Станг і Карскі

Старонкі гісторыі беларускага мовазнаўства: Беларусь і Нарвегія, Станг і Карскі, а таксама гістарычныя экскурсы С. Запрудскага, В. Скалабана і Л. Рублеўскай.

Вокладка першага выпуску “Беларусаў” Я. Ф. Карскага з бібліятэкі Хрысціяна Станга.

Christian Schweigaard Stang (1900—1977) – нарвежскі лінгвіст, прафесар Універсітэта Осла, аўтар кніг “Славянскі і балтыйскі дзеяслоў” (Das slavische und baltische Verbum. Oslo, 1942), “Славянская акцэнталогія” (Slavonic accentuation. Oslo, 1957 (1965)), «Параўнальная граматыка балтыйскіх моў” (Vergleichende Grammatik der baltischen Sprachen. Oslo, 1966 (1975)) і інш.

Хрысціян Станг – буйная постаць у параўнальным мовазнаўстве, ён напісаў шэраг важных прац, а для нас ён асабліва важны тым, што пазнаёміў заходнееўрапейскіх навукоўцаў з полілінгвістычнай сітуацыяй у Вялікім Княстве Літоўскім. І сёння ўспыхваюць спрэчкі пра мову гэтай дзяржавы, а пошук ісціны ў іх абцяжараны блытанінай з назвамі моў, дыялектаў, гаворак, народаў і г. д. Я. Ф. Карскі яшчэ ў першым выпуску “Беларусаў” (1904 г.) сцвердзіў, што мова справаводства ў ВКЛ мела беларускую аснову. Ясна, што апаненты маглі абвінаваціць Я. Ф. Карскага ў прадузятасці і лічыць галоўнай мовай Княства царкоўнаславянскую, рускую, польскую і інш. Таму падтрымка нашай мовы з боку нарвежскага навукоўца была вельмі каштоўная.

Х. Станг даследаваў помнікі ВКЛ і падрыхтаваў дзве кнігі пра той перыяд: “Die westrussische Kanzleisprache des Grossfürstentums Litauen” (Oslo, 1935) і “Die altrussische Urkundensprache der Stadt Polozk” (Oslo, 1939). На яго думку, мова грамат ВКЛ зазнала ўплыў валынскага і полацка-смаленскага дыялектаў, а з сярэдзіны ХVІ ст. у справаводстве стала абсалютна дамінаваць віленская гаворка беларускай мовы. Такім чынам, дзякуючы прафесару Х. Стангу прыніжаць значнасць беларускага элемента ў гісторыі ВКЛ стала складаней.

C. S. Stang у “Вікіпедыі”: беларускай, нарвежскай , англійскай.

Артыкул А. І. Жураўскага “Деловая письменность в системе старобелорусского литературного языка // Восточнославянское и общее языкознание. М., 1978. С. 185—191.

Цікава было б даследаваць узаемадачыненні славутых навукоўцаў: Я. Ф. Карскага і Х. Станга.


НЕКАЛЬКІ СПАСЫЛАК НА СУЧАСНЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ ПРА Я. Ф. КАРСКАГА

Рублевская Л., Скалабан В. Околонаучный спор: злополучная командировка профессора Карского. Надрукавана 20.01.06. у газеце «СБ-Беларусь Сегодня».

У 2006—2007 гг. беларусазнаўцаў парадавала “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”, якая перавыдала шматтомнік “Беларусы”. Неўзабаве ў рэцэнзіях былі зроблены пэўныя заўвагі:

Рэцэнзія С. Запрудскага на першы том новага выдання “Беларусаў”:

“Надрукаваны больш за сто гадоў таму першы том фундаментальнай працы Я. Карскага «Беларусы» выдадзены ў заснаванай сёлета серыі «Помнікі гістарычнай думкі»; уласна дадзены том адкрывае гэтую серыю. У рэдакцыйны савет увайшлі некалькі энцыклапедычных і акадэмічных супрацоўнікаў, іх прозвішчы пералічаны ў кнізе, галоўны рэдактар – Генадзь Пашкоў. Аб прынцыпах укладання серыі можна толькі здагадвацца па змешчаным у кнізе кароткім непадпісаным звароце «Да чытача»: мэтай выдання серыі з’яўляецца «вярнуць у шырокі навуковы і паўсядзённы ўжытак найбольш істотныя працы аўтараў, што прысвяцілі свой талент вывучэнню беларускага народа, яго гісторыі і асяроддзя пражывання». У прыватнасці, называюцца імёны «найбольш значных рупліўцаў на ніве беларускай навукі, славянскай духоўнасці» Я.Ф.Карскага, Е.Р.Раманава, М.В.Доўнар-Запольскага, П.В.Шэйна, В.Ю.Ластоўскага, А.П.Сапунова.
Магчыма, аўтар ананімнага зварота не ведае, але спадчына пералічаных асоб нядрэнна-такі зафіксавана ў беларускай гуманітарнай навуцы. Па меры публікацыі серыі можна будзе прасачыць, ці папраўдзе першымі будуць выдадзены ўсе названыя аўтары. Што датычыць Карскага, то з пасляваенных гадоў увага да яго спадчыны была заўсёднай, пра што могуць сведчыць, прыкладам, змешчаныя ў беларускім друку шматлікія артыкулы, апублікаваныя да 90-гадовага (1951), 100-гадовага (1961), 120-гадовага (1981), 125-гадовага (1986) юбілеяў класіка. Другі (мовазнаўчы) том «Беларусаў» быў надрукаваны ў Маскве ў 1955–1956 гг., яго працы па беларускай і іншых славянскіх мовах – у 1962-м годзе. Спецыяльная манаграфія пра Карскага (аўтар – М.Булахаў) выходзіла ў Мінску ў 1981 годзе. Ужо добры дзесятак гадоў у Гродзенскім універсітэце рэгулярна праходзяць Карскія чытанні, на якіх у тым ліку даследуецца спадчына свайго земляка і яе значэнне для нашага часу. Ужо некалькі дзесяцігоддзяў навукоўцы карыстаюцца спадчынай Карскага папраўдзе штодзённа. Выданне твора класіка сёння (накладам 2000 асобнікаў) мела б на ўвазе не столькі «вяртанне», колькі грунтоўнае, на ўзроўні патрабаванняў часу навукова-эдыцыйнае забеспячэнне прац нашага вялікага папярэдніка, без чаго, уласна кажучы, не можа ісці гаворка пры выданні аўтараў падобнага рангу”.

Чытаць далей рэцэнзію С. Запрудскага на першы том новага выдання “Беларусаў” на сайце Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Рэцэнзія В. Скалабана на другі том новага выдання “Беларусаў” :

“Знаёмства з 1-й кнігай 2-га тома (выйшла вельмі хутка пасля выдання першага тома) пачнем з тытула і выходных звестак. Ёсць адрозненні ад афармлення папярэдняга тома. Пазначана, што выданне будзе трохтомнае, у першым томе праз недагляд аб гэтым не паведамлялася. Трэба таксама ўхваліць шляхетнае стаўленне да аўтара прадмовы і каментароў В.М.Курцовай: яе імя чытач знойдзе на адвароце тытула. Але ёсць і навацыі, якія выклікаюць пытанні. Беларуская мова ў афармленні выходных звестак цяпер скарыстана толькі ў знаку серыі і назве выдавецтва (чамусьці без імя Петруся Броўкі). Між тым, прадмова і каментары друкуюцца , як і раней, на беларускай мове. Такі разнабой, мабыць, звязаны з тым, што на выдаўцоў “цісне” зробленыя на рускай мове вокладка і тытул першага тома перавыдадзеных “Беларусаў”, хоць і іх можна было зрабіць на беларускай мове, скарыстаўшы вопыт падрыхтоўкі “Слоўніка беларускай мовы” І.Насовіча.
Даволі спрэчным уяўляецца падзел тамоў на кнігі, а не на традыцыйныя ў дадзеным выпадку выпускі (Том 2, выпуск 1; том 2, выпуск 2 – 3). Выдаўцы наогул выключылі з выходных звестак сам тэрмін “выпуск”, што ўскладняе наступны бібліяграфічны пошук, асабліва суаднясенне з папярэднімі выданнямі. Сумненні ў правільнасці афармлення выходных звестак яшчэ больш узмацняюцца пасля знаёмства з прадмовай, дзе В.М.Курцова гаворыць пра тры выпускі і зрэдку карыстаецца тэрмінам “часткі”, але не згадвае пра падзел тома на кнігі. А сам Я.Карскі ў 1908 г. у прадмове да першага выдання 2-га тома “Беларусаў” пісаў: “Настоящий 1-й выпуск II тома “Белорусов”, кроме нескольких вводных статей, посвящен историческому очерку звуков белорусского языка, 2-й выпуск будет содержать морфологию (словообразование и словоизменение), а 3-й – синтаксис”. Мабыць, выдаўцы пайшлі ўслед за тытулам 1908 г., дзе тэрмін “выпуск” не ўпамінаўся”.

Чытаць далей рэцэнзію В. Скалабана на другі том новага выдання “Беларусаў” на сайце Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Фундаментальную працу Я. Ф. Карскага “Беларусы” можна зацягнуць тут.

Лінгвіст, сербіст, працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (кафедра тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі). Навуковыя інтарэсы: сербістыка, граматыка, лексікаграфія, камп'ютарная лінгвістыка, методыка выкладання замежнай мовы.

Дадаць каментар