З нядаўняга часу на сайце Philology.by па адрасе https://microtop.philology.by/ стала даступна электронная бібліяграфія па беларускай мікратапаніміцы – з магчымасцю ажыццяўлення выбаркі па абласцях і раёнах, з інтэрактыўнай картай і статыстыкай. Мікратапонімы – гэта назвы дробных геаграфічных аб’ектаў (балот, лясоў, палёў, сенажацей і інш.), здольныя значна пашырыць нашыя ўяўленні пра лексічны ландшафт краіны і забяспечыць дадатковай гісторыка-культурнай інфармацыяй. Неабходнасць ацэнкі таго, колькі мікратапонімаў ужо ўведзена ў навуковы зварот і прааналізавана, у якіх раёнах краіны і ў якой ступені такі матэрыял сабраны, якраз і падштурхнула супрацоўнікаў аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі да падрыхтоўкі адпаведнай базы публікацый.

Размеркаванне змешчанага ў публікацыях матэрыялу па абласцях

Размеркаванне змешчанага ў публікацыях
матэрыялу па абласцях

У дзясятку раёнаў Беларусі, мікратапанімія якіх прадстаўлена ў найбольшай колькасці публікацый, уваходзяць Столінскі (70), Жыткавіцкі (60), Петрыкаўскі (47), Гродзенскі, Камянецкі, Мазырскі (па 45), Маларыцкі (43), Лунінецкі (41), Брэсцкі (40) і Глускі (38). Тым не менш, згодна з падлікамі, 42 раёны (трэцяя частка краіны!) маюць менш за 10 публікацый з мікратапонімамі, чаго, натуральна, зусім недастаткова ні для правядзення маштабных даследаванняў, ні для адлюстравання назватворчай спецыфікі гэтых рэгіёнаў. Такім чынам, збору і апублікавання (у мясцовай форме, з пазначэннем націску і ўказаннем аб’ектаў) у першую чаргу патрабуе мікратапанімія наступных раёнаў:

Віцебская вобласць: усе раёны, акрамя Глыбоцкага і Полацкага;

Гомельская вобласць: Добрушскі, Жлобінскі, Кармянскі, Чачэрскі;

Гродзенская вобласць: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Іўеўскі, Лідскі, Слонімскі, Смаргонскі;

Мінская вобласць: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Дзяржынскі, Клецкі, Лагойскі, Маладзечанскі, Мінскі, Пухавіцкі, Смалявіцкі, Уздзенскі, Чэрвеньскі.

Думаецца, у публікаванні такога матэрыялу будуць зацікаўлены раённыя газеты і мясцовыя выданні краязнаўчага кірунку. Магчыма, пагодзіцца час ад часу друкаваць падборкі мікратапонімаў і «Краязнаўчая газета» (дарэчы, адна з нешматлікіх на сённяшні дзень цалкам беларускамоўных газет). Стваральнікі электроннай бібліяграфіі будуць вельмі ўдзячныя за інфармацыю пра выхад з друку новых публікацый з назвамі дробных геаграфічных аб’ектаў.

У дадатак прывядзём меркаванне вядомага беларускага мовазнаўца Ф. М. Янкоўскага, якое ён агучыў яшчэ ў 1982 годзе падчас абароны В. М. Емельяновіч кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай мікратапаніміі паўночна-заходняй часткі Брэсцкай вобласці:

«Да месца падкрэсліць катастрафічнае забыццё і страту мікратапонімаў (і не толькі Берасцейшчыны), яно, забыццё, — літаральна на нашых вачах; на нашых вачах памерла і памірае вялізная колькасць не толькі мікратапонімаў — лексічных адзінак, прападаюць нават тыпы мікратапонімаў. Перамены ў грамадскім жыцці, ператварэнне ўчасткаў (пóля, луга, лесу, дарогі) у бяскрайнія палі, лугі, шырокія дарогі… Назаўсёды знікаюць на картах і на зямлі шматлікія сцежкі-дарогі, хутары, паселішчы, фальваркі, засценкі, далёка не адзінкавыя вёскі. Зыходзяць, знікаюць мікраназвы і не толькі мікра…

У лінгвістыкі, у лінгвістаў вялікая задача, вялізны грамадзянскі клопат: зафіксаваць, адлюстраваць у слоўніках, у мікраслоўніках, у артыкулах, у манаграфіях тое, што беззваротна знікае. Грамадскі абавязак лінгвістаў — не заставацца недаравальна пасіўным».

(цытуецца паводле артыкула В. М. Емельяновіч «Тапанімія Беларусі ў творах Фёдара Янкоўскага»)

 

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар