У Празе 24–26 верасня праходзіла канферэнцыя «SlaviCorp 2018». Тэмамі канферэнцыі сталі:

  • стварэнне камп’ютарных лінгвістычных рэсурсаў: корпусаў, слоўнікаў, сродкаў разметкі і інш.;
  • корпусныя даследаванні адной ці некалькіх славянскіх моў;
  • выкарыстанне камп’ютарных лінгвістычных рэсурсаў для лексікаграфіі і выкладання славянскіх моў.

Гэта была чарговая канферэнцыя «SlaviСorp», якая праводзіцца на базе еўрапейскіх інстытутаў у розных краінах. Наступная канферэнцыя адбудзецца праз два гады там, дзе была першая, – у Варшаве. На канферэнцыю прыехалі спецыялісты з Чэхіі, Германіі, Расіі, Польшчы, Украіны, ЗША, Харватыі, Швецыі і іншых краін. Дзякуючы падтрымцы фонду «MOST», змаглі паўдзельнічаць і мы. На канферэнцыі мы распавялі, як робім частотны слоўнік беларусізмаў у рускай мове на базе корпусных дадзеных.

Найбольш выступоўцаў было з Чэхіі. Гэта і зразумела: па-першае, канферэнцыя праходзіла там, а па-другое, чэшская корпусная лінгвістыка вельмі развітая. У гэтай галіне ёсць шмат рэсурсаў і даследаванняў, «Нацыянальны корпус чэшскай мовы» адзін з найлепшых у свеце. Чэшскія даследчыкі маюць значныя навуковыя, метадалагічныя і тэхналагічныя дасягненні, аднак аказаліся ніколькі не фанабэрлівымі, а добразычлівымі, ахвотна дзяліліся сваім досведам.

Такія канферэнцыі, як «SlaviCorp 2018», вельмі карысныя, бо развіццё корпуснай лінгвістыкі ідзе вельмі хутка і важна ведаць пра тое, што зараз робіцца ў свеце. З поўным спісам праектаў можна пазнаёміцца ў праграме канферэнцыі, таксама на сайце ёсць і прэзентацыі ўдзельнікаў. Напрыклад, абмяркоўваліся наступныя праекты:

Канешне, беларускім мовазнаўцам давядзецца яшчэ шмат зрабіць у сферы корпуснай лінгвістыкі. Найперш патрэбны паўнавартасны нацыянальны корпус беларускай мовы. І гэта здаецца вырашальнай задачай, бо ўжо ёсць уласныя распрацоўкі, а спецыялісты з іншых дзяржаў гатовы да супрацоўніцтва.

Акрамя прадстаўнікоў навуковых інстытутаў і ВНУ, на канферэнцыю таксама прыехалі ўдзельнікі, якія ўжо не звязаны з акадэмічнымі ўстановамі. Так, Наталля Кацыба і Багдан Маскалеўскі прадставілі сучасную лінгвістычную інфраструктуру для ўкраінскай мовы. У вольны ад асноўнай працы час яны разам з іншымі ўдзельнікамі праекта падрыхтавалі шмат карысных для лінгвістаў інструментаў,  у тым ліку корпус на тры мільярды слоў. Тое, што недзяржаўная арганізацыя ў постсавецкай краіне робіць корпус, – гэта вельмі сімптаматычная з’ява. Грамадзянская супольнасць бярэ ініцыятыву ў свае рукі і стварае якасныя інструменты, на якія ў дзяржаўных устаноў не хапае матывацыі, рэсурсаў ці чагосьці яшчэ.

На працягу канферэнцыі ўдзельнікі інтэнсіўна і зацікаўлена наладжвалі кантакты, абменьваліся думкамі, дзяліліся карыснымі звесткамі пра асаблівасці славянскіх моў, стварэнне і выкарыстанне корпусаў у лінгвістычных, педагагічных, сацыялагічных і іншых даследаваннях. Размовы і прэзентацыі працягваліся і ўвечары.

Канферэнцыя ладзілася ў атмасфернай віле пасярод цудоўнага парка, таму падчас перапынкаў можна было пашпацыраваць з калегамі і паглядзець на ўсходнія адзінаборствы, павывучаць чэшскую мову ці зрабіць фотачкі для справаздачы.

Калі непраграмных дакладаў увечары не было запланавана, можна было атрымаць асалоду ад прыгажосці Прагі і папоўніць калекцыю фотаздымкаў (калі вы не любіце коцікаў, то вось вам і сабачкі).

Але галоўным на гэтай канферэнцыі было тое, што мы пазнаёміліся з цікавымі людзьмі з розных краін. Гэта прафесіяналы, захопленыя сваёй справай. Іх прыклад натхняе на далейшую працу.

Вольга Гарыцкая, Мікіта Супрунчук

 

Лінгвіст, сербіст, працуе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (кафедра тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі). Навуковыя інтарэсы: сербістыка, граматыка, лексікаграфія, камп'ютарная лінгвістыка, методыка выкладання замежнай мовы.

Дадаць каментар