Сёння – Міжнародны дзень роднай мовы. Яго адзначаюць у розных краінах.
На гэтую тэму прафесар Н. Б. Мячкоўская выступае на “Тутбай”.
20 гадоў мінула пасля распаду СССР. Былыя савецкія рэспублікі сталі суверэннымі дзяржавамі, у жыцці якіх за гэты час шмат чаго змянілася. Напярэдадні міжнароднага Дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага, TUT.BY даведаўся, як пачуваюцца тытульныя мовы ў былых савецкіх рэспубліках.
З просьбай прааналізаваць моўнае пытанне ў колішніх суседзяў па СССР мы звярнуліся да доктара філалагічных навук, прафесара Белдзяржуніверсітэта Ніны МЯЧКОЎСКАЙ — вядомага ў СНД і далёкім замежжы спецыяліста па нацыянальна-моўных адносінах.
“Бачыць у мове прыярытэт нацыянальнага адраджэння — гэта фантазія!”
— Ніна Барысаўна, у якіх краінах пасля распаду СССР стан нацыянальнай мовы змяніўся найбольш і дзе найменш?
— Ва ўсіх новых незалежных дзяржавах, што ўзніклі пасля распаду СССР, за выключэннем Беларусі, зменшылася прысутнасць рускай мовы. Найперш таму, што паўсюль (у тым ліку і ў Беларусі) вярхоўная ўлада перастала быць саюзнай (маскоўскай, крамлёўскай).
У дзяржавах Цэнтральнай Азіі, Казахстане, а таксама ў Закаўказзі да скарачэння прысутнасці рускай мовы прывёў масавы, шматмільённы зыход рускамоўнага насельніцтва. Аднак у кожнай краіне ў гэтых рэгіёнах нацыянальна-моўная сітуацыя мае свае рэзкія асаблівасці.
Адна рэч — Казахстан і Кыргызстан (хоць і тут дзве розныя карціны). Іншая справа — найбяднейшы ў СНД Таджыкістан. Асобны выпадак — Узбекістан з Ташкентам, пра які ў 1980-х спявалі “Сияй, Ташкент, звезда Востока” і які дагэтуль застаецца горадам студэнтаў, а прэзідэнт Узбекістана (былы першы сакратар ЦК Кампартыі) заўважна лепш гаворыць па-руску, чым па-узбекску…
Што да адтоку рускамоўнага насельніцтва, то з Грузіі, Арменіі і Азербайджана не з’язджалі меней, але там і за саветамі працэнт рускамоўных быў значна меншы, чым у рэспубліках Цэнтральнай Азіі і ў Казахстане. З краін Балтыі рускамоўныя амаль не з’язджалі (апроч сем’яў некаторых адстаўных афіцэраў). Пагромаў там не асцерагаліся, а ў такім разе хто ж паедзе з наседжанага месца, дзе ўзровень жыцця і побытавай культуры вышэй, чым у Расіі?
З Украіны і Беларусі рускамоўныя таксама не з’язджалі, а наадварот: даўнія перасяленцы ў Казахстан або Кіргізію вярталіся на землі сваіх дзядоў.
— Ці ва ўсіх маладых незалежных краінах мова была прыярытэтам нацыянальнага адраджэння?
— Вядома, не. Гэта фантазія — бачыць у мове прыярытэт нацыянальнага адраджэння. Галоўная задача нацыянальнага руху — стварыць сваю дзяржаву і быць гаспадаром у сваёй хаце, працаваць на сябе, а не дзядзьку-імперца, якому ўвесь час нешта трэба ці то на Кубе з Афрыкай, ці то яшчэ дзе. Дамагчыся рэальнага, гэта значыць, эканамічнага суверэнітэту — уключыцца ў сістэму міжнароднага падзелу працы і быць плацежаздольным партнёрам. Тады і нас будуць паважаць. Гэта і ёсць суверэнітэт.
“Руская не затрымаецца ў Цэнтральнай Азіі”
— У якіх з краін СНД моўнае пытанне сёння стаіць найбольш востра?
— У падтэксце вашага пытання бачыцца супрацьпастаўленне рускай і нярускіх моў. Аднак у рэальнасці ў СНД моўны канфлікт можа быць звязаны зусім не з рускай мовай. Наогул сур’ёзны канфлікт, што дайшоў да кровапраліцця, толькі на паверхні здаецца моўным, а па сутнасці ён мае нацыянальны або рэлігійна-нацыянальны характар.
Так было, напрыклад, у кіргізаў — і пры распадзе СССР, і падчас каляровых рэвалюцый, калі ў 2005-м зрынулі першага прэзідэнта, а праз пяць гадоў — другога. Кіргізы складаюць 71% насельніцтва краіны. Другі па колькасці народ — узбекі, таксама не прышлае, а карэннае насельніцтва краіны. Іх больш за 14%. Абодва народы вызнаюць іслам, але ўзбекі, у адрозненне ад кіргізаў, больш радыкальныя мусульмане. З часу падзення СССР і пры ўсіх наступных пераваротах супрацьстаянне кіргізаў і ўзбекаў абвастралася да пагромаў і ўзброеных сутыкненняў са шматлікімі ахвярамі.
Рускамоўныя ў Кіргізіі складаюць менш за 9%, але сама руская мова здаўна выкарыстоўвалася тут як зразумелая ўсім мова-пасярэдніца, бо дыялекты кіргізскай настолькі разышліся, што цяпер малазразумелыя. Да таго ж каля 7% насельніцтва Кыргызстана — гэта яшчэ некалькі разнамоўных народнасцяў, у тым ліку такіх далёкіх для кіргізаў і ўзбекаў па мове, як дунгане ці карэйцы.
З улікам пасрэдніцкай ролі рускай мовы, а з іншага боку, каб утрымаць ад эміграцыі рускамоўнае насельніцтва (як правіла, гэта спецыялісты), у 2001 годзе ў Канстытуцыі Кыргызстана рускай быў нададзены статус афіцыйнай мовы.
Дадам, што ў гісторыі моўных сітуацый у былых калоніях падобная пасрэдніцкая роля рускай мовы і яе нейтральнасць ў міжэтнічных канфліктах не сюрпрыз. З распадам сусветнай каланіяльнай сістэмы ў большасці ранейшых калоній (а гэта, як правіла, краіны з многімі этнасамі і мовамі) пасля сыходу каланізатараў іх мовы (ангельская, іспанская, французская, партугальская) не толькі захаваліся, але і сталі выкарыстоўвацца больш шырока і больш “добраахвотна”, чым пры каланізатарах. У непазбежных міжэтнічных трэннях перавага былых каланіяльных моў выявілася ў іх “нічыйнасці”.
Падкрэслю, што кажу толькі пра сённяшнюю запатрабаванасць рускай мовы ў Цэнтральнай Азіі ў якасці нейтральнай пасярэдніцы ў міжнацыянальных зносінах. Аднак не варта думаць, што яна застанецца там надоўга, як ангельская ў Індыі, французская ў Конга (у тым, дзе сталіца Бразавіль) або ў Тунісе, альбо іспанская ў Мексіцы ці партугальская ў Бразіліі.
“Чым менш рускамоўных, тым спакайней сітуацыя”
— Дзе ж моўных праблем зусім няма?
— Поўнага штылю нідзе няма. Але ў дачыненні да рускай мовы назіраецца наступная заканамернасць. Чым меншы працэнт рускамоўных, тым спакайней сітуацыя, і наадварот.
У тым жа Кыргызстане рускамоўных 9%, і шанцаў доўга канкураваць з кіргізскай мовай мала.
“Казах з казахам давайце размаўляць па-казахску”. Шыльда ў санаторыі ў Алма-Аце.
У 16-мільённым і ўнітарным Казахстане іншая карціна. Расійцаў там каля 24%, казахаў — 63%, усяго ж розных народаў больш за 100. Пры гэтым руская з’яўляецца асноўнай мовай для многіх казахаў, а таксама прадстаўнікоў іншых народаў. Калі б не талерантнасць прэзідэнта Назарбаева ў нацыянальнай палітыцы, суперніцтва рускай і казахскай моў магло б быць моцным.
Падобныя адрозненні можна назіраць паміж Літвой і Латвіяй. Літоўская мова ў Літве родная для 80% насельніцтва, а ў Латвіі ўжо рускую лічаць роднай 37,5% насельніцтва. Прычым у двух буйнейшых гарадах краіны (Рызе і Даўгаўпілсе) менавіта руская родная для большасці жыхароў. Адпаведна, у Латвіі востра стаіць нацыянальна-моўнае пытанне. І справа не ў канкрэтным прэзідэнце і ягонай палітыцы, а ў тым, якую сітуацыю ён заспявае. У Латвіі сітуацыя самая праблемная, і гэтаму ёсць гістарычныя прычыны.
Яшчэ савецкія перапісы сведчылі аб трывожным зніжэнні колькасці латышоў датычна ўсяго насельніцтва Латвіі (у адрозненне ад Літвы і Эстоніі). Гэта было звязана з асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублік: у Латвіі было больш буйных партоў, заводаў ваенна-прамысловага комплексу, ваенных баз. У Рызе базаваўся штаб Прыбалтыйскай ваеннай акругі, шэраг ваенных вучэльняў і ВНУ. Вынікам, у паваеннай Латвіі працавалі тысячы людзей, якія прыехалі сюды з розных рэгіёнаў Саюзу.
Пасля распаду СССР рускамоўнае насельніцтва Латвіі застаецца не толькі шматлікім, але і сацыяльна паспяховым. Бізнэс Латвіі пераважна рускамоўны. Як выказаўся адзін рыжскі журналіст, ёсць небяспека, што
Акцыя пратэсту рускамоўных у Латвіі. Фота: russkije.lv
капітанамі карабля “Латвія” будуць не латышы. У гэтым палягаюць прычыны канфліктаў што да канкурэнцыі паміж мовамі навучання ў латышскіх рускамоўных школах.
— Моўная палітыка ў якой з былых савецкіх рэспублік была, на ваш погляд, найбольш разумная і паслядоўная?
— Лёгка быць разумным і паслядоўным там, дзе сітуацыя простая. Напрыклад, 98% жыхароў Арменіі — армяне. Гэта самая этнічна аднародная краіна ў СНД. Значна складаней вырашаць нацыянальна-моўныя пытанні ў Грузіі. Там ніколі не было праблем з рускай мовай, бо колькасць расійцаў ніколі не перавышала 1,5%. Але ў грузінаў велізарныя праблемы са сваімі аўтаноміямі (Абхазіяй, Паўднёвай Асеціяй), што і прывяло да некалькіх узброеных канфліктаў.
Таму, калі на Каўказе ліецца кроў, рыжскія мітынгі наконт латышскай або рускай моў на тых ці іншых ўроках здаюцца гульнямі. Насамрэч, канечне, гэта таксама не гульні, проста кардынальна розныя сітуацыі.
“Расійцаў не цікавіць, што робіцца з мовамі ў былых савецкіх рэспубліках”
— У якой з экс-рэспублік СССР моўная сітуацыя найбольш падобная да беларускай?
— Ва Ўкраіне (за выняткам Заходняй Украіны). Ва ўкраінскіх гарадах руская мова пераважае ў паўсядзённых (неафіцыйных) зносінах людзей, у самых папулярных тэлепраграмах і найбольш тыражных газетах, у самых прадаваемых кнігах, у інтэрнэце…
— Кожны крок, накіраваны на развіццё нацыянальнай мовы ў былых савецкіх рэспубліках, успрымаецца Расіяй ды расійцамі як замах на рускую мову і ўціск у правах рускамоўнага насельніцтва. Наколькі справядлівыя падобныя закіды?
— Не трэба перабольшваць. У аграмаднай Расіі большасць рускіх людзей не цікавіць, што робіцца ў былых савецкіх рэспубліках. Ніхто, акрамя прафесіяналаў, не адсочвае моўную сітуацыю ў былых суседзяў па савецкім інтэрнаце.
Дзякаваць Богу (або Гарбачову), разышліся па нацыянальных кватэрах. Так, у рускіх людзей у Расіі ўсё яшчэ моцная імперская свядомасць. Недарма яшчэ Аляксандр ІІ называў рускіх “дзяржаўным народам”. Аднак праз 100 гадоў іншы ўплывовы рускі чалавек, Аляксандр Салжаніцын, заклікаў рускіх людзей заняцца ўладкаваннем уласнага жыцця і дома, а не перабудовай свету. Чым далей, тым ўсё больш рускіх людзей прыходзяць да такіх самых думак.
