Учора на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Pravo.by была апублікавана новая Інструкцыя па перадачы найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы і транслітарацыі найменняў геаграфічных аб’ектаў літарамі лацінскага алфавіта. Змен у параўнанні з ранейшай Інструкцыяй, прынятай яшчэ ў 2000 годзе, не так і шмат. Падамо іх у алфавітным парадку:

Калі коратка, то сімвалы з дыякрытычнымі знакамі (Ž, Č, Š) заменены спалучэннямі без іх (Zh, Ch, Sh), фрыкатыўны [Г] цяпер мусіць перадавацца сімвалам G, літара Ў – сімвалам W, а літара Х – сімвалам H.

Яшчэ з заўважанага – змякчэнне зычнай літары, абазначанае мяккім знакам (дзь = dź, зь = ź, ль = ĺ, нь = ń, сь = ś, ць = ć), цяпер ніяк не пазначаецца:

Адпаведна, для тапонімаў, якія не ўтрымліваюць у сваім складзе прыведзеных вышэй літар або спалучэнняў зычных літар з мяккім знакам, нічога не змянілася. Скажам, транслітараваны па ранейшых правілах Viciebsk застаецца правільным і цяпер. Але пры ўмове, што транслітаруецца менавіта беларускамоўнае найменне, як гэтага патрабуе закон «Аб найменаванні геаграфічных аб’ектаў» (арт. 17, п. 1). Змяшчэнне ў новай Інструкцыі таксама табліцы транслітарацыі літар рускага алфавіта літарамі (спалучэннямі літар) лацінскага алфавіта (Дадатак 2) прымушае задумацца, ці не рыхтуюцца адпаведныя змены і ў згаданы закон – аб магчымасці найменавання геаграфічных аб’ектаў у тым ліку на рускай мове (Витебск – Vitebsk). Такая норма, аднак, падаецца непажаданай, бо можа прывесці да блытаніны і пагаршэння адраснасці тапонімаў.

Для даведкі. У распрацоўцы Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта, прынятай у 2000 годзе, актыўны ўдзел прымала галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар В. П. Лемцюгова. У распрацоўцы новай Інструкцыі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі ўдзелу не прымалі.

Фота: Onlíner

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар