з’яўляюцца пэўныя ўмовы для кансалідацыі народа. Тады паўстае неабходнасць у агульным сродку камунікацыі на абмежаванай тэрыторыі. З гэтага пункту гледжання беларуская і руская мовы адрозніваюцца. Літаратурная мова на голым месцы не ўзнікае. Гэта заўжды працяг пэўнай традыцыі. Руская паступова вырастала з той пісьмовай традыцыі, якая існавала яшчэ ў часы Кіеўскай Русі — старажытнарускай, якая фактычна перанесеная ў сувязі з хрысціянізацыяй усходнеславянскіх зямель ад паўднёвых славян. Старажытнаруская была распаўсюджана і на беларускай тэрыторыі. Але паступова ў нас яна трансфармавалася ў мову царквы. Як вобразна пісаў выдатны мовазнаўца Мікалай Трубяцкі, стараславянская была «прышчэплена» на «дзічку» народнай гаворкі. Паступова ў яе ўваходзілі народныя элементы, а царкоўнаславянскія выціскаліся.
***
— Наша мова ў гэтым плане прайшла падобны шлях. Бо літаратурная ці афіцыйная канцылярская мова, якая была ў Полацкім княстве таксама грунтавалася на стараславянскай традыцыі. Але яна развівалася бліжэй да народа і больш хуткімі тэмпамі. Нарвежскі вучоны Хрысціян Станге напісаў нават дзве кніжкі пра мову Полацкага княства. І назваў яе канцылярскай, бо выкарыстоўвалася яна ў дакументах: дамовах з Рыгай, так званым нямецкім берагам. На нейкім этапе руская і беларуская развіваліся паралельна. Але пасля, калі ўтварылася ВКЛ і ўзнікла канцылярыя, мова на нашай тэрыторыі паступова збліжалася з народнай гаворкай. І на гэта аказала ўплыў другая традыцыя, якая вялася ад лацінскага свету. Таму мова Скарыны ўжо мела шмат элементаў не царкоўнаславянскіх, а значыць была адрознай ад тагачаснай рускай. Больш за тое,
афіцыйная мова ВКЛ стала мовай дыпламатыі, і, як паказаў венгерскі славіст і беларусіст Андраш Золтан, выкарыстоўвалася Масковіяй у яе перапісцы з Заходняй Еўропай.
***
— Калі мы гаворым пра новую беларускую літаратурную мову, трэба адрозніваць яе ад старабеларускай, што ўжывалася ў ВКЛ да ХVІІ стагоддзя. Пад ціскам паланізацыі яна адступіла. А ўжо новая беларуская літаратурная мова створана цалкам на народнай аснове ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У традыцыі, якая назіраецца і ў іншых славянаў, калі за аснову бяруць цалкам народную гаворку, як гэта зрабіў сербскі рэфарматар Вук Караджыч. І элементаў старой, царкоўнаславянскай, традыцыі ў такіх мовах вельмі мала.
Таму і ўзнікаюць праблемы пры перакладзе некаторых царкоўнаславянскіх слоў, бо ў нашай мове няма дакладных адпаведнікаў таго ж стылёвага ўзроўню.
Развіццё дыктуецца ўмовамі, у якіх народ апынуўся. Для беларусаў і рускіх яны былі рознымі.
***
— У народнай мове не заўжды існуюць словы для выражэння нейкіх абстрактных ці новых паняццяў. Як правіла, яны тады калькуюцца ці запазычваюцца з іншых моў. Напрыклад, слова «ровар» прыйшло разам з самой рэаліяй. Але паралельна могуць ужывацца сваё слова і запазычанне. Так, існуюць мовазнаўца і лінгвіст. Паміж гэтымі словамі адбываецца пэўнае размеркаванне. Чалавек сам вызначае калі і якое з іх выкарыстаць. Але ёсць запазычанні, што не маюць сваіх адпаведнікаў. Я нічога страшнага не бачу ў тым, калі нехта прыдумаў новае слова і ўжывае яго.
І ў мове, як і ў жыцці, павінна быць пэўная канкурэнцыя.
Штучнае прыдумванне слоў выклікае часам пратэст. Але каб мова мела поўную сферу ўжытку, то людзі самі б выбіралі якое слова выкарыстоўваць. А абмежаванае існаванне не дазваляе нармальнаму развіццю. Наверх у выніку выйдзе тое, што найбольш адпавядае сістэме мовы. Гэта выбар.
***
— Чаму мы крытыкуем «Руска-беларускі слоўнік» 1937 года пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча? Пад ціскам палітычных і ідэалагічных фактараў быў створаны слоўнік, у якім звычайна аднаму рускаму слову адпавядала адно беларускае. І гэта дрэнна. Такое дакладнае супадзенне значэнняў сустракаецца толькі ў тэрміналогіі. Слову з адной мовы ў іншай могуць адпавядаць два-тры і наадварот. У гэтым слоўніку была фактычна ліквідавана беларуская сінанімія.
Калі мовы так накладваюцца, то знікае неабходнасць у адной з іх.
Прымітывізацыя прыводзіць да таго, што мову пачынаюць разумець толькі як сродак перадачы інфармацыі, сродак зносін. А ў яе шмат функцый. Найперш, гэта перадача ад пакалення да пакалення шматвяковага вопыту народа. Можна сказаць, што ў кожным слове адлюстравалася часцінка яго погляду на свет, ці, як кажуць навукоўцы, уласцівая гэтаму народу карціна свету.
Запісаў Кастусь Матушыч. 12:50, 21 лютага 2010
Перадрукавана з газеты “Наша ніва”.