Беларускі перакладчык, крытык, літаратар з Беласточчыны Ян Максімюк дзеліцца ў сваім блогу на сайце «Радыё Свабода» ўражаннямі ад паездкі ў Японію, дзе ён выступаў на сімпозіуме, прысвечаным славянскім мікрамовам. Мерапрыемства праходзіла 30–31 студзеня 2015 года на факультэце паліталогіі і эканомікі Універсітэта Васэда ў Токіа.

1. Survival Japanese

Airbus 330 з Хэльсынкі ў Токіё ляціць прыблізна 9,5 гадзін. Я, на жаль, ня з тых, хто можа заснуць у мулкім і цесным крэсьле ў еconomy сlass. Ды, праўду кажучы, мне і ня хочацца засынаць у такім напалову публічным месцы — я храпу падчас сну. Што рабіць столькі часу? Напярэдадні майго вылету на мовазнаўчы сымпозіюм у сталіцы Японіі я купіў у кнігарні Luxor у Празе чэска-японскі размоўнік. Каб засвоіць хоць некалькі асноўных японскіх выразаў: добры дзень, да пабачэньня, дзякую, прабачце. Каб быць упэўненым, што ўсе патрэбныя фразы я знайду, я купіў насамрэч два размоўнікі. У адным зь іх японскія фразы падаваліся толькі ў лацінскай транскрыпцыі, у другім — акрамя лацінскай транскрыпцыі быў і японскі запіс. Перш чым перайсьці да засваеньня фразаў, я стаў чытаць уводзіны і камэнтары да гэтых размоўнікаў і — зь немалым зьдзіўленьнем, як на свае 56 гадоў — дазнаўся, што японскі альфабэт насамрэч зьяўляецца сплавам трох альфабэтаў: герогліфаў кітайскага паходжаньня (kanji) ды дзьвюх сылябічных сыстэмаў запісу (hiragana i katakana). Hiragana выкарыстоўваецца для запісу вельмі складаных і рэдка ўжываных кітайскіх знакаў ды розных часьціцаў і канчаткаў. Katakan’у японцы ўжываюць для запісу запазычаньняў з чужых моваў ды замежных прозьвішчаў і назваў. Нават чалавек абсалютна недасьведчаны ў японскай і кітайскай мовах (такі, як я) адрозьніць японскі тэкст ад кітайскага якраз па ўжываньні hiragan’ы і katakan’ы (кітайцы ўжываюць выключна герогліфы kanji, якія сваім малюнкам нашмат больш складаныя за спрошчаныя сымбалі дзьвюх японскіх сылябічных альфабэтаў).

Матокі Намаці (Унівэрсытэт Хакайда), арганізатар сымпозіюму


Пакуль мы даляцелі да лётнішча Нарыта каля Токіё, я без праблемаў пасьпеў запомніць тры выразы: konnichi wa (добры дзень), saуonara (бывайце), wakarimasen (не разумею). А вось са словам arigato (дзякуй) выйшла няўвязка. Як толькі я закрываў размоўнік, яно адразу выпарвалася з маёй галавы. Я раскрываў размоўнік з тузін разоў і нанава завучваў гэтае няўлоўнае слова, але нічога не атрымлівалася. Я быў западозрыў, што якраз падчас лёту Хэльсынкі-Токіё пачаўся пэрыяд яўнага старэчага маразму ў маім жыцьці, і моцна засумаваў. Але, калі мы ўжо падыходзілі да пасадкі, у адным з размоўнікаў я знайшоў даволі дзіўны камэнтар, што, маўляў, японскае вымаўленьне найбольш падобнае да вымаўленьня ў гішпанскай мове (!), і мяне прасьвятліла: gato — гэта па-гішпанску кот! Цяпер, калі мне трэба сказаць японскае дзякуй, я падумаю пра ката, і слоўца мне прыгадаецца. Спрацавала!

Ян Максімюк выступае на сымпозіюме 30 студзеня 2015


У Токіё, аднак, добрыя людзі мне ўдакладнілі: arigato — гутаркова-нефармальнае слова (накшталт ангельскага thanks або польскага dzięki). Каб ветліва падзякаваць незнаёмаму японцу, трэба сказаць: arigato gozaimasu.

Наогул формы ветлівасьці ў японскай мове настолькі разбудаваныя і складаныя, што засвоіць іх для эўрапейца — ня меншы выклік, чым навучыцца чытаць японскі альфабэт. Што тычыцца граматыкі японскай мовы, дык яна даволі простая — усе дзеясловы, назоўнікі і прыметнікі мала мяняюцца, а лягічную сувязь паміж словамі запэўніваюць розныя нязьменныя прыназоўнікі, злучнікі і часьціцы. Але неяпонцу трэба даўгія і цяжкія гады, каб завучыць, што казаць у якім месцы і каму, ды каб чытаць японскі тэкст.

2. Шматдыялектны і аднадыялектны падыход

Сымпозіюм, на які запрасіў мяне японскі славіст Матокі Намаці (Motoki Nomachi) з Унівэрсытэту Хакайда ў Сапара, быў прысьвечаны менш вядомым славянскім (мікра)мовам. 30-31 студзеня на факультэце паліталёгіі і эканомікі Васэдзкага Ўнівэрсытэту ў Токіё запрошаныя з Эўропы дакладчыкі гаварылі пра сытуацыю такіх моваў, як ляская, помацкая, банацка-баўгарская, заходнепалеская, кашубская, сьлёнская, мараўская, бургенляндзка-харвацкая, усходнеславацкая, ніжнелужыцкая і падляская. Быў таксама даклад японскага лінгвіста пра мірандзкую мову ў Партугаліі, якой у 1998 годзе партугальскі ўрад надаў статус рэгіянальнай мовы (нядобразычліўцы кажуць, што ўрад зрабіў так выключна дзеля грошай, каб атрымаць фінансавую падтрымку з Брусэлю для разьвіцьця гэтай наогул вясковай і мала каму патрэбнай мовы). Некаторыя гішпанскія лінгвісты лічаць мірандзкую дыялектам гішпанскай; некаторыя партугальскія лінгвісты — дыялектам партугальскай; а яшчэ некаторыя іншыя — дыялектам ці то астурскай, ці то ляонскай. Ну, чым жа не сытуацыя маёй роднай падляскай, якую падляскія беларусы лічаць дыялектам беларускай, падляскія ўкраінцы — дыялектам украінскай; а я, як белая варона на Падляшшы — лічу асобнай мовай.

Сатосі Тэрао (Такійскі Ўнівэрсытэт) распавядае пра мірандзкую мову


Я гаварыў на сымпозіюме, што дзеля стандартызацыі правапісу падляскай мовы ў якасьці асновы я выбраў адзін дыялект, на якім гаворыць прыблізна дзьве траціны носьбітаў падляскіх гаворак (гэта тэрыторыя вакол гарадоў Бельск, Гайнаўка і Сямяцічы). Каб літаратурны варыянт мовы прыняўся, аргумэнтаваў я, трэба, каб ён як мага бліжэй нагадваў жывую мову для як мага большай колькасьці людзей. Нельга рабіць асобнай літаратурнай мовы нахрапам, штучна аддаляючы яе ад моваў-суседак. Праект заходнепалескай мовы Міколы Шэляговіча ў 1980-1990-х гг. праваліўся між іншым і таму, што была выбрана няправільная кадыфікацыйная стратэгія — кадыфікатар штучна цягнуў у свой стандарт усё, што адрозьнівала гэтую мову ад украінскай і беларускай. У выніку, мала хто або і наогул ніхто з палескіх аўтахтонаў не распазнаваў у мове газэты «Збудінне» мову сваёй роднай вёскі ці ваколіцы.

Эвангелія Адамоў з Парыжу распавядае пра помацкую мову


Адносна кадыфікацыйнай стратэгіі я атрымаў падтрымку, зусім нечакана, ад францускай лінгвісткі грэцкага паходжаньня Эвангеліі Адамоў, дачка якой ходзіць у Парыжы ў школу з навучаньнем брэтонскай мовы. Эвангелія распавяла, што брэтонскія лінгвісты стварылі літаратурны варыянт на аснове сынтэзу шматлікіх мясцовых дыялектаў. Як вынік, яе дванаццацігадовая дачка ня ў змозе дагаварыцца на літаратурнай брэтонскай са сваёй бабуляй, якая брэтонскую мову ведае толькі ў мясцовым, дыялектным варыянце.

