Прафесары з Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук ды Варшаўскага ўніверсітэта (сярод якіх Эльжбета Смулкова – знакамітая даследчыца-дыялектолаг дый яшчэ і былы пасол Польшчы ў Беларусі) пасля таго, як прачыталі скандальны артыкул Гусакова і Кавалені пра двухмоўе, накіравалі ім ліст, у якім выразілі сваё стаўленне і да прадмета публікацыі, і да пазіцыі аўтараў, і нават да цяперашняе сітуацыі ў Беларусі.

Мы размяшчаем поўны тэкст звароту нашых польскіх калег з іх згоды.


Акадэміку У. Р. Гусакову і члену-карэспандэнту А. А. Каваленю,
аўтарам артыкула БЕЛОРУССКО-РУССКОЕ ДВУЯЗЫЧИЕ – ИСТОРИЧЕСКИ СЛОЖИВШАЯСЯ ДУХОВНО-КУЛЬТУРНАЯ ЦЕННОСТЬ НАРОДА

Як славісты, якія шмат гадоў займаюцца двухмоўем і Беларуссю, мы рашуча пратэстуем супраць публікацый ідэалагічнага зместу пад выглядам навуковых артыкулаў. Тэкст  БЕЛОРУССКО-РУССКОЕ ДВУЯЗЫЧИЕ – ИСТОРИЧЕСКИ СЛОЖИВШАЯСЯ ДУХОВНО-КУЛЬТУРНАЯ ЦЕННОСТЬ НАРОДА У. Р. Гусакова і А. А. Кавалені, надрукаваны ў томе  Doklady of the National Academy of Sciences of Belarus, 2020, vol. 64, nr 4, рр. 506–512, не адпавядае ніводнаму з крытэрыяў навуковага тэксту, сярод якіх можна назваць: аб’ектыўнасць даследавання, указанне на навуковы метад, які выкарыстоўваецца ў даследаваннях, а таксама бібліяграфія ў галіне сучасных высокаразвітых глабальных даследаванняў білінгвізму. Паколькі гэта не навуковы тэкст, ён не заслугоўвае навуковай палемікі. Менавіта таму наша рэакцыя – пратэст.

Артыкул спадароў прафесараў, які прадстаўляе нацыяналістычную апалогію рускай мовы, не мае нічога супольнага з навуковым поглядам на беларуска-рускае двухмоўе. Ён змяшчае шматлікія гістарычныя скажэнні і маніпуляцыі, фальсіфікуе гісторыю беларуска-расійскіх адносін, замоўчваючы суровую антыбеларускую палітыку расійскага імперыялізму як мінімум з XVIII стагоддзя. Прадстаўлены ў тэксце нацыяналістычны стэрэатып рускай мовы абражае фундаментальныя лінгвістычныя веды, а агульныя звесткі пра беларуска-рускае двухмоўе засланяюць асноўны фактар гэтага двухмоўя – палітычны прывілей рускай мовы за кошт беларускай.

Руская мова не мае патрэбы ні ў абароне, ні ў рэкламе. Ёй карыстаюцца больш за 258 мільёнаў чалавек па ўсім свеце. Гэта адна з моў кангрэса, тады як беларуская мова ўваходзіць у групу выцясняемых моў. Прадстаўленне супярэчлівых фактаў, відавочных кожнаму мовазнаўцу і славісту, кампраметуе членаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Абсалютна недастойнай годнасці навукоўцаў зʼяўляецца насмешлівая крытыка іншых моў – англійскай, італьянскай, нямецкай, французскай і польскай.

У той час, калі беларусы, у поўнай годнасці і мудрасці, мірна змагаюцца за свае чалавечыя правы і перамогу праўды, справядлівасці і сумленнасці на сваёй радзіме, выклікаючы найвышэйшае прызнанне і пашану ва ўсім свеце, такія прапагандысцкія тэксты, як тэкст спадароў прафесараў, выклікаюць не толькі мерытарычны пратэст, але і маральны осуд.

Prof. dr hab. Elżbieta Smułkowa, emerytowany profesor Uniwersytetu Warszawskiego
Prof. dr hab. Anna Zielińska, Instytut Slawistki PAN
Dr hab. Anna Engelking, prof. Instytutu Slawistyki PAN
Dr hab. Ewa Golachowska, prof. Instytutu Slawistyki PAN
Prof. dr hab. Jadwiga Linde-Usiekniewicz, Uniwersytet Warszawski

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

One thought on “Адкрыты ліст вядомых польскіх прафесараў-славістаў білінгваведам з Прэзідыума НАН Беларусі”

Дадаць каментар