14 кастрычніка 2020 г. адбылася закрытая прэм’ера дакументальнага фільма «Гаворкі Беларусі». Прэзентацыя фільма праходзіла на сустрэчы навуковага гуртка «Чалавек і мовы» на базе кафедры агульнага мовазнаўства МДЛУ.
Вадзім Шклярык прадставіў даследаванні, якія праводзіць аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, а таксама распавёў шмат цікавых гісторый з экспедыцый і падзяліўся сваёй любоўю да гаворак Беларусі і іх носьбітаў.
Гэта ўнікальны для Беларусі праект, над якім працавалі прадстаўнікі акадэмічнай навукі (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі) і медыя (Onliner) пры падтрымцы аператара A1.
- Ідэя, тэкст: Вадзім Шклярык.
- Здымкі: Аляксей Марозаў, Аляксей Носаў.
- Мантаж: Аляксей Марозаў.
- Анімацыя: Кірыл Стаселька.
- Голас за кадрам: Андрэй Мар’янаў.
Стваральнікі фільма ставілі перад сабой дзве задачы.
Першая з іх – асветніцкая. Дыялектных запісаў у аўдыя- і нават відэафармаце сёння існуе нямала, але без адпаведнага навуковага каментарыя гэта проста набор файлаў. Лагічна структураваны аўтарамі фільма матэрыял, даступная падача і зразумелыя прыклады, думаецца, будуць запатрабаваны сярод самай рознай аўдыторыі. Другая задача – адукацыйная. Фільм стане выдатным дапаможным матэрыялам для выкладчыкаў па курсе «Беларуская дыялекталогія» ў ВНУ, а таксама для студэнтаў-філолагаў, многія з якіх цяпер не маюць магчымасці выязджаць у дыялекталагічныя экспедыцыі.
Фільм «Гаворкі Беларусі» стаў адным з вынікаў экспедыцый па розных гісторыка-этнаграфічных і дыялектных зонах Беларусі ў другой палове 2019 г. На сайце Onliner у межах праекта «Мова: як гаворыць краіна» выйшла 6 артыкулаў, у якіх паказваецца багацце гаворак Міншчыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Гродзеншчыны, Усходняга і Заходняга Палесся.
У адрозненне ад ролікаў, апублікаваных у гэтых артыкулах, у фільме «Гаворкі Беларусі» вялікая частка хронаметражу адведзена рэплікам і маналогам інфармантаў-старажылаў, з акцэнтам не толькі на лексічныя, але і на фанетычныя і граматычныя асаблівасці мясцовых гаворак. Гэта дазволіла больш поўна і наглядна адлюстраваць тэрытарыяльныя адметнасці беларускай мовы.
Размяшчаем некалькі водгукаў першых гледачоў фільма.
Даволі цікава назіраць за старымі людзьмі, якія расказваюць пра свой побыт і нейкія традыцыі і звычкі. Асабліва, калі яны гавораць быццам і як ты, але ўсё роўна па-свойму. Дзякуючы такім неабыякавым людзям, як стваральнікі фільма, гэтыя людзі назаўсёды застануцца ў нашай гісторыі
І праз дзясяткі год можна будзе дакрануцца да жывой гісторыі Беларусі)
Кацярына Рулеўская, студэнтка 1 курса, факультэта англійскай мовы МДЛУ
Кіно вельмі спадабалася! Уражанне дагэтуль не адпускае)
Хаця, здавалася б, я з гаворкамі добра знаёмая, уразіла менавіта тое, як гэта зроблена. Хачу перагледзець)
Надзея Туроўская, былая аспірантка філфака БДУ, рэдактарка і перакладчыца
… Фільм цікавы, зроблены якасна і зь любоўю. У ім збольшага разгледжаныя толькі лексічныя адрозьненьні дыялектаў на прыкладзе 13 пажылых людзей, але амаль не закранутыя дыялектныя граматычныя формы, што даволі сумна, бо, на маю думку, менавіта граматычныя асаблівасьці найменш вядомыя, хоць і, магчыма, ня ўсім цікавыя. Асобнай увагі заслугоўвае падбор апытаных, бо размовы зь імі часам выглядаюць даволі забаўна (і гэта нязьвязанае зь іх маўленьнем), што дадае калярыту фільму. Акрамя таго гэны твор радуе вочы краявідамі Беларусі, таму эстэтам таксама будзе радасьць глядзець яго. Напрыканцы аўтары фільму паведамілі, што ў будучыні, магчыма, будзе працяг пра беларускія гаворкі па-за Беларусяй, які я ўжо чакаю.
Глеб Леонцьеў, студэнт 1 курса філалагічнага факультэта БДУ
Мне вельмі ўсе спадабалася! Хачу сказаць, што навуковая частка была максімальна зразумелай. Гэта добра) Я, напрыклад, толькі пачала першыя крокі у прафесіі лінгвіста, таму разумець усе словы было для мяне важна, а калі чалавек зусім з другога боку і ён проста зацікавіўся гаворкамі, то таксама зразумее і падтрымае распаўсюджванне кінафільма. Далей хачу сказаць дзякуй здымачнай камандзе. Фільм выйшаў атмасферным і, ну проста, вельмі, вельмі прыгожым. Я, як быццам, пабывала ў вёсцы. Для мяне гэта таксама было важна, таму што ў мяне няма дома ў вёсцы і на яе я магу паглядзець толькі такім спосабам, праз экран тэлевізара. Яшчэ раз дзякуй! Чакаю новыя праекты.
Ганна Кершыс, студэнтка 1 курса факультэта англійскай мовы МДЛУ
Искренняя, нежная, страстная, умная работа. Браво участникам экспедиции и создателям фильма!
Вера Леонтьева, доцент кафедры общего языкознания МГЛУ
Фільм плануецца паказаць у розных кутках Беларусі. Прэзентацыі будуць прымеркаваныя да Дня роднай мовы, які святкуецца ва ўсім свеце 21 лютага. Сачыце за навінамі!
Фатаграфіі Уладзіслава Барысевіча.