У апошнія дні верасня ў Лельчыцкі раён з Мінска была накіравана дыялекталагічная экспедыцыя, удзельнікамі якой сталі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі В. І. Васілеўская і В. А. Шклярык, а таксама выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта А. І. Копач. Гаворкі жыхароў гэтай часткі Гомельскай вобласці адносяцца да паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы і мазырскай групы гаворак у яго складзе. Сярод характэрных моўных асаблівасцей рэгіёна даследчыкамі вылучаюцца наступныя: вымаўленне [о] на месцы [а] (вода́, коро́ва замест вада́, каро́ва), вымаўленне [у] на месцы [ы] (му, ву́піў замест мы, вы́піў), ужыванне -са ў зваротных дзеясловах (мы́ўса, нае́ўса замест мы́ўся, нае́ўся), выкарыстанне асобных слоў, не ўласцівых беларускай літаратурнай мове (напрыклад, нябо́га ‘пляменніца’, чо́баты ‘боты’) і інш.

Вывучэнню моўнага ландшафту Лельчыцкага і суседніх раёнаў прысвечана не адна праца як айчынных, так і замежных (найперш украінскіх) спецыялістаў. У гэтым плане дастаткова прыгадаць такія буйныя праекты, як «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (1993—1998), «Лексичний атлас правобережного Полісся» М. В. Ніканчука (1994), выданне «Лексіка гаворак Беларускага Прыпяцкага Палесся: атлас, слоўнік» (2008), у якіх знайшлі адлюстраванне шматлікія адметнасці мясцовых гаворак. Разам з тым лакальная моўная сістэма не застаецца нязменнай, яна ўвесь час развіваецца і зазнае тыя або іншыя ўплывы. Па гэтай прычыне праверка наяўных звестак для выяўлення таго новага, што з’явілася ў гаворках за апошнія дзесяцігоддзі, была і будзе адной з прыярытэтных задач для даследчыкаў, асабліва ў святле стварэння ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа «Зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак».
 


 
У першы дзень удзельнікі накіраванай у Лельчыцкі раён экспедыцыі працавалі ў вёсках Дуброва і Данілевічы, у якіх дзякуючы дырэктару Дуброўскага сельскага дома культуры С. С. Шукаловіч удалося пазнаёміцца з цікавымі і гаваркімі мясцовымі жыхарамі А. У. Астаповіч, В. А. Астаповічам, К. А. Герман, А. М. Карась, зрабіць адпаведныя запісы, а таксама пабачыць багатыя калекцыі рукадзельных вырабаў. Прыемнай нечаканасцю абярнулася наведанне вёскі Жмурнае: гаворка, пачутая ад З. А. Сечка і А. Ф. Луцкай, выбіваецца сярод запісаў, зробленых у іншых населеных пунктах Лельчыцкага раёна, большай набліжанасцю да ўкраінскай мовы. Гэты факт, думаецца, заслугоўвае дадатковага вывучэння.
 

 
Другі дзень экспедыцыі стаў рэкордным па колькасці апытаных людзей. У вёсцы Стадолічы бібліятэкар Н. М. Прыбалавец арганізавала сустрэчу з мясцовымі жыхаркамі Д. А. Калеснік і К. М. Малец, а ў вёсцы Астражанка дзякуючы намаганням загадчыцы сельскага клуба — бібліятэкі Т. А. Цалка і старэйшыны вёскі В. У. Рэберт атрымалася запісаць узоры гаворкі ажно ад шасці старажылаў: В. І. Нерад, Т. А. Прыкота, Я. К. Голік, Н. С. Багдановіч, В. Я. Прыкота і Г. П. Швед. Акрамя таго, у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі для алічбоўкі былі перададзены аўдыякасеты з успамінамі астражанцаў пра Вялікую Айчынную вайну.
 

 
Рэкорд трэцяга дня экспедыцыі — у колькасці наведаных населеных пунктаў. У вёсцы Баравое загадчыца бібліятэкі Г. Б. Шастак за кароткі прамежак часу дазволіла папоўніць калекцыю запісаў маналогамі чатырох мясцовых жыхарак: К. Я. Дзямковай, Т. М. Тарасавец, М. І. Тарасавец і М. А. Шастак. З былым настаўнікам Р. С. Гаўрылаўцом у вёсцы Мілашавічы ўдалося сустрэцца дзякуючы дапамозе в. а. дырэктара сельскага дома культуры В. В. Ашарчук. Вёска Глушкавічы ў экспедыцыйных запісах аказалася прадстаўлена гутаркай з А. І. Кабанавай, чаму паспрыяў дырэктар Глушкавіцкага культурна-спартыўнага цэнтра А. П. Гапановіч. Сустрэчу з вядомым у вёсцы Сіманічы старажылам і рукадзельніцай В. Д. Астаповіч арганізаваў дырэктар Сіманіцкага цэнтра культуры і вольнага часу В. С. Хвацік.
 

 
У цэлым экспедыцыя атрымалася даволі плённай, што стала магчымым дзякуючы ўсебаковай падтрымцы і каардынацыі з боку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лельчыцкага райвыканкама Н. Ф. Гаўрылавец, галоўнага спецыяліста аддзела Г. А. Лісіцкай і намесніка дырэктара ДУ «Лельчыцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Н. М. Некрашэвіч. Важным момантам у падобных паездках з’яўляецца магчымасць хуткага і зручнага перамяшчэння па тэрыторыі раёна, таму выдзелены Лельчыцкім райвыканкамам мікрааўтобус з вадзіцелем У. У. Каленкам стаў дарэчнай падмогай для даследчыкаў. Усяго цягам трох дзён удалося наведаць 9 вёсак, запісаць на дыктафон гаворку 19 мясцовых жыхароў (агулам каля 17 гадзін), а таксама некалькі соцень назваў урочышчаў. Зробленыя запісы будуць адлюстраваны ў выданнях «Беларуская дыялекталогія» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона», а ў аўдыяфармаце — у нацыянальным гукавым фондзе беларускай мовы, які будзе змешчаны ў інтэрнэце.
 

 

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар