Аглядальнік газеты “Культура” Юрый Чарнякевіч, абараніўшы сёлета кандыдацкую дысертацыю “Агульнасць і арэальная дыферэнцыяцыя беларускіх пераходных гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны”, вырашыў працягнуць збіранне моўнага матэрыялу ў сваім родным Заходнім Палессі дзеля падрыхтоўкі новых прац па беларускай дыялекталогіі. Рэдакцыя сайта Philology.by шчыра вітае вяртанне вопытнага даследчыка да палявой работы і перадрукоўвае нататку пра адзін з яго апошніх выездаў.
* * *
Мая жонка жартам кажа, што марыць дажыць да ўлюбёнага мной узросту 75+. А ўсё таму, што я часцяком імкнуся выбрацца ў вёску, каб збіраць-запісваць там дыялектныя словы ад старых бабуль — тых, якія сваю мясцовую гаворку найбольш поўна захавалі і гатовы ёй падзяліцца з любым ахвочым. Абы нехта слухаў.
Вось днямі яшчэ раз выправіўся “да бабэй” — з’ездзіў на любую сваю Піншчыну, у вёскі Купяцічы і Вылазы. Вёскі, дарэчы, не простыя, а знакамітыя. У Купяцічах яшчэ ў XVII стагоддзі быў заснаваны мужчынскі праваслаўны манастыр, дзе потым служылі такія святары, як брэсцкі ігумен Афанасій Філіповіч і пінскі ігумен Макарый, а ў Вылазах, якія колісь Жыгімонт І падарыў сваёй жонцы каралеве Боне, дасюль стаіць старадаўняя драўляная царква канца XVIII стагоддзя, пабудаваная яшчэ ўніятамі. Так што працы ў гэтых паселішчах хопіць не толькі дыялектолагам, але і этнографам, і гісторыкам, і краязнаўцам, і работнікам культуры.
Да сельскага Дома культуры ў Купяцічах, на жаль, я так і не дайшоў, памяняўшы скупы журналісцкі хлеб на яшчэ больш скупы дыялекталагічны. І цэлы дзень, скурчыўшыся на лаве, — побач аркушы паперы, дыктафон, запасныя ручкі і алоўкі — “лавіў” на вуха гаворку купяціцкай 86-гадовай бабы Веры з цікавым прозвішчам “Іголка”. Пасля запісваў што-нішто ў свой апытальнік і, натуральна, на дыктафон. А бабка, не перапыняючы са мной гутаркі, перабірала ў гэты час “пасолю” (фасолю), кажучы котцы, якая ўладкавалася пад ложкам, “нэ гэлэндаты” (не крычаць), бо з-за яе шуму я многага недачуваў.
Перабірала бабка пасолю і, канечне, расказвала. Як яна засталася адна, бо “батько побывса об лэд”, калі будаваў мост праз раку, як яна сама ледзь не патанула зімой у палонцы і “бігла додому, коб нэ змэрзнуты”, як выгадавала трох сыноў і дачку, якія “тэпэр хто в Пыньску, хто в Парохоньску, а хто й тут жывэ”. І што яна, хоць і старая, але спявае ў царкве, і яшчэ вучыць маладых, як трэба і дзе не трэба цягнуць тыя ці іншыя словы. А іначай размова ў яе з маладымі кароткая: “Кажу ім — стыхны! Мовчы! — Хай шчэ постояць ды нас, старых, послухаюць, як трэбо споваты в цэркві”…
А ў Вылазах 79-гадовая баба Таня (па-мясцоваму “Полховска”) расказвала пра “тяжкую жызню”, пра тое, што “годаватымэть хворого сына”, што “ўпала з ложка да побыласа”, паказваючы пабітыя вусны на твары, што “в сэлі ранішэ бало много людэй, а тэпэр і хатэй ныма, і людэй”… І што бацьку яе звалі па-вулічнаму “Чомбра”, бо ён любіў доўга гаварыць як з суседзямі, так і з незнаёмымі людзьмі “як той Чэмбэрлен па радзіві”. Вось таму яго так і назвалі.
Так, вандруючы па вёсках, я даведаўся, што “поўх” гэта па-палеску “крот”, “журка” — “куртка” ці “фуфайка”, “осылэнэц” — “селядзец”, а “румынкі” — гэта не жанчыны з Румыніі, як можа хтосьці падумаць, а жаночыя чаравікі. Але самае галоўнае, што “чарняк” — гэта “сіняк” на твары. І значыць, мой продак, ад якога пайшлі ўсе Чарнякевічы, досыць часта хадзіў па вёсцы з сінякамі, за што і займеў спачатку мянушку, а пазней і прозвішча. Спадзяюся, меў ён тыя “чарнякі” з-за сваёй ганарыстасці і незалежнасці характару, а не па іншых, побытавых, прычынах.
Вяртаешся назад у Пінск, а ў вушах яшчэ стаіць палеская гаворка. І так дзіўна чуць не гэтую, а іншую мову ў аўтобусе і на вуліцах — нібыта ты вярнуўся з далёкага замежжа, а не праехаў 9 кіламетраў ад горада. І палеская гаворка, як быццам пачуўшы твае думкі, зноў загучыць — гэтым разам каля самага пад’езда роднага дома. Загучыць дзіўным чынам, калі мясцовы і знаёмы табе пажылы сусед, павітаўшыся з табой, развернецца да свайго прыяцеля і скажа яму: “А Танька шчо, ажно до Гродна пойіхала?”
Сяджу цяпер у Мінску, набіраю на камп’ютары тэкст, але думаю пра бабу Таню і бабу Веру, нібыта Маленькі прынц пра сваю кветку. Я да вас абавязкова вярнуся. Як вярнуўся і ён да сваёй кветкі. Абяцаю.