Philology.BY працягвае інфармаваць нашых наведвальнікаў аб умовах правядзення XV Міжнароднага з’езда славістаў, які мае быць ў Мінску ў 2013 годзе.

Спадзяёмся, нашыя чытачы цікавяцца гэтай падзеяй і маюць гарачае жаданне падаць заяўку на ўдзел у з’ездзе.

Прапануем увазе спадарства ўдакладненую інфармацыю пра мерапрыемства (тэматыка і патрабаванні да заяўкі).

Беларуская лінгвістыка. — 2011. — Вып. 66. — С. 3–5.

14—16 жніўня 2010 года ў Вялікім Ноўгарадзе (Расійская Федэрацыя) адбылося пасяджэнне Міжнароднага камітэта славістаў, дзе была абмеркавана і прынята тэматыка XV Міжнароднага з’езда славістаў, які адбудзецца ў 2013 годзе ў г. Мінску (Рэспубліка Беларусь).

Тэматыка XV Міжнароднага з’езда славістаў

1.0. Мовазнаўства

1.1. Славянскія мовы ў параўнальна-гістарычным і арэальным аспектах. Гісторыя славянскіх моў у сувязі з праблемамі этнагенезу і глотагенезу Лакалізацыя праславянскай моўнай прасторы і яе структура. Славянская этымалогія і анамастыка. Балтаславянскія моўныя ўзаемасувязі. Славяна-германскія, славяна-італійскія, славяна-іранскія, славяна-ўграфінскія, славяна-кельтскія і славяна-цюркскія моўныя адносіны ў мінулым. Палессе ў этнагенетычных і лінгвагеаграфічных даследаваннях.

1.2. Гістарычнае апісанне славянскіх моў і дыялекталогія. Гістарычная граматыка славянскіх моў. Унутраная і знешняя гісторыя мовы. Праблемы моўнага сумежжа. Славянскія мовы ў моўных саюзах. Славянская лінгвагеаграфія і дыялектаграфія.

1.3 Славянскія мовы і культуры. Славянская пісьменнасць на розных этапах яе развіцця. Кірыла-Мяфодзіеўская пісьмовая традыцыя ў славян. Літаратурна-лінгвістычная сітуацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім. Феномен «простай мовы» і літаратурнага шматмоўя. Кітабістыка як раздзел славістыкі.

1.4. Моўныя сітуацыі ў славянскім свеце. Стан сучасных славянскіх стандартных (літаратурных) моў. Унутраныя і знешнія фактары ў фарміраванні і трансфармаванні славянскіх стандартных моў. Тэндэнцыі развіцця сістэм славянскіх моў у пачатку XXI стагоддзя. Славянскі моўны свет, праблемы глабалізацыі і праблемы выкладання славянскіх моў. Моўная палітыка і экалінгвістыка. Славянскія літаратурныя макра- і мікрамовы. Праблемы моўнай ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі. Сацыялінгвістычныя, псіхалінгвістычныя і сацыякультурныя аспекты вывучэння сучасных славянскіх моў і дыялектаў. Змешаныя формы маўлення і іх тыпы ў славян.

1.5. Сінхронна-тыпалагічнае і супастаўляльнае даследаванне славянскіх моў. Фаналогія і акцэнталогія. Граматыка, словаўтварэнне і сінтаксіс. Праблемы славянскай аспекталогіі. Інавацыі ў сістэмах сучасных славянскіх моў. Славянская лексікаграфія, лексічная семантыка і фразеалогія. Лінгвістыка тэксту. Дыскурсіўны аналіз сучасных славянскіх моў.

1.6. Моўныя карціны свету ў славян. Кагнітыўны, этналінгвістычны, лінгвакультуралагічны і лінгвапрагматычны падыходы да вывучэння розных узроўняў славянскіх моў.

1.7. Камп’ютарная і корпусная лінгвістыка ў даследаванні славянскіх моў. Корпусы славянскіх моў. Праблемы граматыкі і лексікалогіі ў перспектыве корпуснай лінгвістыкі. Праблемы аўтаматычнага аналізу і пераклад. Стварэнне і выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў.

2.0. Літаратуразнаўства, культуралогія, фалькларыстыка.

2.1. Славянскі фальклор, міфалогія і традыцыйная духоўная культура. Праблемы і перспектывы кампаратыўнага даследавання фальклору. Народныя вераванні, абрадавыя практыкі і абрадавы фальклор: тэкст і кантэкст. Традыцыйны фальклор і праблемы нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Аўтэнтычны фальклор і адлюстраванне ў ім ментальных асаблівасцей славянскіх этнасаў. Фальклор пагранічча і славянскіх дыяспар. Сучасныя формы фальклору; постфальклор. Узаемасувязь і ўзаемадзеянне традыцыйных і сучасных форм славянскага фальклору. Фальклор і мастацкая літаратура.

2.2. Гісторыя славянскіх літаратур і аналіз мастацкага тэксту. Славянскія літаратуры ў кантэксце еўрапейскага і сусветнага культурна-гістарычнага працэсу. Традыцыйнае і наватарскае ў славянскай прозе, паэзіі, драматургіі. Праблемы жанраў у славянскіх літаратурах. Тэкст і інтэртэкстуальнасць у даследаваннях славянскіх літаратур. Напрамкі ў славянскіх літаратурах; роля і значэнне замежных уплываў у іх генезісе і развіцці, нацыянальная спецыфіка напрамкаў. Нацыянальная міфалогія і яе мастацкае канструяванне ў славянскіх літаратурах. Помнікі славянскіх літаратур, тэксталогія і эдыцыйная практыка.

2.3. Літаратура і рэлігія. Праблемы літаратурнага ўзаемадзеяння ў рамках Slavia Orthodoxa и Slavia Romana. Канфесійнае самавызначэнне і літаратурная дынаміка. Народная рэлігійнасць, кананічныя і апакрыфічныя літаратурныя традыцыі. Slavia Christiana ў адлюстраванні паэтычнага эпасу славянскіх народаў. Сінтэз фальклору і біблейскіх традыцый у славянскай культуры. Біблейскія пераклады. Біблейскія алюзіі ў сучасных славянскіх літаратурах.

2.4. Славянскі пераклад і міжславянскія пераклады. Роля перакладу ў станаўленні новых і сучасных славянскіх літаратур. Сацыякультурныя, эстэтычныя, моўныя асаблівасці міжславянскага перакладу.

2.5. Літаратура — філасофія — ідэалогія. Эстэтычнае і этычнае, нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў славянскіх літаратурах Новага часу. Месца пісьменніка ў сацыяльна-палітычным жыцці эпохі. Нацыянальнае адраджэнне і яго адлюстраванне ў славянскіх літаратурах. Спецыфіка фарміравання беларускай літаратуры.

2.6. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Літаратурныя часопісы ў літаратурным працэсе ў славянскіх краінах. Эстэтычнае і сацыяльнае ў славянскай літаратурнай крытыцы. Значэнне літаратурных часопісаў у сацыяльна-гістарычных зменах у славянскіх краінах: Новы і Навейшы час.

2.7. Праблемы сучасных славянскіх літаратур. Дыялог актуальнага мастацкага мыслення з нацыянальнай літаратурнай класікай. Літаратура дыяспары і змена літаратурнага канона ў славянскіх краінах. Постмадэрнізм у прасторы традыцыйнага грамадства і класічнай культуры. Славянскія літаратуры і кіно. Роля маладзёжных субкультур у славянскай літаратуры апошніх гадоў.

3.0. Гісторыя славістыкі.

3.1. Міжнародныя з’езды славістаў: традыцыі, дасягненні, перспектывы.

3.2. Гісторыя і сучасны стан славістыкі ў свеце.

Тэмы для круглых сталоў

  1. Скарыніяна ў славянскім і еўрапейскім кантэксце.
  2. Мова, літаратура, культура ВКЛ у славянскім і еўрапейскім кантэксце.
  3. Нацыянальныя тыпы постмадэрнізму ў славянскіх літаратурах.

Заяўкі на ўдзел у XV Міжнародным з’ездзе славістаў дасылаць

да 31 верасня 2011 года

Абнаўленне: да 30 лістапада 2011 года

на адрас:

Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі (Беларускі камітэт славістаў)
вул. Сурганава, дом 1, корп. 2,
220072, г. Мінск, Беларусь.

У заяўцы ўказваецца:

  1. Назва даклада з указаннем раздзела тэматыкі.
  2. Кароткая анатацыя даклада на беларускай і англійскай мовах (да 1000 знакаў). Заўвага: даклад павінен уключаць моўныя, літаратурныя і г. д. факты з розных славянскіх груп.
  3. Прозвішча, імя і імя па бацьку дакладчыка.
  4. Вучоная ступень, званне, месца працы і пасада дакладчыка.
  5. Службовы і дамашні адрас, кантактныя тэлефоны, Е-mail.

Тэлефоны для даведак:

(017) 284-15-94 (старшыня МКС і БКС Лукашанец А. А.),

(017) 222-36-02 (вучоны сакратар МКС і БКС Важнік С. А.).

Рэдактар і тэхнічны адміністратар Philology.BY. Спецыялізуецца на лічбавых метадах у гуманітарных навуках (digital humanities). Цікавіцца лексікаграфіяй, сацыялінгвістыкай і марфалогіяй. Акрамя мовазнаўства, займаецца аналізам і візуалізацыяй дадзеных (Dataviz.BY) ды стварэннем вэб-праектаў.

Дадаць каментар