Колькі тыдняў таму не надта заўважна прайшла навіна пра выхад новай манаграфіі польскага беларусіста Міраслава Янковяка – гэтым разам пра беларускія гаворкі ў Варэнскім раёне Літвы (мяжуе са Шчучынскім і Воранаўскім раёнамі Гродзенскай вобласці). Важнасці гэтай навіне дадае тое, пра што аўтар сціпла змаўчаў: усяго такіх кніг плануецца выдаць шэсць – па кожным раёне Літвы, дзе ёсць беларускія гаворкі (Варэнскі, Шальчынінкайскі, Вільнюскі, Тракайскі, Швянчонскі, Ігналінскі). Прычым усе гэтыя кнігі будуць утрымліваць матэрыялы нядаўніх экспедыцый даследчыка.

Але зрабіць гэты допіс мяне прымусіла іншае. Рэч у тым, што на працягу 15 гадоў арыгінальныя манаграфіі Міраслава, прысвечаныя беларускім гаворкам за мяжой, выйшлі з друку ўжо ў трох краінах. У 2009 годзе была Польшча, у 2018 і 2022 гадах – Чэхія, у 2023-м – Літва. Пры жаданні да гэтага спісу можна дадаць яшчэ Расію, дзе ў 2015 годзе быў надрукаваны пераклад на беларускую мову першай манаграфіі навукоўца («Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі. Сацыялінгвістычнае дасьледаваньне»).

І ўсё гэта зроблена адным чалавекам, які па-ранейшаму поўны ідэй і планаў што да вывучэння беларускіх гаворак. Сапраўдны замежны філіял аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі нашага Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў адной асобе. Цэнім і шануем, але, напэўна, усё ж недастаткова – рэцэнзій на згаданыя працы Міраслава ў беларускіх навуковых часопісах за гэтыя гады набярэцца хіба пару штук.

* * *

Новая манаграфія напісана на польскай мове і даступна бясплатна па гэтай спасылцы. Акрамя агульнай характарыстыкі беларускіх гаворак у Варэнскім раёне Літвы кніга ўтрымлівае падзелены на тэматычныя блокі слоўнічак, дыялектныя тэксты і карты. Упрыгожваюць выданне якасныя каляровыя фотаздымкі. Асабіста мне не хапіла агульнага індэксу слоў у канцы кнігі, але гэта дробязь. Ну і хацелася б некалі атрымаць магчымасць паслухаць фрагменты экспедыцыйных аўдыязапісаў.

 

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар