Напярэдадні 3-га ліпеня Інтэрнэт абышлі некаторыя здымкі, якія з поўнай упэўненасцю можна аднесці да катэгорыі “Мова і палітыка“.
Як бачым, Мінгарвыканкам не ў стане наняць кампетэнтнага спецыяліста, каб надрукаваць без памылак святочны плакат, што развешваюць па ўсім горадзе. Усяго пяць (!) словаў — з іх у двух — памылкі. З іх — толькі адну знайшлі і выправілі.
Здымкі, што зафіксавалі гэты абсурдны ляпсус, былі зробленыя і апублікаваныя праз Twitter карыстальнікам grenoli, аднак надпіс “З Днем незалежнасці…”, думаю, пабачыў кожны наш чытач. Напрыклад, трэцяя выява — наш уласны здымак стандартнага плаката ў вітрыне прадуктовай крамы. →
Карані гэтай памылкі лёгка адшукаць — у расейскай мове ўжыванне літары “Ё” збольшага варыяцыйнае. Але, зразумела, у беларускай мове, з асноўным прынцыпам яе графікі — фанетычным, падобная аналогія ўва ўжыванні пісьмовага сімвала ніяк не можа дзейнічаць.
Трохі раней увагу інтэрнэтнай публікі прыцягнуў яшчэ адзін цікавы мінітэкст:
На акцыі “маўклівага супраціву” ў Мінску ў кадры фотакамераў трапілі майкі спецназаўцаў з граматычнай памылкай. Замест “міліцыя” ці “милиция” на іх быў змешчаны надпіс “милицыя”.
— піша Еўрарадыё.
Насамрэч, памылка, натуральна, не граматычная, а арфаграфічная, мушу паправіць выпускніка журфака БДУ Паўла Свярдлова 🙂 — аднак рэч не ў гэтым. Больш цікавая рэакцыя з боку сілавой структуры:
“Безумоўна, усё будзе выпраўлена, — абяцае Еўрарадыё прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі. — Як у выпадку з “ГАІ МІНГОРІСПОЛКОМА” — рускае слова беларускімі літарамі. Але там быў праграмны збой у апаратуры, нашая віна. Але што датычыць надпісу “милицыя” — мы ж не самі робім гэтыя майкі. Уся гэтая форма заказваецца. АМАП тут ні пры чым: што рабіць, калі трэба апранаць майку, а іншай няма?”
Зразумела, узроўні правасвядомасці ў грамадстве могуць быць рознымі. Напрыклад, цяжка ад малога дзіцяці чакаць разумення канстытуцыі. І, натуральна, таксама, што ў людзей можа быць рознае стаўленне да канкрэтных законаў. Але калі афіцыйны прадстаўнік асноўнай дзяржаўнай арганізацыі, якія мусіць назіраць за выкананнем законаў у краіне, дазваляе сабе выказванні кшталту “Хацелася есці — чалавек пайшоў і скраў — ну што тут такога?”, то гэта ўжо нешта значыць.
Людзі пачыталі навіны, паглядзелі фатаграфіі, пасмяяліся: “Ха-ха, глядзіце — непісьменныя міліцыянеры!” Праўда, чамусьці ніхто не заўважыў, што гэта ў якой іншай краіне пісьмовая памылка — гэта проста памылка — дробязь, недарэчнасць. У Рэспубліцы Беларусь ужо хутка будзе год як дзейнічае Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.
Такім чынам, сп. Ластоўскі паведаміў нам, што міліцыянеры парушылі закон не выпадкова: яны заўважылі памылку, але ўсё роўна апранулі кашулькі з няслушным надпісам — такім чынам, зрабілі гэта наўмысна і ў цвярозым розуме. А гэта ўжо абцяжваючыя абставіны правапарушэння.
Цікава таксама, што такое парушэнне закона арганізаванай групай асоб, якое не вядзе да фізічнай або фінансавай шкоды іншым асобам — напрыклад, шпацыр па горадзе ў аднолькавых кашульках (альбо масавае размяшчэнне плакатаў) з надпісамі, якія пярэчаць беларускаму заканадаўству,— гэта фактычна азначэнне паняцця “грамадзянскае непадпарадкаванне“.