Сёлета пасля працяглага перапынку акадэмічныя дыялектолагі аднавілі свае экспедыцыйныя выезды. Так, з 5 па 9 ліпеня мы з калегам Юрыем Маліцкім працавалі ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці (на паўночны ўсход ад Гомеля і да мяжы з Расіяй). Гэта адзін з нешматлікіх раёнаў на ўсходзе краіны, адкуль у аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа яшчэ не было свежых запісаў. Цяпер жа па выніках экспедыцыі ёсць не толькі яны (фрагменты прадстаўлены ніжэй), але і фотаздымкі з уражаннямі, якімі хацелася б падзяліцца.

Пачалі мы сваю працу ў раёне (пасля засялення ў гасцініцу, візіту ў выканкам і абеду) з наведвання Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, дзе навуковы супрацоўнік Андрэй Скідан якраз праводзіў экскурсію. Стараверскія іконы, якіх у музеі нямала і якія сапраўды адметныя, мяне мала цікавілі, а вось экспазіцыя ручнікоў на другім паверсе ўразіла:

 

 

Цікава, што подпісы да экспанатаў месцамі аформлены з мяккімі знакамі. А мяккі гук «р» у замове з вёскі Казацкія Балсуны навёў на думку, што мясцовыя гаворкі могуць прыпаднесці сюрпрызы:

 

 

Так яно і атрымалася. Па папярэдніх назіраннях Веткаўскі раён падзяляецца на дзве часткі ў залежнасці ад наяўнасці/адсутнасці ў гаворках мяккага гука «р»: у адных населеных пунктах можна пачуць варыць, гавару, згарэлі, прывязу, а ў другіх – абряд, горе, пріедзім, цяперь. Як вядома, «мяккаэрыя» гаворкі распаўсюджаны на ўсходзе Віцебскай і Магілёўскай абласцей, а вось тое, што яны сягаюць ажно на Гомельшчыну, стала для мяне адкрыццём (хоць адпаведная карта ДАБМ гэта паказвае). У сувязі са сказаным прыемна было пабачыць у раённай газеце «Голас Веткаўшчыны» (ад 27 мая 2020 года) матэрыял, у загаловак якога вынесена цытата якраз з мяккім «р». Не «алітаратураная» пільным рэдактарам, а натуральная, мясцовая, жывая. І гэта вельмі парадавала – шанаванне і паказ свайго, адметнага:

 

 

Акрамя таго, размаўляючы са старажыламі Веткаўскага раёна, мы чулі даволі рэдкую для Беларусі форму творнага склону назоўнікаў множнага ліку: вілкамы, дравамы, нагамы, рукамы замест нарматыўных (і пашыраных у большасці гаворак краіны) вілкамі, дровамі, нагамі, рукамі. Ужываюцца тут і адметныя словы: напрыклад, кладаўё як назва могілак і шыгаль як назва ігліцы. У Беларусі так мала дзе гавораць.

 

 

Вяртаючыся да ручнікоў, якім у Веткаўскім музеі стараабрадніцтва і беларускіх традыцый адведзена цэлая зала, трэба адзначыць, што тэкстыльныя традыцыі аграгарадка Неглюбка Веткаўскага раёна ўнесены ў інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Ткуць (хутчэй – ткалі) і ў іншых населеных пунктах раёна, але менавіта Неглюбка лічыцца цэнтрам мясцовага ткацтва. У Неглюбскім доме культуры і сёння стаяць кросны, за якімі працуюць удзельнікі ткацкіх гурткоў для дзяцей і дарослых. Ёсць таксама крамка, дзе можна набыць гатовую прадукцыю… Карацей, закупіўся там на 35 рублёў (абрус, сурвэткі, фартух). Больш гатоўкі з сабой не было, а тэрміналу для безнаяўных разлікаў у крамцы няма.

 

 

Наша праважатая па Неглюбцы так патлумачыла шырокі набор тэхнік і ткацкіх узораў: мясцовыя жанчыны ткалі абсалютна ўсе (калі якая не ўмела, яе маглі проста не ўзяць замуж), а таму, каб неяк вылучыцца і заткнуць за пояс іншых, кожная мусіла прыдумваць свой адметны стыль і элементы. Падобна, такая ж канкурэнцыя мела месца і ў выпадку з ліштвамі – аздобы на вокнах дамоў Веткаўскага раёна своеасаблівыя, непаўторныя, кожны майстар імкнуўся зрабіць па-свойму:

 

 

А на доме Ф. Р. Шклярава, заснавальніка Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, можна пабачыць не толькі ліштвы, але таксама іншыя драўляныя ўпрыгожанні. Засмуціла толькі агульная недагледжанасць гэтага ўнікальнага «экспаната». Славутасцей у Ветцы не так і шмат, а гэты дом (як можна меркаваць, нежылы) сапраўды вылучаецца сваёй аздобай. Таму не зусім зразумела, чаму яго не падтрымліваюць у належным стане, хаця б звонку.

 

 

Што ж да старавераў, якія ў XVII стагоддзі і заснавалі Ветку, то іх у раёне, па словах навуковага супрацоўніка музея, ужо няма. Але цікавага ў гэтым кутку Беларусі і без старавераў нямала: тут вам і адметнае мясцовае ткацтва, і ўнікальны абрад ваджэння і пахавання «cтрялы» (таксама, дарэчы, ўнесены ў інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны), і музей з багатымі экспазіцыямі і апантаным дырэктарам Пятром Цалкам, і своеасаблівы моўны ландшафт, якім можа пахваліцца не кожны раён краіны.

 

 

P. S. Падчас экспедыцыі запісы ўзораў дыялектнага маўлення былі зроблены ў аграгарадках Малыя Нямкі, Навасёлкі, Неглюбка, Старое Сяло, Стаўбун, Янова і вёсцы Пералёўка. У выніку кожны населены пункт аказаўся прадстаўлены маналогамі 2–3 мясцовых старажылаў. Ніжэй змешчаны невялікія фрагменты запісаў, зробленых ад Ганны Ільінічны Чуяшовай 1940 г. н. (аг. Стаўбун) і Тамары Аляксееўны Цімашэнка 1942 г. н. (аг. Янова).

 

 

Кандыдат філалагічных навук, былы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар