За манаграфію «Мікратапанімія Усходняга Палесся ў кантэксце развіцця рэгіянальнай лексічнай сістэмы» (Мінск: Беларус. Навука, 2017. – 196 с.) Вадзім Шклярык атрымаў прэмію ў намінацыі «Лепшая навуковая работа маладых вучоных». Ганарымся!
Публікуем рэцэнзію на кнігу.
Міхайлаў, П. Пра мікратапонімы Усходняга Палесся грунтоўна, кваліфікавана, даходліва / П. Міхайлаў // Роднае слова. – 2017. – № 9. – С. 47–48. – Рэц. на кн.: Шклярык, В. А. Мікратапанімія Усходняга Палесся ў кантэксце развіцця рэгіянальнай лексічнай сістэмы / В. А. Шклярык ; навук. рэд. I. Л. Капылоў. – Мінск : Беларус. навука, 2017. – 196 с.
Апошнім часам у нашай краіне актыўна ажыццяўляюцца анамастычныя даследаванні. Пра гэта сведчыць выданне спецыяльнай літаратуры, навучальных дапаможнікаў, публікацыі ў перыядычным друку і інш. Анамастыка знаходзіць шырокае практычнае прымяненне ў лінгвістычных, гістарычных і геаграфічных навуках. Аднак па-ранейшаму ёсць многа нераспрацаваных пытанняў, вывучэнне якіх неабходнае для сучаснай навукі і штодзённай грамадскай практыкі. Менавіта такой нявырашанай праблемай заставалася вызначэнне лексіка-семантычных асаблівасцей мікратапонімаў Усходняга Палесся, якой прысвяціў сваю манаграфію навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Вадзім Шклярык.
Кніга складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў, заключэння, спіса прынятых скарачэнняў і ўмоўных абазначэнняў, спіса выкарыстанай літаратуры (269 найменняў), алфавітных паказальнікаў апелятываў і мікратапонімаў, спіса інфарматараў (86 асоб). У першым раздзеле «Усходняе Палессе ў кантэксце рознааспектных даследаванняў» асвятляюцца гістарычныя перадумовы фарміравання этнаграфічных прыкмет і асаблівасцей маўлення мясцовых жыхароў, тэрытарыяльная дыферэнцыяцыя гаворак, тэарэтычныя праблемы вывучэння мікратапаніміі, аналізуюцца працы папярэднікаў-анаматолагаў, характарызуюцца крыніцы і склад разгледжаных мікратапонімаў. Кампетэнтны аналіз гістарычных, этнаграфічных і лінгвістычных даследаванняў, прысвечаных апісанню побыту, традыцыйных заняткаў, духоўнай культуры і маўлення мясцовага насельніцтва, дазволілі В. Шклярыку доказна пацвердзіць неаднароднасць гістарычна-этнаграфічнага ўтварэння Усходняга Палесся і аб’ектыўнасць вылучэння на гэтай тэрыторыі трох рэгіёнаў – Мазыршчыны, Тураўшчыны і Случчыны. Дарэчы, іх пэўная супрацьпастаўленасць у далейшым пераканаўча пацверджана аўтарам і на прыкладзе мікратапаніміі краю. Асноўную ролю ў фарміраванні гэтага своеасаблівага гістарычна-этнаграфічнага рэгіёна Беларусі мелі, на думку даследчьіка, «узаемадачыненні і ўзаемаўплывы славянскага племені дрыгавічоў і балтаў, утварэнне і заняпад Тураўскага княства, працяглае існаванне Слуцкага княства, перыядычныя змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле», а таксама «мясцовыя прыродна-геаграфічныя умовы» (с. 37).
Другі раздзел называецца «Мікратапонімы Усходняга Палесся, паходжанне якіх звязана з адметнасцямі ландшафту краю». Тут паасобку аналізуюцца найменні, суадносныя з назвамі высокіх і нізкіх месцаў. Аб’ектам аналізу сталі мікратапонімы, суадносныя з апелятывамі гара, востраў, града, груд, курган, грыва; балота, мох, тапіла, луг, балонь, пель, бель, даліна, лог, лагчына, плаў, поплаў, суплаў, плёса, язвіна, струга, смуга, выжар. Кампетэнтны аналіз сабранага тапанімічнага матэрыялу выявіў, што «самымі прадуктыўнымі ўтваральнымі базамі для мясцовых найменняў дробных геаграфічных аб’ектаў з’яўляюцца агульнавядомыя на ўсходнепалескай тэрыторыі апелятывы гара, востраў, града і груд» (с. 84), якія характарызуюць участкі з пастаяннай магчымасцю іх сельскагаспадарчага выкарыстання. Разам з тым даследчык выявіў, што «мікратапонімаў, у аснове якіх ляжаць апелятывы востраў і груд, на Случчыне зафіксавана менш, чым у іншых усходнепалескіх мясцовасцях» (с. 84), і абгрунтавана тлумачыць гэта паступовым змяненнем семантыкі названых слоў у рэгіёне або выцясненнем іх сінанімічнымі адзінкамі, таксама прычынай могуць быць ландшафтныя адрозненні паміж асобнымі ўсходнепалескімі рэгіёнамі. У гаворках Усходняга Палесся шырока вядомы і шматзначныя апелятывы балота, мох, луг, поплаў, плёса і струга. Аднак полісемія гэтых слоў істотна ўскладніла задачу іх этымалагізацыі і прымусіла прапанаваць некалькі варьіянтаў анімізацыі апелятываў, што абсалютна абгрунтавана: канчатковае рашэнне па такіх складаных пытаннях можна прымаць толькі пасля аналагічнага вывучэння мікратапонімаў на ўсім абшары Беларусі. Важным набыткам навукоўца стала выяўленне рэгіянальных адметнасцей тэрытарыяльнага пашырэння асобных апелятываў у межах даследаванага рэгіёна, Так, устаноўлена, што апелятываў балонь, бель, даліна, плаў, сплаў/суплаў, язвіна на Случчыне амаль няма. Гэта, на думку аўтара, абумоўлена «як выцясненнем указаных слоў сінонімамі, так і (што больш верагодна і натуральна), адрозным ландшафтным малюнкам у межах розных рэгіёнаў Усходняга Палесся» (с. 85). На Тураўшчыне не выкарыстоўваецца ў анімізацыі апелятыў пель, бо там «слова пель ужываецца толькі ў значэнні ‘палонка’ і ландшафтнай характарыстыкі не ўтрымлівае» (с. 86), а апелятыў лог вядомы переважна на Случчыне і часткова на Мазыршчыне (с. 72), дзе як альтэрнатыва слову лог пашыраны апелятыў даліна.
У трэцім раздзеле «Мікратапонімы Усходняга Палесся, паходжанне якіх звязана з практычнай дзейнасцю насельнікаў краю» разглядаецца аб’ёмны інвентар найменняў, суадносных з назвамі зямельных участкаў і іншай земляробчай лексікай, а таксама з агульнымі назвамі паселішчаў і іх частак. У залежнасці ад значэння апелятываў, якія сталі асновай наймення дробных геаграфічных аб’ектаў, асобна аналізуюцца мікратапонімы, матываваныя назвамі распрацаваных пад угоддзі лясных участкаў, колішніх мер зямлі і межавых аб’ектаў. У выніку выяўлены шырокі спектр словаўтваральных баз і іх семантыкі. Як і ў папярэднім раздзеле, шляхам сінхранічна-дыяхранічнага аналізу ўстаноўлена арэальная дыферэнцыяцыя асобных апелятываў, іх абмежаванае ўжыванне ў тым ці іншым рэгтёне і, па магчымасці, названы прычыны такой неаднастайнасці анімізацыі (ляда, чарцёж, старына, морг, сценка і інш.). На думку аўтара, на фарміраванне сучаснага ўсходнепалескага лінгвагеаграфічнага ландшафту істотна паўплывалі фактары не толькі ўнутрымоўныя, але і прыродна-геаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя, напрыклад знікненне падсечнага спосабу апрацоўкі зямлі. Існаванне ў пэўны гістарычны перыяд Слуцкага княства, што пераканаўча пацвярджаецца комплексным навуковым аналізам сабранага фактычнага матэрыялу. У выніку зроблена дастаткова абгрунтаванае заключэнне аб мэтазгоднасці «вылучэння Случчыны ў якасці асобнага гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна, гаспадарча-бытавы і культурны ўклад насельнікаў якога непарыўна звязаны з Усходнім Палессем» (с. 163).
Асобна як станоўчую рысу варта адзначыць наяўнасць у манаграфіі 14 карт. На 4 картах паказаны тэрыторыі Усходняга Палесся, рассялення дрыгавічоў у XI–XIII стст., Тураўскага і Слуцкага княстваў, а таксама Мазыршчыны, Тураўшчыны, Случчыны. На 10 лінгвістычных картах адлюстравана пашырэнне на даследаванай тэрыторыі найбольш цікавых з навуковага пункту гледжання апелятываў і суадносных з імі мікратапонімаў.
Праведзенае В. Шклярыкам даследаванне мікратапаніміі Усходняга Палесся вылучаецца глыбокім аналізам сабранага матэрыялу (больш за 30 тысяч найменняў), улікам шырокага спектра пазамоўных фактаў, якія ўплывалі на фарміраванне назваў дробных геаграфічных аб’ектаў, уважлівым стаўленнем да кожнага моўнага факта і кожнай выказанай папярэднікамі думкі. У шэрагу выпадкаў аўтар слушна прапануе варыянтныя матывацыі анімізацыі асобных апелятываў, што абумоўлена недахопам фактаў для канчатковай этымалагізацыі канкрэтнай назвы. Манаграфія напісана добрым навуковым стылем, не абцяжарана спецыяльнай тэрміналогіяй, мае стройную лагічную будову, чытаецца лёгка і захапляльна. Яна сведчыць пра з’яўленне ў айчынным мовазнаўстве кваліфікаванага і дасведчанага анаматолага. Кніга стане незаменным дапаможнікам і ўзорам для школьных настаўнікаў і вучняў, якія цікавяцца мікратапаніміяй роднага краю, пры напісанні імі навуковых прац на раённыя, абласныя і рэспубліканскія конкурсы.