Манаграфіі, прысвечаныя гаворкам пэўнага рэгіёна, выходзяць у Беларусі нячаста, прыкладна раз на 10 гадоў. Дый такіх аўтараў – прафесійных дыялектолагаў, якія рэгулярна выязджаюць у экспедыцыі, – у нас можна пералічыць па пальцах дзвюх рук. Таму праігнараваць з’яўленне кнігі кандыдата філалагічных навук Юрыя Чарнякевіча «Гаворкі паўночна-ўсходняй Брэстчыны» было б недаравальна:
Чарнякевіч Ю. В. Гаворкі паўночна-ўсходняй Брэстчыны / пад навук. рэд. П. А. Міхайлава. – Мінск: РІВШ, 2024. – 174 с.
Праца ўяўляе сабой тэарэтычны дадатак да выдадзенага ў 2009 годзе гэтым жа аўтарам «Атласа гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны» (змяшчае 365 карт). Акрэслены рэгіён уключае ў сябе тэрыторыю Івацэвіцкага, Баранавіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці. У дыялектным плане гэта сумежжа гродзенска-баранавіцкіх, слуцка-мазырскіх і заходнепалескіх гаворак, дзе адны і тыя ж моўныя з’явы часта маюць рознае ўвасабленне. Адсочваць гэта па картах Юрыя цікава і захапляльна. Ну а цяпер пра ўсё гэта можна яшчэ і пачытаць.
Важная дэталь – увесь матэрыял для свайго даследавання аўтар сабраў уласнаручна. Згодна з пададзенымі ў атласе звесткамі, у 2006–2007 гадах падчас сваіх экспедыцый Юрый наведаў 64 (!) населеныя пункты, у тым ліку асобныя вёскі ў Пружанскім, Бярозаўскім і Пінскім раёнах Брэсцкай вобласці, у Слонімскім і Зэльвенскім раёнах Гродзенскай вобласці, у Клецкім раёне Мінскай вобласці. У якасці інфармантаў пералічаны 111 (!) чалавек – мясцовых бабуль пераважна 1920–1930-х гадоў нараджэння.
Крыху засмучае, што манаграфія выдадзена накладам усяго ў 50 асобнікаў, прычым за ўласныя сродкі аўтара. Так, выданне навуковае, спецыфічнае, але ж цікавае яно будзе не толькі беларускім даследчыкам, а і шматлікім замежным, прынамсі ў славянскіх краінах. Таму пару соцень асобнікаў, мяркую, знайшлі б сваіх удзячных чытачоў. Па інфармацыі аўтара, набыць манаграфію, магчыма, можна будзе ў сталічнай «Акадэмкнізе».