Днямі добрая знаёмая падзялілася маленькай радасцю: на сядзібе дзеда ў Баранавіцкім раёне па яе ініцыятыве быў створаны мілы і ўтульны сямейны музейчык. На некамерцыйнай аснове, чыста для сябе, каб зберагчы тое, што захавалася, і паказваць пры нагодзе суседзям ды іншым цікаўным.
Але маю ўвагу найперш прыцягнула не калекцыя прадметаў вясковага побыту, а раздрукаваныя аркушы з мясцовымі словамі, імёнамі і назвамі ўрочышчаў у якасці паўнавартасных экспанатаў. Здаецца, такое ў нашых музеях мала хто практыкуе, а добра было б.
Больш за тое, мы ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа гатовыя публікаваць такія «экспанаты» ў нашым выданні «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні» — для дыстанцыйнага знаёмства з фрагментамі лакальных экспазіцый, так сказаць 🙂
Па падказцы той жа знаёмай даведаўся, што ёсць як мінімум яшчэ адзін сямейны музей (здаецца, у Кобрынскім раёне), дзе сярод экспанатаў прадстаўлены мясцовыя словы, выразы і фрагменты выказванняў. І гэта выдатна.