На мінулым тыдні адбылася ўнікальная для беларускай культуры падзея — быў прэзентаваны Новы Запавет, перакладзены мовазнаўцам Ф. Д. Клімчуком на заходнепалескую гаворку. Грошы на выданне былі паспяхова сабраны праз краўдфандынг, дзякуючы чаму плён больш чым 20-гадовай працы перакладчыка ўрэшце пабачыў свет. Публікуем развагі з гэтай нагоды палешука, кандыдата філалагічных навук Юрыя Чарнякевіча.
* * *
“А я кажу вам, шо кaжон, хто гнiвайіцьця на свогo брaта напрaсно, той мaе йты пуд суд. А хто скaжэ на брaта свого “ныздaра”, тогo мaе суды’ты высoкый суд, а як хто скaжэ “бызрозyмный” — то мaе попaсты в огoнь пыкэ’лный”. Гэта радкі з Евангелля, якое пераклаў на заходнепалескую гаворку навуковец і дыялектолаг Фёдар Клімчук, які пакінуў нас у мінулы кастрычнік. Зусім трохі не дажыўшы да прэзентацыі выдання, якая з аншлагам прайшла ў Мінску 23 студзеня.
Літаратура на мясцовых гаворках для нас яшчэ ў навінку. Між тым, гэтыя гаворкі і дасюль актыўна выкарыстоўваюцца ў маўленні беларусаў — асабліва старшага пакалення і тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці. Фіксаваць дыялектнае маўленне можна з дапамогай транскрыпцыі (як пераважна і робяць навукоўцы), а таксама праз стварэнне адпаведнай графічнай сістэмы, зазвычай заснаванай на агульнапрынятым алфавіце — кірылічным, лацінскім і гэтак далей — каб з тэкстамі маглі пазнаёміцца не толькі вузкія спецыялісты, але і ўсе ахвотныя.
Гэтак і зрабіў Фёдар Клімчук, калі перакладаў на заходнепалескую тэксты Евангелля. Паклаўшы ў аснову гаворку з родных Сіманавічаў (Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці), ён стварыў унікальную кнігу — Новы Запавет, які гучыць па-мясцоваму натуральна і арганічна. Проста адчуйце гэта самі: “Я вам кажy: як прaвыдность вaша ны бyдэ сылнiшыю за прaвыдность фарысeюв і кнiжныкув, то вытэ’ ны ввы’йдытэ в Цaрыство Ныбэ’снэ”.
Старэйшае пакаленне палешукоў паступова адыходзіць у іншы свет. А значыць, знікае і тое адметнае маўленне, якое заўсёды прыцягвала ўвагу навукоўцаў не толькі з Беларусі, але і з Украіны, Польшчы, Расіі ды іншых краін свету.
Кніга, падобная да той, якую стварыў Фёдар Клімчук — яшчэ адна спроба прыцягнуць увагу беларусаў да дыялектаў, да моўнага багацця роднага краю. Наколькі ўдалая гэта спроба — гаворка для іншага, асобнага артыкула. Але пэўныя прыкметы зрухаў у кірунку захавання і папулярызацыі гаворак — навідавоку. Гэта і нядаўна зроблены праект “Мапа дыялектаў”, у якім паўдзельнічалі ўжо дзясяткі беларусаў, і ініцыятывы бібліятэкараў па выданні невялічкіх дыялектных слоўнічкаў сваіх раёнаў, і стварэнне “Палескай батлейкі” Ларысы і Аляксандра Быцко, дзе персанажы размаўляюць на палескай гаворцы…
Згадаю і пра яшчэ аднаго папулярызатара, на гэты раз ужо падляшскай гаворкі — Дарафея Фіёніка з Бельска-Падляскага, які ўжо цягам дзясятка гадоў выдае альманах “Бельскі гасцінец”, дзе, акрамя польскай і беларускай моваў, друкуюцца тэксты і на мясцовай гаворцы кірылічным алфавітам. А яшчэ тую ж падляшскую гаворку прапагандуе ўраджэнец краю Ян Максімюк, які друкуе свае тэксты на мясцовым дыялекце пры дапамозе лацінскага алфавіту.
Натуральна, усё гэта пакуль што толькі кропля ў моры. Але не заўважаць больш пільнай увагі да дыялектаў і гаворак з боку суайчыннікаў ужо не выпадае. Бо ныздарамі — пустымі людзьмі, няздарамі, якія не захоўваюць свайго, роднага — беларусы ніколі не былі. Спашлюся хоць бы на той факт, што сам выхад перакладу стаўся магчымым дзякуючы неабыякавым асобам: сродкі на выданне збіраліся на адной з краўдфандынгавых платформ. А на саму прэзентацыю кнігі Фёдара Клімчука арганізатары былі вымушаны нават прыпыніць рэгістрацыю, бо ўсе месцы былі зарэзерваваныя загадзя. Пра падзею напісалі многія друкаваныя і электронныя СМІ краіны.
Да слова, гэтае выданне “на гаворцы” — не апошняе. З цягам часу плануецца апублікаваць і запісы палескіх песень, якія сабраў цягам свайго жыцця Фёдар Клімчук. Так што інфармацыйных нагодаў для папулярызацыі дыялектаў будзе яшчэ дастаткова.
Ілюстрацыя: minsk.carpe-diem.events