Часам, праўда, маскоўскія тэлежурналісты пакажуць які-небудзь абсурдысцкі і здзеклівы сюжэцік, кшталту таго, што ва ўкраінскіх школах вучаць не рускай мове, а жаргонам. У пацверджанне дэманструецца старонка падручніка з прыкладамі слоў з арго, але пры гэтым гледачам не паказваюць, што на той жа старонцы аргатызмам супрацьпастаўляюцца правільныя словы.
— Ці можна сцвярджаць, што распад СССР станоўча паўплываў на станаўленне і развіццё нацыянальных моў у былых рэспубліках?
— Канечне, у тым ліку і ў Беларусі. Важна, што руская — гэта больш не мова цэнтральнай, агульнасаюзнай ўлады,
імперыі, у якой мы былі толькі адной з яе “нацыянальных ускраін”. Але ёсць іншыя фактары, важкасць якіх расце на вачах, і якія ва ўсім свеце павялічваюць аб’ём камунікацыі на сусветных мовах (а руская — адна с шасці сусветных моваў). Гэта развіццё інфармацыйных тэхналогій.
Прывяду толькі дзве пары лічбаў што да Беларусі. Напярэдадні развалу СССР 20% кніг, перыёдыкі, тэле- і радыёпраграм ствараліся ў БССР (на беларускай і рускай мовах). Астатнія 80% кантэнту імпартаваліся ў асноўным з Расіі (уключна з расійскімі перакладамі замежнага кантэнту). Сёння, паводле ацэнак стваральніка інтэрнэт-партала TUT.BY Юрыя Зісера, інфармацыя, генераваная ў Байнэце, складае ўсяго 6%. Астатнія 94% — гэта кантэнт, які робіцца ў Расіі ці на Захадзе. Было 20% уласнага кантэнту, а стала 6%. Гэта і ёсць глабалізацыя, хоць, зразумела, яшчэ далёка не ўся.
Моўная факталогія
БАЛТЫЯ
Латвія
Адзіная дзяржаўная мова ў Латвіі — латышская. У савецкія часы, у выніку пераезду ў рэспубліку значнай колькасці расійцаў, руская мова стала роднай больш як для 40% жыхароў рэспублікі. З абвяшчэннем незалежнаасці ў 1991-м быў узяты курс на нацыяналізацыю ва ўсіх сферах, што выклікала вялікія пратэсты нелатышскага насельніцтва. Асабліва негатыўна быў успрыняты перавод школьнай адукацыі на мову тытульнай нацыі (ва ўсіх школах 60% прадметаў мусяць выкладацца па–латышску). У дзяржаўных ВНУ навучанне толькі па-латышску.
З іншага боку, у сямі буйнейшых гарадах Латвіі рускамоўнае насельніцтва складае большасць, што забяспечвае побытавае выкарыстанне рускай мовы. Без яе ведання знайсці працу ў буйных гарадах амаль немагчыма.
Дзяржаўныя органы працуюць на латышскай мове, якая ёсць роднай для 63% насельніцтва, аднак прымаюць заявы і па-руску.
Эстонія
З набыццём незалежнасці ў 1991-м, адзінай дзяржаўнай мовай ў Эстоніі стала эстонская — родная для трох чвэрцяў жыхароў краіны. Другая паводле папулярнасці — руская, яе носьбітамі — каля 25%.
Мова дзяржаўных органаў — эстонская, аднак на пытанне па-руску чыноўнікам рэкамендавана адказваць па-руску. Апроч таго, у муніцыпалітэтах, дзе расійскае насельніцтва складае не менш за палову, дзяржаўныя і мясцовыя ўстановы павінны прадастаўляць афіцыйныя адказы на мове запыту. У краіне таксама ёсць адна акруга, дзе, па сутнасці, другой афіцыйнай мовай ёсць шведская.
Больш за 20% эстонскіх вучняў навучаюцца ў рускамоўных школах. Аднак паводле дзяржаўнай праграмы інтэграцыі, з 2007 года пачаўся паступовы ўвод у іх зварот эстонскай мовы.
Найбуйнейшая газета краіны Postimees выдаецца па-эстонску і па-руску. Тое ж тычыцца і самага папулярнага інтэрнэт-парталу Delfi.ee.
