Напрыканцы 2017 года стала вядома, што Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, стаў акадэмікам. Гэта вялікі гонар і сімвал прызнання заслуг вучонага. 2 лютага 2018 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручыў дыпломы навукоўцам, у тым ліку А. А. Лукашанцу.
Гуманітарныя навукі, а сярод іх і мовазнаўства, часта ўспрымаюцца як абстрактныя і не звязаныя з жыццём. Калі кажуць аб практычным прымяненні лінгвістыкі, то першымі звычайна ўзгадваюць інфармацыйныя тэхналогіі (машынныя перакладчыкі, пошукавыя сістэмы і г. д.) і выкладанне замежных моў. Аднак ёсць яшчэ адна сфера выкарыстання лінгвістычных ведаў, якая ў той ці іншай ступені ўплывае на паўсядзённае жыццё кожнага жыхара краіны, – гэта моўная палітыка.
У дакладзе пад назвай “Сучасныя праблемы функцыянавання моў у сітуацыі дзяржаўнага двухмоўя” на ІІ З’ездзе вучоных Рэспублікі Беларусь у снежні 2017 г. А. А. Лукашанец вызначыў “першачарговыя задачы гарманізацыі сферы моўнага жыцця беларускага грамадства”. Працытуем іх:
1. Прывядзенне моўнага заканадаўства ў адпаведнасць з прынцыпамі дзяржаўнага двухмоўя. Для гэтага неабходна ўнесці адпаведныя змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” – у адпаведных артыкулах закона выразы “на беларускай або рускай мовах”, “на беларускай і (або) рускай мовах” паслядоўна замяніць выразам “на беларускай і рускай мовах”.
2. Падрыхтоўка, абмеркаванне і прыняцце ўсіх законаў Рэспублікі Беларусь, указаў, пастаноў і іншых заканадаўчых актаў на абедзвюх (беларускай і рускай) дзяржаўных мовах і наданне ім аднолькавай законнай сілы.
3. Забеспячэнне карыстальнікаў поўным камплектам бланкаў і формамі афіцыйных дакументаў, у тым ліку фінансавых, на абедзвюх дзяржаўных мовах.
4. Абавязковая наяўнасць неабходнай інфармацыі на харчовых, спажывецкіх і прамысловых таварах, лекавых прэпаратах, якія распаўсюджваюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на беларускай і рускай мовах.
5. Забеспячэнне ў працэсе атрымання вышэйшай адукацыі належнай беларускамоўнай кампетэнцыі спецыялістаў, асабліва педагагічных кадраў.
6. Увядзенне абавязковага тэсціравання па абедзвюх дзяржаўных мовах пры заканчэнні агульнаадукацыйных устаноў і пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Рэспублікі Беларусь.
Выкананне гэтых мер дазволіць: а) забяспечыць выкананне прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя ў нашай краіне; б) рэалізаваць на практыцы права грамадзяніна на атрыманне інфармацыі на любой дзяржаўнай мове ў двухмоўным грамадстве; в)ажыццявіць магчымасць атрымання адукацыі на любой дзяржаўнай мове; г) павысіць беларускамоўную кампетэнцыю сучаснага беларускага грамадства; д) забяспечыць псіхалагічны камфорт грамадзяніна ў двухмоўным грамадстве; е) сфарміраваць пачуццё гонару асобы і годнасці нацыі; ж) умацаваць прэстыж Рэспублікі Беларусь як прававой дэмакратычнай дзяржавы, якая паспяхова ўключаецца ў еўрапейскую сістэму адукацыі, паважае свае нацыянальныя каштоўнасці і інтэгруецца ў еўрапейскую і сусветную супольнасць, захоўваючы нацыянальную адметнасць.
Наколькі першачарговымі лічыць дзяржава гэтыя задачы, пакажуць практычныя дзеянні. Будзем спадзявацца, што моўнае жыццё нашага грамадства стане больш гарманічным.