18 кастрычніка не стала слыннага мовазнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара Генадзя Апанасавіча Цыхуна (1936–2024). Патрыярх беларускай навукі нечакана пайшоў ад нас. Здаецца, вось толькі што святкавалі яго 85-годдзе…
Навуковец быў поўны ідэй і планаў, рыхтаваў да друку чарговы том «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» і кнігу сваіх артыкулаў, кансультаваў супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і іншых спецыялістаў у Беларусі і далёка за яе межамі. Працы Г. А. Цыхуна звязаны шмат з якімі сферамі філалогіі: славістыка, беларусістыка, этымалогія, сацыялінгвістыка, камп’ютарная лінгвістыка, тэрміналогія, бібліяграфія, этналінгвістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя мовазнаўства, тыпалогія і інш. Ён меў рэдкі дар спалучаць дыяхранічныя і сінхранічныя падыходы да мовы, культуры, адкрываць таямніцы старажытнасці, вырашаць актуальныя пытанні сучаснасці і прадказваць перспектывы.
Генадзь Апанасавіч быў вельмі добразычлівым, высакародным, спагадлівым чалавекам, заўсёды меў час для гутаркі аб працоўных справах ці асабістых жыццёвых клопатах суразмоўцы. Яго постаць застаецца ў сэрцы шматлікіх удзячных вучняў, сяброў, калег.
Смуткуем…
Асноўныя працы Г. А. Цыхуна:
- Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання [Х Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1988. – 40 с.
- Выбраныя працы: беларусістыка, славістыка, арэальная лінгвістыка. – Мінск : РІВШ, 2012. – 370 с. (На нашым сайце даступны фрагмент гэтай кнігі, які ўтрымлівае анатацыю, змест, прадмову, першы раздзел ды выбраную бібліяграфію Г. А. Цыхуна.)
- Міжславянскае моўнае ўзаемадзеянне (сацыякультурны аспект) [ХІІІ Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. – Мінск : Беларускі камітэт славістаў, 2003. – 24 с.
- Прастора мовы. Моўныя сувязі. Гісторыя слоў : выбраныя працы. – Мінск : Беларуская навука, 2018. – 314 с.
- Синтаксис местоименных клитик в южно-славянских языках : балканославянская модель. – Минск : Наука и техника, 1968. – 131 с.
- Славянскія мовы ў святле экалінгвістыкі [XII Міжнародны з’езд славістаў. Даклады]. – Мінск : Беларускі камітэт славістаў, 1998. – 24 с.
- Типологические проблемы балканославянского языкового ареала. – Минск : Наука и техника, 1981. – 230 с.
- Тураўскі слоўнік: у 5 т. / АН БССР, Ін-т мовазнаўства. – Мінск : Навука і тэхніка, 1982–1987. (Г. А. Цыхун быў адным з укладальнікаў усіх пяці тамоў.)
- Тэрміналагічныя слоўнікі (асобныя выданні), 1918–1998 гг. : бібліяграфічны даведнік / [уклад.: Л. Чарняўская, Г. Цыхун ; рэдактар Г. Цыхун]. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2000. – 74, [1] с.
- Штудыі пра «Трасянку» = Studien zur “Trasjanka”. – Oldenburg : BIS, 2013. – XIV, 53 c.
- Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа. – Мінск : Навука і тэхніка, 1968. – 24 с.
- Этымалагічны слоўнік беларускай мовы: у 14 т. (выданне працягваецца) / АН БССР, Ін-т мовазнаўства. – Мінск : Навука і тэхніка, 1978–2017. (Г. А. Цыхун быў адным з укладальнікаў большасці тамоў, а з 11-га тома – яшчэ і галоўным рэдактарам.)
(Фотаздымак узяты з сайта Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.)