На закіды рускамоўнай меншасці прэзідэнт Эстоніі Томас Ільвес, які нарадзіўся ў Швецыі, а выгадаваўся ў ЗША, адказаў так: “Ёсць 140 мільёнаў чалавек у Расіі, і ўсе яны гавораць па-руску, ёсць адзін мільён эстонцаў, і ёсць адзінае месца ў свеце, дзе вы можаце гаварыць па-эстонску”.
Літва
Літва — адзіная з краінаў Балтыі, якая пазбегла моўнай праблемы ў суверэнныя гады. Напэўна, таму, што ў адрозненне ад Латвіі і Эстоніі, колькасць прыбылых у рэспубліку расійцаў нават за савецкім часам не перавышала 10%. Літоўская мова, родная для 80% жыхароў краіны, адзіная мае статус дзяржаўнай. На ёй працуюць органы ўлады. Самыя папулярныя СМІ таксама літоўскамоўныя.
Апроч літоўскіх, у краіне дзейнічаюць і школы нацменшасцяў (расійскай, польскай, беларускай, габрэйскай). Паказальна, што колькасць навучэнцаў у рускіх школах за апошнія 15 год зменшылася ў тры разы, а самая папулярная замежная мова — ангельская.
Пры гэтым вялікая колькасць турыстаў з Беларусі і Расіі змушае літоўскую сферу абслугоўвання надаваць увагу рускай мове. Менавіта таму апошнім часам сярод маладога пакалення літоўцаў набірае папулярнасць вывучэнне рускай мовы як замежнай.
У шматэтнічнай Вільні нярэдкая з’ява, калі маладзёны са змяшаных сем’яў адначасна валодаюць літоўскай, рускай, польскай і часам беларускай мовамі.
УСХОДНЯЯ ЕЎРОПА
Малдова
Галоўная інтрыга моўнай сітуацыі ў Малдове — у назве мовы тытульнай нацыі, якае мае статус адзінай дзяржаўнай (75,8% насельніцтва лічыць яе роднай і 73,8% выкарыстоўвае як першую). Прынамсі тройчы за гады незалежнасці сённяшняя малдаўская мова мяняла сваю назву ў заканадаўчых актах. Мовазнаўцы перакананыя, што гэта выключна палітычнае пытанне, бо малдаўская і румынская — адна і тая ж мова.
Другая па распаўсюдзе — руская мова, якая ёсць асноўнай для 16% жыхароў краіны. Нягледзячы на тое, што з 2002 года ўсё афіцыйнае справаводства вядзецца па-малдаўску (інтэрнэт-сайты ўсіх дзяржорганаў існуюць у некалькіх мовах), руская захавала статус мовы міжнацыянальных стасункаў. У Малдове працуюць рускамоўныя школы, ёсць рускія групы ў ВНУ. Трэцяя па ўжытку — украінская мова (для 4% жыхароў).
У школьнай адукацыі самая распаўсюджаная замежная мова — французская (52%), якая апярэджвае ангельскую (48%).
Паказальным ёсць выкарыстанне моваў у СМІ. Сярод топ-10 навінавых выданняў у інтэрнэце найбольш на малдаўскай мове. Багата рэсурсаў прадстаўлена ў дзвюх- (малдаўская, руская) ці трохмоўнай (+ ангельская) версіях. Ёсць таксама рускамоўныя СМІ. Характэрна, што амаль усе сайты буйнейшых прадаўцоў паслуг маюць малдаўска- і рускамоўную версіі.
У непрызнанай рэспубліцы Прыднястроўе тры афіцыйныя мовы: руская, малдаўская, украінская.
Украіна
Моўная сітуацыя ва Ўкраіне характарызуецца паняткам “ўсеагульны білінгвізм”: усе валодаюць украінскай і рускай мовамі, выкарыстоўваючы іх у прыблізна роўных прапорцыях.
Традыцыйна ў заходнім, паўночным і цэнтральным рэгіёнах краіны пераважае дзяржаўная ўкраінская мова, на поўдні і ўсходзе — руская. Даныя перапісаў і сацыялагічных апытанняў вельмі розняцца. Больш за 60% жыхароў Украіны лічаць роднай украінскую, больш за 30% — рускую. Што да ўжытку мовы, то тут крыху пераважае руская, якой паслугоўваюцца больш за 50% грамадзян Украіны. Больш за 10% украінцаў размаўляе на суржыку — украінскай “трасянцы”.
Нягледзячы на ўсе высілкі па ўкраінізацыі краіны, руская пераважае ў кнігадрукаванні (больш за 90% прададзеных кніг — на рускай). Усе найбольш аўтарытэтныя друкаваныя СМІ таксама рускамоўныя. Тэлебачанне ў асноўным украінскамоўнае, аднак на шэрагу каналаў корпус праграм транслюецца па-руску (не можа перавышаць 50%). У інтэрнэце большасць найпапулярных рэсурсаў маюць дзвюхмоўныя версіі.
За часам кіравання лідара “памаранчавай рэвалюцыі” Віктара Юшчанкі (2005-2010) Украіна ўзяла выразны курс на нацыяналізацыю ў розных сферах. З прыходам да ўлады Віктара Янкуковіча пачаўся адкат да ранейшай сітуацыі. Гэтак, летась ВНУ дазволілі весці навучанне на замежных мовах (указ прымаўся найперш “пад рускую мову”). Быў адменены абавязковы дубляж імпартных кінафільмаў на ўкраінскую мову. Абавязковы мінімум ужывання ўкраінскай мовы ў тэлеэфіры быў зніжаны з 95% да 75%. Адменена 50%-я квота на трансляцыю ў тэле- і радыёэфіры твораў украінскіх кампазітараў.
ЗАКАЎКАЗЗЕ
Азербайджан
У СССР Азербайджан быў адной з дзвюх саюзных рэспублік, дзе за мовай тытульнай нацыі быў канстытуцыйна замацаваны дзяржаўны статус.
Паводле указу 2002 года “Аб дзяржаўнай мове”, усё справаводства пераводзілася з рускай на азербайджанскую. Сёння яна выкарыстоўваецца як асноўная ва ўсіх сферах жыцця. Больш за 96% жыхароў краіны валодаюць азербайджанскай.
12% ад агульнай колькасці тутэйшых СМІ працуюць на рускай мове. Палова з дзесяці самых папулярных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў апроч азербайджанскай маюць рускамоўную і часам англамоўную версіі. З 2009 года ўсе фільмы і тэлеперадачы на замежных мовах (за выключэннем турэцкай) у абавязковым парадку павінны дублявацца на азербайджанскую.
У Азербайджане дзейнічае каля 300 школ з выкладаннем шэрагу прадметаў на рускай мове, у 19 з іх навучанне вядзецца цалкам па-руску. Агульная колькасць вучняў, якія атрымліваюць адукацыю на рускай мове, сягае 15%, што роўна паказнікам 1990 года.
Арменія
Побач з дзяржаўнай армянскай мовай у краіне даволі шырока гучыць руская, якая, па сутнасці, ёсць другой мовай.
Асноўная мова дзяржаўнага апарату — армянская, але 23% дакуметацыі вядзецца адначасна на дзвюх мовах, а 7% — у асноўным па-руску.
На пачатку 1990-х рускамоўныя школы ў краіне зачынілі, але з цягам часу сітуацыя змянілася, і цяпер дзейнічаюць 46 школ з дзвюхмоўным выкладаннем. Руская мова з’яўляецца абавязковым прадметам і ў малдаўскіх школах, а 94% армян лічаць важным, каб іх дзеці маглі размаўляць па-руску.
На рынку СМІ багата як армянскамоўнай, гэтак і рускамоўнай прадукцыі. Пры тым што большасць выданняў ў інтэрнэце маюць сайты на дзвюх, а найчасцей і на трох мовах (яшчэ і ангельская). Калі на дзяржаўным тэлебачанні пераважая армянская, то на камерцыйных каналах вядоўцы навінаў і запрошаныя эксперты з большай ахвотай размаўляюць па-руску. Большасць фільмаў таксама транслююцца з рускім дубляжам.
Грузія
У Грузіі, як і ў Азербайджане, у савецкую эпоху родная мова тытульнай нацыі была дзяржаўнай. У гады незалежнасці грузінская (родная для 71% насельніцтва) толькі ўмацоўвала свае пазіцыі. Усе органы ўлады і парламент працуюць на дзяржаўнай мове. Гэтаксама як і бальшыня СМІ, сфера паслуг і інш. Пры гэтым 11% жыхароў Грузіі думаюць на мегрэльскай і сванскай мовах, 7% на армянскай, 6% на азербайджанскай. Больш за палову насельніцтва сцвярджае, што свабодна валодае рускай.
На моўны расклад ў краіне паўплываў прыход на пасаду прэзідэнта (2004) “празаходняга” Міхаіла Саакашвілі, наступная канфрантацыя з Расіяй, што скончылася ўзброеным канфліктам (2008). У краіне была спынена трансляцыя расійскіх тэлеканалаў, паказ у кінатэатрах фільмаў, дубляваных на рускую мову. Сёння імпартнае кіно дэманструецца альбо з грузінскім дубляжам, альбо на мове арыгіналу.
Апроч таго, Саакашвілі паставіў задачу, каб праз чатыры гады ўсе маладыя людзі ва ўзросце да 24 год свабодна валодалі ангельскай мовай як найбольш перспектыўнай замежнай. Для гэтага ў Грузію запрасілі некалькі соцень выкладчыкаў ангельскай з Еўропы і Амерыкі, а таксама тысячы англамоўных маладых людзей. У школах ангельскую цяпер вывучаюць з першага класа (раней гэта месца займала руская). Другую замежную мову вучні абавязаныя выбіраць з сёмага класа.
Разам з тым, у краіне па-ранейшаму працуе некалькі дзесяткаў “рускіх” школ і яшчэ больш — з рускамоўнымі сектарамі. Аснова вышэйшай адукацыі грузінскамоўная, аднак апроч абавязковай ангельскай студэнты могуць вывучаць рускую, азербайджанскую і іншыя мовы.
ЦЭНТРАЛЬНАЯ АЗІЯ
Казахстан
Пасля паўтара стагоддзя ўціску з боку рускай мовы адраджэнне казахскай пачалося з закона 1989 года аб яе дзяржаўным статусе. Паводле Канстытуцыі, “нароўні з дзяржаўнай афіцыйна ўжываецца руская мова”.
На пачатку 2000-х кіраўніцтва краіны ўзяло курс на “казахізацыю грамадства”. Калі ў 2000 годзе у школах па-казахску навучалася 50,6% дзяцей, то сёння — 61%. Адпаведныя паказчыкі ў ВНУ падскочылі з 32% да 52%! Таксама некалькі адсоткаў студэнтаў цалкам навучаецца па-ангельску.
Як вынік, за 10 год колькасць грамадзянаў Казахстана, якія валодаюць дзяржаўнай мовай, вырасла з 40 да 70%. Без ведаў дзяржаўнай мовы сёння немагчыма атрымаць адукацыйныя гранты, зрабіць кар’еру ў дзяржустановах, сферы паслуг.
Справаводства ў Казахстане вядзецца на дзвюх мовах, але доля дакументацыі на мове тытульнай нацыі несупынна расце і ўжо дасягнула 60%. На заканадаўчым узроўні разглядаецца магчымасць пераходу з кірылічнага правапісу на лацініцу.
Аднак асноўны аб’ём інфармацыі ў СМІ — на рускай мове. Расійскія фільмы і ТБ-перадачы транслююцца на мове арыгіналу. Праўда, паводле новых паправак у закон, з наступнага года ўсё замежнае кіно будзе дублявацца на казахскую мову.
Што да інтэрнэту, дзвюхмоўныя версіі ў абавязковым парадку маюць толькі рэсурсы дзяржструктур. Казахскую мову падтрымліваюць многія навінавыя парталы, СМІ і інфармацыйных агенцтваў. Пры гэтым усе забаўляльныя і камерцыйныя пляцоўкі існуюць толькі ў рускамоўнай версіі.
Таджыкістан
У Таджыкістане мова тытульнай нацыі стаіць на больш моцных пазіцыях, чым у Казахстане. Руская (родная для 1,5% насельніцтва) з’яўяецца мовай міжнацыянальных зносін.
Дзве з чатырох урадавых агульнанацыянальных газет выходзяць па-таджыкску, адна па-руску і адна па-узбекску. На ТБ пераважае таджыкская, аднак рускамоўныя фільмы дэманструюцца без перакладу.
Школы таджыкскамоўныя. На вывучэнне рускай мовы адводзіцца 8 гадзін у тыдзень, ангельскай — 4 гадзіны. У ВНУ студэнты размеркаваны на дзве групы: у адной усе лекцыі чытаюцца на рускай, у другой — на таджыкскай.
У 2009 годзе ў Таджыкістане быў прыняты новы Закон “Аб дзяржаўнай мове”, у адпаведнасці з якім ўсё справаводства было пераведзена з рускай на таджыкскую.
Кыргызстан
Да 2000 года адзінай дзяржаўнай мовай была кыргызская, руская ж, па сутнасці, мела статус мовы міжнацыянальных зносін. Аднак каб утрымаць адток некарэннага насельніцтва з краіны, кіргізы замацавалі за рускай статус афіцыйнай мовы, якая можа выкарыстоўвацца ў працы органаў улады і ёсць абавязковай для вывучэння ў школах і ВНУ. Пры гэтым, падкрэслім, першасная роля ва ўсіх сферах, падкантрольных дзяржаве, надаецца менавіта кыргызскай.
Што да насельніцтва, паводле розных ацэнак, больш за палову жыхароў Кыргызстана (у асноўным — гарадское насельніцтва) паслугоўваецца рускай мовай, якая да апошняга часу першынствавала ў дзелавых і палітычных стасунках. Пасля рэвалюцыйных падзей апошніх пяці гадоў роля і прэстыж кіргізскай выраслі. Напрыклад, яна стала асноўнай мовай парламенту. Цікава, што няведанне чалавекам дзяржаўнай ці афіцыйнай мовы не ёсць перашкодай: дзяржава забяспечвае адпаведны пераклад уласным коштам.
Туркменістан
Яшчэ ў 1992 годзе Канстытуцыя надала туркменскай мове званне адзінай дзяржаўнай ў краіне.
За часам уладарання Сапармурата Ніязава, больш вядомага як Туркменбашы, Туркменістан узяў курс на скарачэнне ўжытку рускай мовы (роднай для 6-10% жыхароў краіны) ва ўсіх сферах, а таксама ўплыву Расіі. Быў забаронены ўвоз у краіну расійскіх газет і часопісаў, абмежавана (да дзвюх гадзінаў штодня) расійскае тэлевяшчанне, спынена рэтрансляцыя радыёперадачаў. Правапіс туркменскай мовы перавялі з кірыліцы на лацініцу.
Калі ў 2001 годзе ў Туркменістане дзейнічала 49 школ з поўным і 56 з частковым выкладаннем на рускай мове, то сёння на ўсю краіну засталася адна рускамоўная гімназія і некалькі дзесяткаў школ з адным рускамоўным класам у кожнай. У ВНУ выкладанне вядзецца выключна па-туркменску.
Пасля смерці Туркменбашы новы прэзідэнт Гурбангулы Бердымухамедаў распачаў пэўную лібералізацыю, заявіўшы, што ў сістэме адукацыі будзе абавязковым вывучэнне трох моў — туркменскай, рускай і ангельскай.
Для 9% жыхароў Туркменістану родная мова — узбекская.
Узбекістан
Узбекская мова — дзяржаўная, руская — мова міжнацыянальных зносінаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, руская мова — родная для 14% насельніцтва, а свабодна ёй валодаюць больш за палову насельніцтва. Аднак гэта лічба складаецца ў асноўным з жыхароў Ташкента і іншых буйных гарадоў. У Бухары і Самаркандзе, дзе пражываюць даволі шмат таджыкаў (паводле розных даных, ад 5 да 25% ад агульнага насельніцтва), распаўсюджана таджыкская мова.
Афіцыйна амаль усе дзяржорганы вядуць справаводства і прымаюць звароты на абедзвюх мовах. Аднак паказальна, што ўсе дакументы ў апараце прэзідэнта спачатку пішуцца па-руску, а пасля зацвярджэння перакладаюцца на ўзбекскую.
У СМІ мовы ніколі не мяшаюць. Прэса пераважна рускамоўная. Узбекскамоўныя СМІ ў асноўным забаўляльнага характару. Нароўні з ўзбекскамоўнымі ў краіне рэстранслююцца расійскія тэлеканалы. У інтэрнэце суадносіны навінаў на рускай і ўзбекскай — 80 да 20.
Асноўная маса журналістаў думаюць па-руску, таму амаль ўсе навіны спачатку пішуцца па-руску і толькі потым перакладаюцца на ўзбекскую.
Пры прыёме на працу аддаецца перавага тым, хто вучыўся ў рускамоўных школах. Выкладанне на таджыкскай мове ўвогуле забаронена.