У Ліепаі штогод напрыканцы лістападу праходзіць канферэнцыя, прысвечаная вывучэнню слова ў самым шырокім сэнсе. Канферэнцыя міжнародная, з пяццю рабочымі мовамі (латышскай, літоўскай, рускай, ангельскай, нямецкай). Ладзіцца Ліепайскім універсітэтам.
У гэтым годзе атрымалася паўдзельнічаць і мне – з дакладам аб вывучэнні лексічнай неадназначнасці.
Адразу адзначу добрую арганізацыю і дакладнасць. Даклады ішлі адначасова ў чатырох секцыях, пры гэтым мелася на ўвазе, што слухачы могуць пераходзіць паміж секцыямі, таму ўсе даклады пачыналіся роўна па раскладзе, ніводнага адхілення не было.
І, канешне, мне, адзінаму ўдзельніку з Беларусі, было вельмі прыемна падысці да ўваходу ўніверсітэта і ўбачыць вось гэта:
Дарэчы, матэрыялы дакладаў потым публікуюцца у рэцэнзаваным часопісе, які ўваходзіць у базу дадзеных EBSCO.
Даклады дакладамі, але і на мора не схадзіць было нельга. Мне пашанцавала — легендарнага ветру ў дні канферэнцыі не было, а было прыемна і прыгожа.
У лістападзе горад выглядае пустым і таямнічым, але прыхільным.
Толькі чайкі нечым занятыя, нешта абмяркоўваюць, ладзяць свае дыскусіі.
Каты ходзяць па вуліцах. Крумкачы, тэлефаністы, музычныя знакі паўсюль нагадваюць пра вецер і музыку.
А варта толькі падумаць, што ўсё самае цікавае ты ўжо пабачыў, як адкрываецца нейкі новы ракурс ці від. Загадкавыя касцёлы, жывыя дамы і малюнкі.
А яшчэ ў Ліепаі нарадзіўся выбітны індаеўрапеіст і іраніст Л.Г. Герцэнберг. Не ведаю, якой Ліепая была тады, 85 гадоў таму, але напэўна і тады там былі чайкі, каты, выдмы, караблікі, вецер, брукаваныя вулачкі, мора і чароўны спакой.