Значыць, брэтонскія дыялекты моцна адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Сытуацыя на Падляшшы кардынальна іншая. Мая дванаццацігадовая дачка, выхаваная ў падляскай мове, без праблемаў дагаворвалася ня толькі зь дзядзькамі з розных падляскіх мясцінаў, але і з дачкой Альгерда Бахарэвіча, выхаванай у беларускай літаратурнай мове. У сытуацыі нашага Падляшша аднадыялектны падыход (unilectal approach) да стандартызацыі падляскай мовы напрошваўся сам сабою і, як мне здаецца, поўнасьцю апраўдаў сябе.

3. Разарваная моўная сувязь

На сымпозіюме былі два шчымлівыя даклады пра дзьве заходнеславянскія мовы, выжываньне якіх — нягледзячы на прыхільную дзяржаўную палітыку і шчодрую фінансавую падтрымку — застаецца пад вялікім пытаньнем.

Мадлена Норбэрт зь Нямеччыны распавядае пра ніжнелужыцкую мову


Мадлена Норбэрт з Патсдамскага Ўнівэрсытэту гаварыла пра адукацыйную праграму падтрымкі ніжнелужыцкай мовы, якая, мяркуючы па некаторых прыкметах, дажывае свае апошнія дні. Засталося ўсяго 10 сем’яў, у якіх дома гавораць штодня па-ніжнелужыцку. Колькасьць людзей, якія яшчэ могуць гаварыць на гэтай мове, паводле рэалістычнай ацэнкі, не перавышае адной тысячы чалавек. І гэта пры тым, што ў садочках і школах навучаюць гэтай мове ці ня тысячу дзяцей. Але гэтыя дзеці між сабою гавораць ужо выключна па-нямецку і ніжнелужыцкая мова для іх — ня менш чужая, чым польская або чэская. Іхныя дзяды яшчэ гавораць на славянскай мове сваіх продкаў, іхныя бацькі — ужо не. Але школа — гэта не сям’я. Яна можа навучыць перадаваць гэтай мовай інфармацыю, але ня ў змозе навучыць перадаваць у ёй эмоцыю і пачуцьці.

Усе, хто думае, што ўся праблема зь беларускай мовай у Беларусі толькі ў тым, што пры ўладзе застаецца Лукашэнка, глыбока памыляюцца. Дзяржава ня ў змозе навучыць дзяцей перадаваць у беларускай мове эмоцыю і пачуцьці, якія перадае дзіцяці мама з татам у сям’і. Калі беларуская мова ня вернецца ў сям’ю, яе можна колькі заўгодна вяртаць у навучальныя праграмы, ды ўсё роўна значных вынікаў ня будзе. Мова без эмоцыі і пачуцьцяў, а толькі з сынтаксісам і правапісам — гэта мёртвая мова. Гэта, так бы мовіць, ірляндзкая сытуацыя, дзе ўсе клянуцца ў любові да гэльскай мовы сваіх кельцкіх продкаў, школы ўжо стагодзьдзе рупліва навучаюць гэтай мове, але ніхто ня хоча на ёй гаварыць, ні ў сям’і, ні па-за ёю.

Яраміра Лябуда з Польшчы распавядае пра кашубскую мову


Пра падобную сытуацыю, хоць значна менш трагічную, чым ніжнелужыцкая, гаварыла настаўніца кашубскай мовы Яраміра Лябуда з Польшчы. У кашубаў, мова якіх атрымала статус рэгіянальнай мовы і ўсебаковую дзяржаўную падтрымку, таксама разарвалася моўная сувязь паміж пакаленьнямі носьбітаў. Маладыя кашубы нярэдка ставяцца з грэблівасьцю да мовы сваіх дзядоў. Перш за ўсё таму, што іхныя бацькі не навучылі іх гэтай мове ад калыскі.

4. Японскія паліглёты

Калі чалавеку з Эўропы трэба гады, каб авалодаць японскай мовай, то, мабыць, і японцу патрэбны ня меншы высілак, каб авалодаць, прыкладам, беларускай або славацкай. Я спрабаваў гэтае пытаньне высьветліць сярод японскіх удзельнікаў сымпозіюму, але нейкіх адназначных вынікаў не дабіўся. Так, каб навучыцца польскай мове, тлумачыла мне адна японская моваведка, ёй спатрэбілася некалькі гадоў. Аднак лінгвісты — гэта асаблівая парода людзей, што ў Нямеччыне, што ў Японіі. У іх здольнасьць да моваў — у крыві. І ўсё ж я ня мог не захапляцца, калі чуў, як нашы гаспадары безь відавочнага высілку гавораць па-харвацку, па-польску, па-расейску, па-славацку, па-славенску… А ўжо ледзь не абамлеў, калі пасьля маёй падляскай прэзэнтацыі падышла да мяне пара маладых студэнтаў і стала са мной гаварыць на чысьцюсенькай беларускай. Юсукэ Касівагі толькі што напісаў і абараніў магістарскую працу па беларускай гісторыі (пэрыяду БНР, калі мне добра запомнілася). А Сіёры Кёсава заканчвае працу пра моўную сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Сіёры, наслухаўшыся майго расповеду пра Падляшша, сказала, што конча хоча да нас прыехаць сёлета, на летнюю школу беларусістыкі ў Гайнаўцы, якую зьбіраецца каторы ўжо раз ладзіць амэрыканскі беларусіст Курт Вулгайзэр.

Яны гавораць па-беларуску: Сіоры Кіёсава і Юсукэ Касівагі


Мне было цікава ўведаць, ці ў Японіі мова больш-менш усюды аднолькавая, ці ўсё ж існуюць нейкія рэгіянальныя асаблівасьці і дыялекты. Масумі Камэда з Такійскага Ўнівэрсытэту, зь якой мы гаварылі пра творчасьць харвацка-басьнійскага пісьменьніка Міленкі Ергавіча (яна чытала яго ў арыгінале, of course), сказала мне, што паходзіць з заходняй Японіі і яе родны дыялект моцна адрозьніваецца ад літаратурнага стандарту. Ці магчыма японскі дыялект запісаць герогліфамі так, каб было відаць, што гэта менавіта дыялектны варыянт, а не стандартны? Зусім магчыма. Корань кожнага слова запісваецца агульна прынятым герогліфам kanji (гэты корань у розных дыялектах можа вымаўляцца па-рознаму), а вось пра дыялектны характар слова сьведчыць канчатак, які запісваецца фанэтычным (сылябічным) альфабэтам hiragana (якраз па гэтых канчатках японцы распазнаюць, што маюць дачыненьне з дыялектным запісам).

Удзельнікі сымпозіюму


Ух! Калі вы яшчэ не стаміліся, дык на заканчэньне пра нешта больш матэрыяльнае — пра японскую гарэлку сакэ.

5. Japlish

Працоўнай мовай сымпозіюму была ангельская, якой японскія лінгвісты валодаюць зусім свабодна і амаль беззаганна. І ў Токіё на ангельскай мове можна свабодна дамовіцца амаль з кожным маладым. Са старэйшымі — бываюць праблемы. Старэйшыя і менш адукаваныя японцы гавораць, калі наогул, на асаблівым японскім варыянце ангельскай мовы, які называецца Japlish (параўнай: English). Згодна з фанэтычным ладам сваёй роднай мовы — у якой пасьля кожнай зычнай абавязкова ідзе галосная — японцы пасьля кожнай ангельскай зычнай ставяць нейкую галосную, дзе трэба і дзе ня трэба. Атрымліваюцца даволі сьмешныя і няўцямныя словы-наватворы, якія ні амэрыканцу, ні немцу не зразумець.

Вулачка ў старажытным горадзе Камакура на поўдзень ад Токіё



Масумі Камэда (Такійскі Ўнівэрсытэт) перад фігуркай Буды ў Камакуры


З адной канкрэтнай разнавіднасьцю Japlish я сутыкнуўся ў вялізнай дванаццаціпавярховай унівэрсальнай краме, куды зайшоў купіць бутэльку сакэ. Цётка, якая сустрэла мяне ў гарэлачным аддзеле, пакуль прадала мне — эўрапейцу — бутэльку гарэлкі, распавяла падрабязна, якую гарэлку можна вывозіць зь Японіі, а якую могуць адняць на мытні, і як трэба піць сакэ — падмарожаную ці падагрэтую. Усё гэта трывала хвілін 20 і адбывалася на мове, зь якой 60% я не разумеў ні ў зуб, але ўсё гэта было зроблена з такой ветлівасьцю і добразычлівасьцю, што я ня меў ахвоты ні спыніць цётку, ні ўцячы з той крамы. Замест таго, каб стаяць і мацюкацца ў думках, я склаў перад сабою рукі ў японскім жэсьце ветлівасьці, раз на дзьве хвіліны кланяўся цётцы, а яна кланялася мне, і раз на тры хвіліны я паўтараў arigato gozaimasu

Аўтар: Ян Максімюк, «Радыё Свабода»



Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар