Мікратапанімія Усходняга Палесся: мультыдысцыплінарнае даследаванне В. А. Шклярыка

Нядзеля, 24 снежня 2017 г. Рэдакцыя
Раздзел: Публікацыі -> Навіны
Пазнакі: | | | |
Праглядаў: 116

Многія з нас цікавіліся тым, адкуль з’явіліся іх горад, вёска ці мястэчка. Чаму вуліца, сажалка ці лес маюць тую ці іншую назву? Падобныя словы, што ўжываюцца ў нейкай мясцовасці і абазначаюць невялікія прыродна-геаграфічныя аб’екты (балоты, вуліцы, лясы, курганы, могілкі, малыя рэчкі, ручаі, паплавы і да т. п.), ёсць мікратапонімы. Вось некалькі прыкладаў: возера Голае, паляна Казлоўка, Андрэйкаў брод і г. д.

Людзі розных узростаў і прафесій цікавяцца гісторыяй, паходжаннем найменняў бацькаўшчыны. Такія росшукі займаюць пачэснае месца ў краязнаўчай рабоце. Настаўнікі беларускай мовы, геаграфіі, гісторыі, пачатковых класаў не раз рыхтавалі артыкулы, даклады, паведамленні пра свае ваколіцы, гл., напрыклад:

Нагадаем, што яшчэ ў 1970 годзе Геаграфічнае таварыства СССР выпусціла брашуру «Руководство для собирания топонимов, микротопонимов, местных географических терминов и построения топонимических картотек центральных областей Европейской части СССР», якая дапамагала многім збіральнікам правільна занатоўваць і апрацоўваць матэрыял.

Неаднойчы выходзілі і кнігі пра ваколіцы беларускіх паселішчаў, гл. напрыклад:

    Аўчыннікава, Р. І. Апчак : гісторыя адной вёскі. Мінск, 2016. 169 с.

    Дзядзічкіна, Н. Я. Малыя Лясковічы. Была такая вёска...: гістарычны нарыс. Брэст, 2015. 269 с.

    Кажамяка, У. С. Старожня і Сычоўка. Мінск, 2017. 339 с.

    Пейган, М. А. Сяло ля Башты: Гісторыя в. Сялец Бярозаўскага раёна. Мінск, 2003. 116 с

    Пейган, М. А. Ад Мормажава да Залесся: вескі Сялецкага прыхода: гістарычны нарыс. Мінск, 2017. 361 с.

    Пракаповіч, І. Назвы нашых мясцін. Мінск, 2013. 192 с.

Цікавы праект падрыхтавалі вучні Турэц-Баярскай школы Маладзечанскага раёна пад кіраўніцтвам настаўнікаў Р. Гарбачэўскай і Д. Радвіловіча. Яны склалі слоўнічак мікратапанімаў ваколіц роднай вёскі, зрабілі іх фотаздымкі, высветлілі паходжанне і гісторыю. Для яго зладавана і адмысловая геаграфічна-камп’ютарная візуалізацыя.

Падобныя працы, безумоўна, важныя і каштоўныя, аднак нярэдка маюць паўаматарскі і фрагментарны характар. Часам ім бракуе доказнасці, грунтоўнасці, маштабнасці, рэпрэзентатыўнасці.

Ёсць на тэму мікратапонімаў, натуральна, і навуковыя выданні, класічныя працы, напрыклад:

    Адамовіч, Я.М. Мікратапанімічныя назвы / пад рэд. Ф. Янкоўскага. Мінск, 1971.

    Мезенко, А.М. Урбанонимия Белоруссии. Минск, 1991.

    Мезенка, Г.М. Вiцебшчына ў назвах вуліц: у 2 ч. Віцебск, 2008.

    Микротопонимия / отв. ред. О. С. Ахманова. М.: Изд-во Моск. ун-та, 1967.

    Stewart, G. R. Names on the Land: A Historical Account of Place-Naming in the United States. New York, 1945.

Былі падрыхтаваны і дысертацыі (гл. дадатак).

І вось, нарэшце, доўгачаканая падзея – з’явілася вялікая, сінтэтычная падагульняльная праца, якая запоўніла лакуну ў беларускай навуцы. 15 снежня 2017 г. Вадзім Шклярык абараніў дысертацыю на тэму «Мікратапанімія Усходняга Палесся: лінгвагеаграфічны і лексіка-семантычны аспекты». Рэдакцыя Philology.by прысутнічала на абароне і сцвярджае, што ўсё прайшло крута.

Вадзім Шклярык сцісла і даходліва прадставіў вынікі даследавання. Прыемнай асаблівасцю стала нясумная прэзентацыя.

Апанентамі па дысертацыі былі спецыялісты па гісторыі беларускай мовы, анамастыцы і дыялекталогіі: прафесар кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта І. А. Гапоненка і дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Н. А. Багамольнікава. Навуковы кіраўнік – І. Л. Капылоў, дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».

В. А. Шклярык і І. Л. Капылоў

Дысертацыя каштоўная па некалькіх прычынах. Аўтар сістэматызаваў вялізны фактычны матэрыял – каля 30 тысяч найменняў. Яны былі сабраны ў палявых умовах падчас анамастычных экспедыцый на Усходняе Палессе, а таксама шляхам выбаркі з даступных друкаваных і рукапісных крыніц (слоўнікаў, манаграфій, артыкулаў, падборак мікратапонімаў і інш.). Заўважым, што аўтар і сам некалькі разоў ездзіў у шэраг раёнаў Гомельскай і Мінскай абласцей і ўласна зафіксаваў 2055 мікратапонімаў.

Дысертант вызначыў паходжанне мікратапонімаў Усходняга Палесся праз іх супастаўленне з агульнымі назоўнікамі. Таксама ўдалося знайсці цікавыя выпадкі палісеміі. Так, хутар сустракаецца ў некалькіх значэннях: ‘населены пункт’, ‘урочышча’, ’лес ’, ’забалочанае месца’, ’поле ’. Лексема поле ўжываецца не толькі для абазначэння раллі, ворыва, але і лесу. Слова пасёлак заўважана ў складзе назваў забалочаных мясцін.

В. А. Шклярык зрабіў сапраўды новае каштоўнае мультыдысцыплінарнае даследаванне, якое выканана з улікам апошніх дасягненняў тапанікі і анамастыкі. З вынікамі можна больш падрабязна азнаёміцца ў аўтарэфераце і манаграфіі.

Дадатак. Некаторыя працы па мікратапаніміі

Вольга Гарыцкая, Мікіта Супрунчук

Спадабаўся допіс? Атрымлівайце абвяшчэнні пра новы матэрыял праз RSS Philology.BYRSS або RSS Philology.BYEmail!
Нравится