Чарговая экспедыцыя супрацоўнікаў аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, гэтым разам у Чавускі раён Магілёўскай вобласці (з 17 па 21 чэрвеня), пачалася з не вельмі добрых знакаў. Сапсаванае кола ў маршрутцы, нежаданне міліцыянера пускаць у Чавускі райвыканкам у шортах, каля дзвюх гадзін чакання заказу ў мясцовым кафэ… Парадавалі хіба нязвыклыя для шараговых акадэмічных супрацоўнікаў нумары ў гасцініцы, якія, аднак, тут жа расчаравалі адсутнасцю кандыцыянераў, маскітных сетак на вокнах і перабоямі з вадой па вечарах.

 

 

Тым не менш саму экспедыцыю ўдалося арганізаваць на нармальным узроўні. Намесніцы старшыні Чавускага райвыканкама Таццяне Мікалаеўне Радзівілінай (філолагу па адукацыі) не прыйшлося доўга тлумачыць спецыфіку і неабходнасць нашай працы ў палях, а таму цягам трох дзён мы былі забяспечаны транспартам і падтрымкай аддзела адукацыі і сектара культуры. За гэты час атрымалася наведаць такія населеныя пункты Чавускага раёна, як Антонаўка, Ваўкавічы, Вусце, Галавенчыцы, Заложжа, Радамля, Радучы, Сутокі, Усушак, Хамянкі, Шапярэва, дзе былі запісаны ўзоры маўлення 23 інфармантаў-старажылаў.

 

 

Мясцовая гаворка ў немалой ступені падобная да сучаснай беларускай літаратурнай мовы (фрагменты некалькіх запісаў прадстаўлены ніжэй). З адрозненняў вуха адразу вылоўлівае ўжыванне дзеясловаў І спражэння ў форме 3-й асобы адзіночнага ліку з канчаткам -ць (жывець, ідзець і інш.), а дзеясловаў ІІ спражэння ў той жа форме — без такога канчатка (прося, ходзе і інш.). (Адразу ўспомнілася вычытаная на адным з форумаў вясёлая гісторыя пра род Ябецевых.) Часта чуваць тут і мяккі гук р (гаворя, згарела і інш.), з-за чаго гаворкі Магілёўшчыны часам называюць мяккаэрымі. Сустракаюцца, натуральна, іншыя асаблівасці, якія падрабязна будуць ахарактарызаваны пасля расшыфроўкі зробленых запісаў.

 

 

Аднак дыялекталагічная экспедыцыя — гэта не толькі размовы з інфармантамі-старажыламі. Ходзячы па хатах, немінуча сутыкаешся з фактамі мясцовай матэрыяльнай культуры і традыцыямі. У вёсцы Сутокі, напрыклад, зайшоўшы ў госці да 91-гадовай бабулі, звярнуў увагу на раскіданую па падлозе траву. Падумаў быў адразу, што ў такім узросце гаспадыні цяжка, відаць, падтрымліваць парадак у хаце. Аднак у наступнай бабулі — 83-гадовай, у вёсцы Галавенчыцы — убачыў яшчэ больш такой травы. Патлумачылі: у іх такі звычай на Сёмуху — раскідваць явар (так тут называецца гэтая трава) па падлозе і пакідаць яго на тры дні, пасля чаго збіраць і аддаваць скаціне.

 

 

Трапляюцца ў хатах таксама старыя іконы, старадрукі, вышыўка, традыцыйныя сямейныя фотазборы ў рамках…

 

 

Работнікі культуры раёна стараюцца паказаць сталічным гасцям з Акадэміі навук і лакальныя музейныя экспазіцыі. Так, у суправаджэнні Людмілы Канстанцінаўны Кавалёвай, загадчыцы Вусцянскага культурна-спартыўнага цэнтра, мы з задавальненнем паглядзелі сабраную ёй багатую калекцыю прадметаў матэрыяльнай культуры з навакольных вёсак.

 

 

Між іншым лічу грахом для ўдзельнікаў дыялекталагічных (і ўсіх астатніх) экспедыцый ігнараванне раённых гісторыка-краязнаўчых музеяў, якія і так не могуць пахваліцца натоўпамі наведнікаў. Сувеніры там, канешне, так сабе, а вось экспанаты часам трапляюцца цікавыя. Чаго толькі варты выстаўлены ў Чавускім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі партрэт беларускага лексікографа Івана Іванавіча Насовіча (1788—1877), якога дзеляць паміж сабой два раёны Магілёўшчыны — Чавускі (дзе вучоны нарадзіўся) і Мсціслаўскі (дзе жыў і працаваў).

 

 

Пад канец традыцыйна адзначу, што зробленыя запісы будуць адлюстраваны ў выданнях «Беларуская дыялекталогія» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона», а ў аўдыяфармаце — у нацыянальным гукавым фондзе беларускай мовы, які будзе змешчаны ў інтэрнэце.

 

Аўтары фотаздымкаў: Ірына Галуза, Вадзім Шклярык

Кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. Навуковыя інтарэсы: лексікалогія і лексікаграфія, анамастыка, дыялекталогія.

Дадаць каментар