У апошнія дні красавіка і на пачатку траўня, пакуль усе нармальныя людзі святкавалі хто Вялікдзень, а хто Першае мая, некаторыя апантаныя навукоўцы (і аматары) накіраваліся ў Маскву на зусім іншае свята. Насамрэч, нават не ў Маскву, а ў невялікі, але чароўны горад Пераслаўль-Залескі. А свята навукі, якое там адбывалася ажно на працягу тыдня, – 19-я Міжнародная школа па фалькларыстыцы і культурнай антрапалогіі, арганізаваная Расійскім дзяржаўным гуманітарным універсітэтам.
Нам, Надзеі Туроўскай і аспірантцы МДЛУ Аляксандры Чудар, пашчасціла прыняць удзел у Школе, уражаннямі ад якой (і фотачкамі, канешне) мы не маглі не падзяліцца з чытачамі Philology.by.
Яшчэ праглядаючы тэмы лекцый і дакладаў, мы зразумелі, што антрапалогія – гэта вам не лінгвістыка: тут і з іконамі цябе камунікаваць навучаць, і пра шаманаў у хрушчоўцы раскажуць, і ў пахавальную індустрыю дзеля дысертацыйнага даследавання ўкараняцца. Але мы нават не думалі, наколькі разнастайнымі і нечаканымі могуць быць антрапалагічныя і фалькларыстычныя даследаванні.
Аднак пра ўсё па парадку.
Нечаканасці пачаліся з раптоўнага знаёмства ў лабірынтах калідораў РДГУ аўтарак гэтага артыкула (знаёмых раней толькі завочна) і з таго часу працягваліся. Сама дарога з Масквы да Пераслаўля, здавалася б, магла быць звычайным падарожжам на аўтобусе.
Але ці то знак на аўтобусе «Дзеці» прымусіў нас адчуць, што навукоўцы насамрэч падобныя да дзяцей у сваёй цікаўнасці да наваколля, ці тое, што навокал, было надта ўжо незвычайным. І мы пачалі назіраць.
Нажаль, падчас руху фатаграфаваць з акна было немагчыма. Але гучная назва «ПОМПОНЧИК. Федеральная пончиковая сеть», а трохі далей – расійскі трыкалор ля шашы сярод елак побач з яўна самаробным банерам Е=mc2 і ўказальнікам «Хоббит – отшельник», і яшчэ трохі далей шыльда на будынку «Минимаркет. Аптека. Парковка. Кипяток» прымусілі нас адчуць супярэчлівасці і кантрасты жыцця расійскай правінцыі. Мы нават не ўяўлялі, наколькі гэтае адчуванне спраўдзіцца далей.
Тры гадзіны ў дарозе – і вось мы ў Пераслаўлі-Залескім, горадзе Залатога кальца Расіі. Горад вітае нас сярпом і молатам, як бы гаворачы, што папрацаваць усё ж такі прыйдзецца.
І прыйшлося!
У сталовай (яна ж – пасля перастаноўкі сталоў – зала паседжанняў) школу ўрачыста адкрыла д.ф.н. Вольга Барысаўна Хрыстафорава, дырэктар Цэнтра тыпалогіі і семіётыкі фальклора РДГУ.
А пасля адкрыцця адразу пачаліся заняткі. Мурамскія агурэчкі, тамбоўскі воўк і чамаданны настрой – з першых дакладаў было зразумела, што тыдзень ў доме Кардоўскага, дзе жылі і працавалі ўдзельнікі школы, абяцае быць захапляльным.
Нягледзячы на даволі працяглы час заняткаў (каля 7 гадзін кожны дзень), мы наведалі (амаль што) ўсе лекцыі і (амаль што) ніколі не пашкадавалі. Вядома, немагчыма перадаць уражанні ад усіх выступаў у адным артыкуле.
Геаграфія ўдзельнікаў была вельмі шырокая: ад Уладзівастока да Лімэрыка – праз Маскву, Варшаву, Адэсу, Тарту, Салаўкі… А калі паглядзець на тэмы дакладаў і лекцый, то іх геаграфія ўвогуле ахоплівае палову свету: Куба, Перу, Філіпіны… Гародня і зноў Салаўкі.
Вось некалькі найбольш яскравых фотачак.
Варта сказаць некалькі слоў пра беларускую дэлегацыю на Школе.
Паўліна Скурко, навуковы супрацоўнік Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, распавяла пра свой праект па захаванні памяці пра культурны ландшафт мінскага раёна Старажоўка.
Ілля Сульжыцкі з Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта прадставіў даследаванне фармавання асабістай і калектыўнай памяці падзей Другой Сусветнай вайны.
Адна з аўтарак гэтага артыкула, Аляксандра Чудар, расказала пра асаблівасці функцыянавання дымінутываў у мове сучаснага горада.
На школу можна было патрапіць не толькі з дакладам, а таксама па выніках задачнага конкурса (вырашыць некалькі лінгвістычных і антрапалагічных задач). Менавіта такой магчымасцю скарысталася я.
А гэта асноўныя правілы для тых, хто прагне публікацыйнай славы за мяжой:
Дзённая праграма дапаўнялася вячэрнімі кінасеансамі і начнымі ігрышчамі – як санкцыянаванымі (сталовая-квіз «Азбука» ад Антона Соміна), так і не вельмі (аднак гэта ўжо зусім іншая гісторыя).
Жывучы тыдзень у Пераслаўлі і маючы штодзень ажно некалькі вольных гадзінаў (арганізатары школы Надзея Рычкова і Наталля Пятрова паведамілі, што гэта насамрэч нам пашанцавала, бо на мінулых школах вольнага часу было значна меней!), мы шмат гулялі па горадзе.
Але не думайце, што нашыя блуканні па горадзе былі проста так! Якая ж антрапалагічная школа без палявого даследавання? Галоўнай мэтай сёлетняй палявой практыкі была разгадка тайны Сіняга камня, які з’яўляецца папулярным месцам наведвання турыстаў. Даследчыкі былі гатовыя на ўсё дзеля мясцовых легенд аб гэтым загадкавым аб’екце. Нам (камандзе Philology.by) пашанцавала: шлях завёў нас у двор гаваркой кабеты Надзеі С., уладальніцы прэміі «Лепшы двор шматкватэрнага дома ў Пераслаўлі».
Ад яе мы даведаліся, што Сіні камень, быццам, патрапіў на бераг Пляшчэева возера наўпрост з космаса. А таксама пра тое, што 20 гадоў таму мясцовыя ўлады абяцалі зрабіць з горада «Пераслаўскую Венецыю», нягледзячы на наяўнасць ўсяго аднаго святлафора па цэнтральнай вуліцы. Венецыі не атрымалася, але святлафораў у цэнтры цяпер пяць.
Старажытныя манастыры і цэрквы, адна з якіх – XII стагоддзя, музеі і нават дэндрапарк – усё гэта не было пакінута без нашай увагі.
Але, відаць, не памылімся, калі скажам, што у Пераслаўлі-Залескім ўважлівы падарожнік убачыць нешта цікавае і незвычайнае на кожным кроку.
Прынцэса, якая спяшаецца на баль, баба-яга і прынц-жабка нібыта патрапілі з нейкага фантастычнага свету ў суровую перасвільскую рэальнасць, з яе еўрарэмонтам, імкненнем да здаровага ладу жыцця і падтрымкай пэўных груп насельніцтва.
Вось у краязнаўчым музеі заклік да цвярозасці ад самога Гасудара Імператара – а вось абсалютна сугучнае сучаснае графіці (праблема, нажаль, за сто год не вырашылася…)
Вось старонка газеты з аб’явамі пачатка мінулага стагоддзя – і на дзіва папулярнае сёння (каб не сказаць празмернае) ужыванне ера ў канцы слоў, так бы мовіць, у працяг традыцый.
У Пераслаўлі няма тратуараў, але ёсць іконы наўпрост на сценах новазбудаваных дамоў. Неверагодныя па прыгажосці ліштвы здзіўляюць і радуюць прыезджых мінакоў, але жыхарам, здаецца, больш актуальна наяўнасць талерак кабельнага тэлебачання…
Аднак мясцовая блінная аздобленая ў стылі гэтых старых дамоў, і, замаўляючы ля драўлянага прылаўка часночныя пампушкі, можна пацешыць сябе думкай, што старажытнасць не знікне зусім, што знойдзецца нехта, хто паклапаціцца пра захаванне і ўпарадкаванне гэтага багацця.
Мясцовыя коцікі таксама ўсяляюць аптымізм сваёй бесклапотнасцю.
Што тут казаць – Пераслаўль сапраўды горад кантрастаў і нечаканасцяў.
Тут суіснуюць духоўнае і мірское, казка і суровая рэчаіснасць, мінулае і (якое б яно ні было) будучае. А школа? Правесці тыдзень, слухаючы даклады ў сталовай, – што можа быць лепей? Школа была выдатная. Вялікі дзякуй арганізатарам і ўсім, хто там быў!
Вось вам напрыканцы фота нашай пераслаўскай каманды. Перасville, чакай нас зноў!