Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі абвясціў вынікі конкурсу на лепшыя навуковыя публікацыі за 2017 год.
У шорт-лісце секцыі гуманітарных навук былі:
- Алесь Бельскі. Беларуская літаратура ў кантэксце традыцый і сучаснасці. – Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2017. – 344 с.
- Уладзімір Гніламедаў, Мікола Мікуліч. Літаратура. Гісторыя. Свядомасць : гісторыка-літаратурны нарыс. – Мінск: Беларуская навука, 2017. – 387 с.
- Вадзім Шклярык. Мікратапанімія Усходняга Палесся ў кантэксце развіцця рэгіянальнай лексічнай сістэмы. – Мінск: Беларуская навука, 2017. – 196 с.
- Іван Штэйнер. Смехъ зъ болѣстію смешанъ будеть: смехавыя традыцыі Рэнесансу ў сатырычнай літаратуры ХХ стагоддзя. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2017. – 129 с.
Як вы думаеце, хто перамог?
У сваім фэйсбуку Андрэй Казакевіч, старшыня аргкамітэта Кангрэса, адзначыў:
У конкурсе на лепшую манаграфію ў спаборніцтве з акадэмікамі і дактарамі перамагла кніга Vadzim Shkliaryk. Пры гэтым са значным і пераканаўчым адрывам (64 балы, іншы бліжэйшы бал 45). Прыемна, што статусы акадэмічнай іерархіі не сталі перашкодаю прафесійнага прызнання.
Гэта не першая ўзнагарода Вадзіма Шклярыка. У мінулым годзе кнігу прызналі «лепшай навуковай работай маладых вучоных» на конкурсе НАН РБ, прысвечаным Году навукі.
Пра даследаванне «Мікратапанімія Усходняга Палесся ў кантэксце развіцця рэгіянальнай лексічнай сістэмы» мы пісалі тут. На нашым сайце ёсць і рэцэнзія на кнігу.
Віншуем Вадзіма і жадаем яму новых вялікіх дасягненняў!