«Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», вокладка

У нумары газеты «Новы час» ад 18.11.2011 выпадкова натрапіў на публікацыю (PDF-версія) пра «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», які сёлета выйшаў з друку і налічвае 270 старонак (каля 4000 слоў). Кніга — плён 35-гадовай працы настаўніка Алеся Зайкі з вёскі Заполле Івацэвіцкага раёна (прадмова / ад складальніка / прыклады слоўнікавых артыкулаў). Рэдактарам і рэцэнзентам слоўніка з’яўляецца к.ф.н. М. М. Аляхновіч, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы і дыялекталогіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

У гісторыі беларускай дыялектнай лексікаграфіі гэта не першы выпадак аматарскага, умоўна кажучы, выдання. Напрыклад, можна прыгадаць слоўнічак журналіста Рыгора Яўсеева «Маці казала так… (З гаворкі Бялыніцкага раёна)» (каля 2000 слоў), што ўбачыў свет у 1978 годзе (рэдактар — к.ф.н. А. А. Крывіцкі). У 1993 годзе ў Гродне выйшаў з друку слоўнік «Скарбы народнай мовы (З лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёна)» (рэдактар — д.ф.н. П. У. Сцяцко), падрыхтаваны настаўнікам А. П. Цыхуном, бацькам вядомага беларускага мовазнаўца Г. А. Цыхуна. Выданне ўключае да 10 тыс. лексем, каля тысячы ўстойлівых народных выслоўяў і шмат тапонімаў.

Акрамя таго, на працягу апошняга года сустракаю ў розных зборніках публікацыі былога выкладчыка з Брэста У. У. Барысюка, які, як ён сам піша, падрыхтаваў «рукапіс слоўніка гаворкі вёскі Белы Мох Мсціслаўскага раёна “Заўслед” (450 старонак)» і друкуе матэрыялы з яго. Разам з тым лексіка і фразеалогія гаворак Мсціслаўшчыны ўжо знайшла шырокае адлюстраванне ў лексікаграфічных выданнях. Маю на ўвазе серыю слоўнікаў Г. Ф. Юрчанкі: «Дыялектны слоўнік» (1966), 3-томны «Народнае вытворнае слова» (1981, 1983, 1985), 3-томны «Сучасная народная лексіка. З гаворкі Мсціслаўшчыны» (1993, 1996, 1998), тры тамы фразеалагічнага слоўніка — «І коціцца і валіцца» (1972), «І сячэ і паліць» (1974), «Слова за слова» (1977) і інш. Іх аўтар, дарэчы, ніколі не працаваў у навукова-даследчых інстытутах (хоць і скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР), у ВНУ не выкладаў, вучоных ступеняў і званняў не мае.

P. S. Не зусім да месца, але каб не забылася: бачыў у iнтэрнэце інфармацыю пра першы ў Беларусі «Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў», што выйшаў сёлета ў выдавецтве Гродзенскага медуніверсітэта.

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар