Нядаўна споўнілася 10 гадоў, як на нашым сайце былі выстаўлены «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і 5-томны «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (1993—1998). У сувязі з юбілеем мы вырашылі паглядзець, колькі ж чалавек заходзіла на адпаведныя старонкі раней і ці заходзіць нехта туды цяпер. Заадно зазірнулі ў лічбы па старонцы з Беларускім дыялектным лексікаграфічным фондам, дзе 9 гадоў таму былі выкладзены дыялектныя слоўнікі, атласы і тэматычныя зборнікі (перыядычна гэты спіс папаўняўся). Колькасць праглядаў па гадах атрымалася наступная:

Колькасць праглядаў старонкі з «Дыялекталагічным атласам беларускай мовы»
Колькасць праглядаў старонкі з «Лексічным атласам беларускіх народных гаворак»
Колькасць праглядаў старонкі з Беларускім дыялектным лексікаграфічным фондам

Неверагодна, але факт: запатрабаванасць выкладзеных на нашым сайце дыялекталагічных матэрыялаў за апошнія гады значна вырасла (высвятленне прычын такога росту пакінем за карыстальнікамі). Значыць, нездарма мы колісь вырашылі запусціць гэтыя праекты і нездарма працягваем забяспечваць доступ да іх.

Цікава было паглядзець таксама, якія пазіцыі з Беларускага дыялектнага лексікаграфічнага фонду карысталіся на працягу ўсіх гэтых гадоў найбольшай папулярнасцю (такая статыстыка даступна толькі для публікацый, якія захоўваюцца на сэрвісе «Яндэкс.Дыск»). Топ-5 выданняў, якія маюць найбольшую колькасць сцягванняў/спамповак, на сённяшні дзень выглядае так:

1. Никончук М. Лексичний атлас правобережного Полiсся (1994) [уключае ў тым ліку матэрыялы з тэрыторыі Беларусі] — 7285
2. Цыхун А. П. Скарбы народнай мовы (з лексічнай спадчыны насельнікаў Гродзенскага раёну) (1993) — 5064
3. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча, том 4 (1985) — 2761
4. Зайка А. Дыялектны слоўнік Косаўшчыны (2011) — 2553
5. Рэгіянальны слоўнік Віцебшчыны, частка 2 (2014) — 2198

Найбольш загадкавай бачыцца 3-я пазіцыя: цяжка зразумець, чым так прывабіў карыстальнікаў менавіта 4-ы том (літары П—С) «Слоўніка беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (дарэчы, самага вялікага ў беларускай дыялектнай лексікаграфіі). Здзівіла і 2-я пазіцыя: слоўнік А. П. Цыхуна, па меркаванні спецыялістаў, даволі якасны і багаты ў плане матэрыялу, але наўрад ці толькі гэта абумовіла вялікую колькасць яго сцягванняў.
 

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар