«Найбольш доўгае слова ў мове Х» — адзін з папулярных запытаў у пошукавых сістэмах. Можна лёгка знайсці спіс найбольш доўгіх слоў той ці іншай мовы. Праўда, даволі часта такія словы існуюць выключна ў гэтых спісах, бо не столькі бяруцца са слоўнікаў ці тэкстаў, колькі ствараюцца спецыяльна.
Сродкі стварэння такіх слоў заслугоўваюць некаторай увагі. Так, літоўскія і латышскія найбольш доўгія словы ўтвораны па-рознаму, хаця літоўская і латышская мова – мовы адной моўнай групы і іх граматычны лад даволі блізкі.
Найбольш доўгія словы літоўскай мовы:
- nebeprisikiškiakopūsteliaujantiesiems (39 літар), прыкладны пераклад ‘для тых, хто больш не назбіраў сабе зайцавай капусты’,
- nebeprisivaizdotinklaraštininkaujantiesiems (43 літары), прыкладны пераклад ‘для тых, хто больш не вядзе для сябе відэаблог’.
Гэтыя словы падобныя па сваёй форме – гэта дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу ў мужчынскім родзе, давальным склоне, множным ліку. Яны маюць наступны марфемны склад:
- nebe-pri-si-kišk-ia-kopūst-el-iauj-ant-iesiems (10 марфем),
- nebe-pri-si-vaizd-o-tinkl-a-rašt-inink-auj-ant-iesiems (12 марфем).
Словы маюць па дзве прыстаўкі, зваротную часціцу, два і тры карані адпаведна, злучальныя галосныя, назоўнікавыя і дзеяслоўныя суфіксы, канчаткі.
Нельга сказаць, што такая колькасць марфем характэрная для літоўскай мовы. Што да такіх дзеепрыметнікаў, то звычайна яны складаюцца з 3–5 марфем. Самым блізкім рэальным адпаведнікам з’яўляецца nebe-pri-si-men-ant-iems (6 марфем) ‘для тых, хто больш не памятае’.
І, канешне, даволі цяжка ўявіць сабе кантэкст, у якім гэтыя словы маглі б спатрэбіцца.
Найбольш доўгія латышскія словы не такія багатыя па сваім марфемным складзе. Гэта
- zirgstīgstrinkšķināminstruments (31 літара) – ‘музычны інструмент, струны якога зроблены з валокнаў конскай грывы альбо валасоў хваста’,
- pretpulksteņrādītājvirziens (27 літар) – ‘накірунак руху супраць гадзіннікавай стрэлкі’.
Першае слова складаецца з чатырох каранёў, суфіксаў і канчатка: zirg-stīg-strinkšķ-in-ām-instrument-s (7 марфем).
Другое – з прыстаўкі, трох каранёў, суфіксаў і канчатка: pret-pulksteņ-rādī-tāj-virz-ien-s (7 марфем).
Для латышскай мовы натуральнымі з’яўляюцца склейванні ў адно слова спалучэнняў з двух слоў, і, скажам, zirgstīgstrinkšķināminstruments альбо pretpulksteņrādītājvirziens – абсалютна нармальныя латышскія словы. Але спалучэнні з трох ці тым больш чатырох слоў не надта натуральныя.
Можна заўважыць, што стваральнікі найбольш доўгіх літоўскіх і латышскіх слоў скарысталіся з адной стратэгіі – «скласці слова з як мага большай колькасці марфем» (і няважна, што столькі марфем для мовы – зашмат і што ўтвораныя словы наўрад ці можна ўжыць на практыцы), але атрымалася гэта па-рознаму. І нават з гэтага відаць пэўныя адрозненні словаўтварэння і марфалогіі літоўскай і латышскай мовы.