24 лістапада (чацвер) у 14:00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (Мінск, вул. Сурганава, 15, першы паверх, пакой 110) адбудзецца прэзентацыя выдання «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны». У мерапрыемстве возьмуць удзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі навуковай і творчай грамадскасці краіны.

Выключнае месца ў фарміраванні беларускага этнасу займае Тураў і Тураўшчына – адзін са старажытных цэнтраў племені дрыгавічоў, што склалі яго аснову.

Кніга змяшчае ўнікальны моўны матэрыял, сабраны ў населеных пунктах культурна-гістарычнага і прыродна-геаграфічнага рэгіёна Тураўшчыны, і яго праекцыю на картах мікраатласа. Цэнтральнае становішча Тураўшчыны ў межах Беларускага Палесся дазваляе прасачыць яго сувязі з іншымі дыялектнымі зонамі і адначасова сведчыць пра захаванне рэгіянальнай моўнай культуры.

«Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны», з’яўляючыся ў значнай ступені своеасаблівым дадаткам да «Тураўскага слоўніка» (1982 – 1987), ставіць і часткова вырашае свае спецыфічныя задачы ў галіне лінгвагеаграфіі, сацыялінгвістыкі і псіхалінгвістыкі.

Выданне разлічана на спецыялістаў-моваведаў, студэнтаў, выкладчыкаў, а таксама ўсіх тых, хто цікавіцца мовай і культурай роднага краю.

Кантакты: Гаранін Сяргей Лявонцьевіч, +375 17 284 15 31.

UPD. Фотарэпартаж з прэзентацыі апублікаваны на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар